Генпракуратура Беларусі распачала справу супраць польскіх службоўцаў паводле артыкулу «прапаганда вайны»


Генеральны пракурор Андрэй Швед выступіў з рэзкімі абвінавачваннямі на адрас «вышэйшых службовых асобаў» Польшчы.

Андрэй Швед нагадаў, што напярэдадні Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкулу «злачынства супраць бяспекі чалавецтва» – менавіта так рэжым Лукашэнка кваліфікаваў дзеянні польскіх сілавікоў па абароне ўласнай мяжы падчас нападу на пераход Брузгі-Кузніца 16 лістапада. Швед заявіў, што польскія ўлады нібыта вінаватыя ў жорсткім стаўленні да «мірных і безабаронных людзей», катаваннях і выкарыстанні спецсродкаў.

Генпракурор растлумачыў, што цяпер прымаюцца меры па ідэнтыфікацыі кожнага польскага сілавіка, які абараняў мяжу Польшчы ад спробаў сілавога прарыву.

«Усе цынічныя злачынныя дзеянні, якія ў сапраўдны момант дакументуюцца праваахоўнымі органамі Беларусі, здзейснены па прамым указанні або са згоды палітычнага кіраўніцтва Польшчы – яе прэзідэнта Анджэя Дуды, прэм’ер-міністра Маравецкага, міністра абароны Блашчака і іншых вышэйшых службовых асобаў. Нагадаю, што злачынствы супраць чалавецтва не маюць тэрміна даўнасці», – дадаў ён.

Акрамя таго Андрэй Швед заявіў, што шэраг грамадзян Польшчы, у тым ліку службовыя асобы, «заклікалі ажыццявіць агрэсію Польшчы ў адносінах да Рэспублікі Беларусь». У сувязі з гэтым Генпракуратура распачала крымінальную справу па арт. 123 («Прапаганда вайны») Крымінальнага кодэксу. Пра якія заявы ідзе гаворка Швед не ўдакладніў.

Швед паабяцаў, што дадзеныя пра «злачынныя дзеянні» польскіх уладаў будуць накіраваныя ва ўсе міжнародныя арганізацыі.

  • 16 лістапада група мігрантаў на пераходзе Брузгі-Кузніца атакавала польскіх памежнікаў, спрабуючы незаконна прарвацца на тэрыторыю Польшчы. Нападнікі кідалі ў польскі бок камяні і прадметы, падобныя на святлошумавыя гранаты. На відэа, што апублікавала Міністэрства абароны Польшчы, відаць, што за спінамі мігрантаў стаялі беларускія сілавікі, якія не давалі ім адысці ад мяжы. Спыніць мігрантаў на беларуска-польскай мяжы ўдалося пасля таго, як польскія службоўцы выкарысталі слезацечны газ і вадамёт. Пацярпелі 12 польскіх службоўцаў. З беларускага боку па медычную дапамогу звярнуліся 15 чалавек, але нікому не спатрэбілася шпіталізацыя.
  • Польская паліцыя сцвярджае, што атака мігрантаў была падрыхтаваная і спланаваная ўладамі Беларусі. Галоўны камендант паліцыі Яраслаў Шымчык лічыць, што людзі, якія спрабавалі прарваць мяжу, прайшлі навучанне ў Беларусі, яны мелі спецсродкі, а сярод самых агрэсіўных з іх былі беларускія сілавікі.

РР belsat.eu

Стужка навінаў