Трое беларускіх палітвязняў атрымаюць прэстыжную чэшскую прэмію «Гісторыі несправядлівасці»


Раней узнагароду ўручалі барацьбітам з камуністычным рэжымам у Чэхаславаччыны. Упершыню ў гісторыі прэміяй уганаруюць прадстаўнікоў іншай краіны – Беларусі: студэнтку Ксенію Сырамалот, прадстаўніка анархічнага руху Мікіту Емяльянава і нязломную маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк. Пра гэта «Белсату» распавёў муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

Студэнтку і валанцёрку праваабарончага цэнтру «Вясна» Ксенію Сырамалот асудзілі на 2,5 года ў «справе студэнтаў». Дзяўчыну абвінавацілі ў арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.Ксенія заўсёды верыла ў сілу студэнцкай салідарнасці і самаарганізацыі. Марыла пра серыял аб студэнцтве і была ўпэўненая, што беларусам усё ўдасца. Больш за год дзяўчына застаецца ў няволі.

Мікіту засудзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу да чатырох гадоў зняволення, ужо больш за два гады хлопец за кратамі.

Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласным доме 3 студзеня, куды ўламаліся сілавікі. Суд Маскоўскага раёну Берасця 9 чэрвеня прызначыў 2 гады калоніі Паліне Шарэндзе-Панасюк. Яе прызналі вінаватай адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Абраза прэзідэнта» (арт. 368), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364). Паліна вінаватай сябе не прызнае і лічыць, што яе захапілі ў палон.

«Рэвалюцыя годнасці пачалася год таму ў Беларусі і працягваецца. І ў нашай рэвалюцыі ўжо ёсць свае героі. І сярод іх – героі, якія працягаюць змагацца за свабоду нават у палоне. Яны найбольш заслугоўваюць увагі. Яны – няскораныя. Мы рады, што Паліна, Ксенія і Мікіта атрымалі гэтую прэмію. Гэта сапраўдная падтрымка іх і ўсіх палітвязняў. Паліна ўпэўненая, што мы пераможам, галоўнае – не спыняцца», – зазначыў у размове з «Белсатам» Андрэй Шарэнда, муж Паліны. Ён таксама палітвязень, супраць мужчыны пачалі некалькі крымінальных справаў, але Андрэй здолеў пакінуць Беларусь. Цікава, што Шарэнду працягваюць пераследаваць і за мяжою: на заўтра актывіста выклікаюць у берасцейскі Следчы камітэт.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў