Ці азначаюць званкі Мэркель, што Лукашэнка «нахіліў» Еўропу?

Ангела Мэркель другі раз за апошнія дні паразмаўляла праз тэлефон з Аляксандрам Лукашэнкам пра міграцыйны крызіс на межах ЕЗ. Беларуская прапаганда цешыцца: ага, ганарлівая Еўропа ўсё ж правадыра! Хто-ніхто з ягоных ворагаў кідае камяні ў «кульгавую качку» нямецкай і еўрапейскай палітыкі: нельга, маўляў, расшарквацца перад дыктатарам. А Масква на гэтым фоне пачынае прэтэндаваць на ролю медыятара ў пераадоленні крызісу. Піша Аляксандр Класкоўскі для vot-tak.tv.

Давайце паспрабуем разабрацца ў гэтай шматслаёвай сітуацыі. Хто па факце выйграе? Ці можна весці гаворку пра легітымацыю Лукашэнкі? Ці ёсць падставы прагназаваць, што цяпер міграцыйная праблема пачне рассмоктвацца?

ПАСТАНАВІЛІ РАЗВЯЗАЦЬ ПРАБЛЕМУ З ТЫМ, ХТО ТРЫМАЕ БЕЛАРУСЬ ПАД КАНТРОЛЕМ

Апошнімі днямі стэлефаноўваліся таксама кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Бурэль і міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. Ясна, што афіцыйны Менск падае гэтыя размовы з Еўропай як сваю вялікую перамогу. Бо пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ЕЗ палічыў Лукашэнку нелегітымным, увёў санкцыі супраць рэжыму за брутальнае здушэнне пратэстаў. А цяпер паглядзіце: сама фраў канцлерын робіць, маўляў, рэверансы. Паважаюць, атрымліваецца.

У афармленні выкарыстаныя фотаздымкі POOL / Reuters / Forum і Dursun Aydemir / Pool / Hans Lucas Agency / Forum

Насамрэч міграцыйны крызіс наўрад ці спарадзіў у Еўропы светлыя пачуцці да беларускага правадыра. Але тое, што нашэсце нелегалаў спарадзіла ў яе галаўны боль, – несумненна. Так што, узважыўшы, пастанавілі развязваць праблему з тым, хто фактычна трымае Беларусь у кулаку. І хто, паводле пераканання палітыкаў Еўразвязу, акурат і стварыў яму гэтую праблему – пачаў, як там кажуць, гібрыдную вайну пры дапамозе залётных нелегалаў (найперш іракскіх курдаў).

Пры гэтым у сваіх прэс-рэлізах нямецкі бок падкрэслена называе Лукашэнку спадаром, а не прэзідэнтам. Хоць той, на версію «Bild», настойваў у гутарцы з Мэркель, каб яго прызналі легітымным кіраўніком Беларусі, каб з рэжыму знялі санкцыі і г. д. (прэс-сакратар беларускага правадыра гэтую версію адпрэчыла: «Падыманне падчас размовы такіх пытанняў ці вылучэнне такіх умоваў прынізіла б годнасць прэзідэнта Лукашэнкі»).

ПІК МІГРАЦЫЙНАГА КРЫЗІСУ МІНУЎ?

Як бы ні было, пэўны PR-ураджай Менск цяпер здымае. Але калі разабрацца, то ніякага трыумфу няма. Больш за тое, Лукашэнка, калі хочаце, апынуўся ў абцугах.

З аднаго боку, улады Беларусі наткнуліся на жорсткую пазіцыю супрацьстаяння Літвы і Польшчы, якія апынуліся на перадавым рубяжы. Тамтэйшыя сілавікі сталі без асаблівых цырымоніяў заварочваць мігрантаў, а іхнае скопішча, у сваю чаргу, пачало ствараць праблемы ўжо ўладам Беларусі.

З іншага боку, і Крэмль паслаў сігнал, каб саюзнік не пераігрываў. У прыватнасці, Уладзімір Пуцін выразна даў зразумець, што шантажаваць Еўропу перакрыццем газпромаўскай трубы – гэта ўжо залішне.

Абноўлена
МЗС Іраку: на эвакуацыйны рэйс з Беларусі зарэгістраваліся 430 чалавек
2021.11.18 12:20

У размовах з Пуціным і Мэркель Лукашэнка, напэўна, узяў на сябе нейкія абавязкі. Мы бачым, што ў выніку ўлады сталі адводзіць мігрантаў ад мяжы, даваць ім начлег, гарачае харчаванне і г. д. Зразумела, што прапаганда рэжыму падае гэта выключна як сведчанне ягонага бязмежнага гуманізму на фоне «зверстваў польскіх памежнікаў», «генацыду на мяжы». Але дэ-факта Менск ужо не мые рукі, а разграбае завал.

Істотна і тое, што ЕЗ праз галаву ўладаў Беларусі стаў працаваць з урадамі тых дзяржаваў, адкуль за апошнія месяцы мігранты хлынулі ў Беларусь з мэтаю трапіць у багатыя краіны Старога Свету, найперш Нямеччыну.

У выніку сталі згортвацца, напрыклад, рэйсы з Іраку ў Менск. «Турэцкія авіялініі», пабаяўшыся санкцыяў, перасталі браць на борт «турыстаў» з Іраку, Сірыі, Емену. Падобным чынам павялі сябе эмірацкія авіякампаніі. Сірыйская авіякампанія «Cham Wings» прыпыніла палёты з Дамаску ў Менск. І нават «Белавія», імкнучыся пазбегнуць новых непрыемнасцяў, перастала браць на рэйсы з Дубаю грамадзянаў Іраку, Сірыі, Емену ды Афганістану.

Такім чынам Еўропа стала перакрываць нелегальныя плыні. Вырошчваць жа мігрантаў у прабірках улады Беларусі пакуль, здаецца, не навучыліся.

У афармленні выкарыстаныя здымкі Fabrizio Bensch / Reuters / Forum і БЕЛТА / Forum

Пры гэтым яны вельмі адклікаюцца на звон манетаў. Мэркель жа, гуляючы на гэтай струне, магла паабяцаць нейкую фінансавую дапамогу для часовага размяшчэння мігрантаў у Беларусі, іхнага адпраўлення на радзіму (а можа, і не толькі на гэтыя мэты). Еўразвяз ужо абвясціў, што вылучыць 700 тысяч еўраў на дапамогу мігрантам, якія затрымаліся на мяжы Беларусі і Польшчы.

Таму рызыкну выказаць здагадку, што пік гэтага крызісу мінуў і цяпер вузел пачне патроху развязвацца. У сераду польскія памежнікі паведамілі ў Twitter, што ад КПП Брузгі мігранты «перамясціліся ў невядомае месца пад наглядам беларускіх спецслужбаў». 18 лістапада больш за трыста мігрантаў-іракцаў адправяць самалётам у Арбіль і Багдад. І імаверна, гэта будзе не адзіны такі рэйс.

Вядома, няма поўнай упэўненасці, што ўлады Беларусі, якія за апошнія паўтара года раз за разам ашаламлялі брутальнымі дзеяннямі, зусім адмовяцца ад авантураў у міграцыйным пытанні.

Але ўсё ж цяпер Лукашэнка, здаецца, мусіць прадэманстраваць Маскве, Берліну і астатняй Еўропе, што як эфектыўны кіраўнік, у якога ўсё пад кантролем, ён здольны выразна развязаць праблему, калі яго добра папросяць (а менавіта так падаюць новы абарот справы трубадуры ў дзяржаўных СМІ).

ВІДАВОЧНЫМ БЕНЕФІЦЫЯРАМ ВЫГЛЯДАЕ КРЭМЛЬ

Падводзіць рысу пад гэтым сюжэтам рана. Аднак ужо можна сказаць, што відавочным бенефіцыярам у гэтай гісторыі выглядае Крэмль. Бо і фраў Мэркель, і французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон, і іншыя еўрапейскія дзеячы апелявалі найперш да Пуціна, каб уняў нарэшце свайго саюзнічка. І Масква, вытрываўшы тэатральную паўзу, стала заяўляць, што гатовая гуляць ролю пасярэдніка, медыятара.

То бок на фоне такога «enfant terrible», як Лукашэнка, расейскі афіцыйны лідар відавочна выйграе, набывае дадатковую рэспектабельнасць, пачынае прэтэндаваць на высакароднае амплуа. І нібыта сыходзяць у цень крымска-данбаскія майстэрствы самых расейскіх уладаў. За ролю медыятара ў міграцыйным крызісе на межах Беларусі з ЕЗ Крэмль пэўна пастараецца ў Захаду нешта выгандляваць.

У афармленні выкарыстаныя здымкі SARAH MEYSSONNIER / Reuters / Forum і Sputnik / Reuters / Forum

Да таго ж пад шум гэтай канфрантацыі расейскія стратэгічныя бамбавікі асвойваюць паветраную прастору Беларусі. А потым, глядзіш, справа дойдзе і да вайсковых базаў.

Іншымі словамі, Масква па поўнай праграме скарысталася канфліктам паміж Лукашэнкам і ЕЗ, каб умацаваць свае пазіцыі на беларускім плацдарме і сёе-тое выйграць у плане стасункаў з Еўразвязам.

ЦІ ЗДРЫГАНУЛАСЯ БАБУЛЬКА ЕЎРОПА?

Мэркель жа трапіла пад раздачу з розных бакоў. Яе крытыкуе частка беларускіх апазіцыянераў, Варшава, зялёныя ў Бундэстагу.

Пакуль крытыкі, на мой погляд, залішне драматызуюць сітуацыю. Ніякай легітымацыі Лукашэнкі не адбылося. Іншая рэч, што ён можа палічыць крокі Мэркель, якая, як падкрэслівае нямецкі бок, кіраваліся гуманітарнымі меркаваннямі, праяваю слабасці Еўропы. І пастановіць, што яе, бабульку Еўропу, трэба даціскаць. «Нахіляць», кажучы словамі беларускага правадыра.

Hавiны
Акцыя пратэсту мігрантаў у Менску. Паразмаўлялі з ініцыятаркаю пра тое, што плануюць на 26 лістапада
2021.11.18 11:00

Еўрапейскія палітыкі бажацца, што міграцыйны крызіс не засланяе ім праблемы нелегітымнасці Лукашэнкі, што яны не збіраюцца дараваць рэжыму знявагі дэмакратыі, правоў чалавека, жахлівых рэпрэсіяў.

Але як яно будзе па факце? Ёсць рызыка, што Брусель услед за Берлінам, вырашыўшы, што Лукашэнка зацэментаваў сітуацыю ў Беларусі і гэтую сцяну не праб’еш, пачне паступова перакладаць стасункі з Менскам у рэчышча рэальнай палітыкі, як гэта ўжо бывала.

Еўропа сканцэнтравала ўвагу на некалькіх тысячах мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу, якія паводзяць сябе шумна і, прарываючыся да выгодаў заходняга раю, ствараюць ёй галаўны боль. Але ці не апынуцца ў ценю лёсы тысяч беларусаў, якія сядзяць у турмах за мірныя пратэсты, дзясяткі (калі не сотні) тысяч грамадзянаў краіны, вымушаных пакінуць яе праз рэпрэсіі? Гэта ж таксама мігранты, якія трапілі ў жорны лёсу, толькі яны не робяць скандалаў і не рвуць калючага дроту на межах ЕЗ.

Наколькі прынцыповымі будуць еўрапейскія палітыкі ў беларускім пытанні далей, на сёння не відавочна. У любым выпадку Лукашэнка, напэўна, працягне спробы не кіем, дык палкаю падмяніць прадмет перамоваў з ЕЗ, унесці раскол у шэрагі яго краінаў, навязаць яму свой парадак дня.

Пагатоў Крэмль у гэтым плане працягвае заступацца за саюзніка. І весці, натуральна, сваю гульню ды не забываць замацоўвацца на беларускім плацдарме.

Чытайце таксама:

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік, публіцыст — для «Вот Так»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў