Валер Карбалевіч: «Заклік Пуціна да перамоваў з апазіцыяй – гэта тролінг Лукашэнкі»


Уладзімір Пуцін заклікаў беларускія ўлады да перамоваў з апазіцыяй. Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць гэта ўсяго толькі тролінгам Лукашэнкі з боку кіраўніка Расеі, які помсціць беларускаму дыктатару за ўпартасць. Такую думку эксперт выказаў падчас размовы ў «Студыі «Белсат».

«Я бы гэта назваў тролінгам Лукашэнкі. Цяжка ўявіць сабе, што Пуцін сапраўды выступае за развіццё дэмакратыі ў Беларусі і за сапраўдны дыялог улады з апазіцыяй. Таму што ў самой Расеі Пуцін ставіцца да апазіцыі гэтак жа, як і Лукашэнка, то бок садзіць яе ў турму. Тут проста тролінг і тое, што на паверхню выходзіць нейкае напружанне і нейкі крызіс у адносінах паміж Менскам і Масквой, нейкі канфлікт», – выказаў меркаванне Валер Карбалевіч.

Гэты канфлікт, на думку палітолага, быў заўважаны яшчэ ў кастрычніку, а напружанасць у стасунках вынікае з таго, што Лукашэнка не выконвае тых абяцанняў, якія даваў год таму ў верасні падчас сустрэчы ў Сочы.

«Тады Пуцін падтрымаў Лукашэнку падчас крызісу ў Беларусі, падчас масавых пратэстаў, але пры ўмове, што Лукашэнка будзе ажыццяўляць транзіт улады, што Лукашэнка будзе сыходзіць. Прайшоў год – Лукашэнка ўзяў сітуацыю пад кантроль і сыходзіць не хоча», – патлумачыў эксперт.

Паводле другой версіі, супярэчнасці маглі ўзнікнуць з прычыны мігранцкага крызісу.

«Справа ў тым, што еўрапейскія палітыкі не адзін раз звярталіся да Пуціна з просьбай вырашыць мігранцкі крызіс. Пуціну гэта спадабалася, бо ён лічыць сябе «вяршыцелем» лёсаў краін рэгіёну. Спачатку ён ухіляўся а потым магчыма нешта паабяцаў. І цяпер, калі звярнуўся да Лукашэнкі – той, магчыма, заўпарціўся. Маўляў, не буду я вырашаць так, як ты наабяцаў. І ў выніку Пуцін апынуўся ў недарэчным становішчы. Ён паабяцаў, ён спрабуе граць ролю кіраўніка вялікай дзяржавы, які на роўных размаўляе з кіраўнікамі іншых вялікіх дзяржаў, а тут – не можа вырашыць такое простае пытанне з залежным ад яго саюзнікам. І Пуціну гэта зусім не да спадобы. І гэты тролінг ёсць помстай за тую ўпартасць, якую дэманструе Лукашэнка», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Цалкам размову з Валерам Карбалевічам можна паглядзець на «Белсаце».

Аналітыка
Ці прывядуць «хаатычныя перамовы» Еўразвязу да прызнання Лукашэнкі?
2021.11.18 19:47

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў