Беларуска пабывала ў ізалятары ў Нарвегіі і на Акрэсціна. Папрасілі параўнаць


Трапіць у нарвежскую няволю непрыемна, але гэта далёка не тыя ўмовы, што ў беларускіх месцах зняволення.

Беларуска, якая просіць называць яе Алісай, у 2020 годзе пабывала ў ізалятары на Акрэсціна і ў турме ў Жодзіне праз спробу ўзяць удзел у жаночым маршы. У 2021 годзе яна легальна прыляцела ў Нарвегію, але чатыры дні заставалася ў цэнтры ўтрымання мігрантаў, які ва ўмовах пандэміі больш нагадваў турму. Аліса расказала «Белсату» пра свой досвед.

Здымак Алісы з паліцэйскага аўтамабіля. Фота для «Белсату»

Аліса трапіла ў нарвежскую няволю праз недасканаласць сістэмы. Розныя авіякампаніі па-рознаму дамаўляюцца з памежнымі службамі, людзей з пэўных рэйсаў не правяраюць, з некаторых выбарачна правяраюць у аэрапорце. Аліса мела ўсе неабходныя дакументы, але, імаверна, «трапіла пад апісанне» падазронай асобы: жанчына з Усходняй Еўропы, грамадзянка краіны з высокім узроўнем эміграцыі. Пастанавілі разабрацца, чаму яна сабралася ў Нарвегію.

Затрымлівалі ў Нарвегіі нават занадта ветліва. Алісе ўсміхаліся, рабілі выгляд, што добра разумелі ейную сітуацыю, праяўлялі прынамсі вонкавую эмпатыю. Не ставіліся як да злачынцы і нават парушальніцы, не было «прэзумпцыі вінаватасці». Ветліва суправадзілі ў аддзяленне паліцыі ў аэрапорце. Там быў Wi-Fi, магчымасць звязацца з блізкімі, прыбіральня, пітная вада. Апыталі, адмовілі ва ўездзе, але не дэпартавалі. У аддзяленні паліцыі і ў лагеры расейскамоўных не было, камунікацыю вялі па-англійску. У інтэрв’ю пра мэты прылёту падрабязна распытвалі ўсе дэталі. Ды калі праз некалькі гадзінаў адмовілі ва ўездзе, не сказалі, што будзе далей.

Аліса мела візу іншай краіны Шэнгенскай зоны, а наўпроставых рэйсаў для дэпартацыі ў Беларусь не было. Адвялі ў мікрааўтобус, падобны да бусікаў беларускіх сілавікоў, адвезлі ў адмысловы лагер на тэрыторыі аэрапорту і выправілі ў «турму для мігрантаў». Тое, куды змясцілі Алісу, у Нарвегіі называюць лагерам, але яна не разумее, чаму «прыкрываюцца такім мяккім словам»: гэта ўсё ж месца зняволення, ізалятар. Там ёсць агульная тэрыторыя, дзе асобна жывуць мужчыны і жанчыны. Алісе расказвалі, што там ёсць спартовая зала, доступ да бібліятэкі, магчымасць гуляць у «PlayStation». Аліса ж трапіла ў каранцінную зону – у адзіночную камеру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турма Галдэн у Нарвегіі.
Фота: Serves News / Forum

У адзіночнай камеры ратавалі музыка і Муракамі. Аліса заставалася ў пакоі 6 на 3 метры з адасобленымі прыбіральняй і душам, гігіенічнымі сродкамі, ложкам са свежаю бялізнаю, тэлевізарам, сталом, стэлажом, вакном без кратаў з відам на ўзлётна-пасадачную паласу. Паводле Алісы, выглядала, як вельмі бюджэтны гатэльчык. Амаль усе рэчы адабралі пры «засяленні» (але калі папрасіць, давалі патэлефанаваць са службовага тэлефона), заняцца амаль не было чым. Быў доступ да невялікай бібліятэкі: па-расейску была пераважна «сарцірная літаратура», але сярод яе трапілася тоўстая кніга вядомага японскага пісьменніка Харукі Муракамі.

У тэлевізары былі між іншага каналы з музыкай і тэлеканал «Россия». Аліса смяецца, што праграма прапагандыста Уладзіміра Салаўёва была забаўным пакараннем, але там абмяркоўвалі сітуацыю на польска-беларускай мяжы і нават паказвалі фрагмент размовы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.

Ежа так сабе. На сняданак і абед давалі хлеб, рыбныя кансервы ў цюбіках, сыр, каву ці гарбату. Гарачае далі толькі на вячэру, макарону з мясам (але чацвер – рыбны дзень). Сняданак а 8:00, абед а 13:00, вячэра а 17:00. Каву ці гарбату можна прасіць у любы час, Аліса таксама прасіла садавіну. Аліса кажа, што ў ежы не асабліва капрызная, дый з Акрэсціна і Жодзіна гэта не параўнаць.Тым, хто курыць, выдаюць цыгарэты. Раніцаю – дзве цыгарэты, у абед – тры, увечары – дзве. Як вылічылі такую колькасць, Аліса не ведае, але смяецца, што «расхістала эканоміку» Нарвегіі, бо пачак тых цыгарэтаў каштуе там 13 еўраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турма Галдэн у Нарвегіі.
Фота: Serves News / Forum

З грубым стаўленнем беларуска сутыкнулася толькі аднойчы – падчас прагулкі. На шпацыры Аліса заўважыла, што 60-гадоваму мужчыну, з якім яна пазнаёмілася раней падчас затрымання, не далі цыгарэтаў. Яна падазрае, што ён мог у нечым правініцца, таму ў якасці пакарання маглі пазбавіць цыгарэтаў. Аліса хацела падзяліцца цыгарэтамі з новым знаёмцам, але паліцыянты сказалі ёй, што гэта забаронена. Дзяўчына запярэчыла: калі ёй далі цыгарэты, то яна мае права імі распараджацца, а на гэта «вельмі дзёрзка» адказалі, што яна мусіць падпарадкоўвацца сістэме. На фоне астатняй клапатлівасці гэткая негатыўная камунікацыя на пустым месцы яе ўразіла.

Быў доступ да бясплатнага адваката. Але Аліса кажа, што разгубілася і не скарысталася гэтаю магчымасцю, адваката не патрабавала. Цяпер раіць усім, хто трапіць у такую сітуацыю, прасіць адваката. У няволі яна прабыла чатыры дні, даўжэй за астатніх у лагеры. Ёй здаецца, што такое доўгае зняволенне не было правамерным, і калі б яна захацела судзіцца, то перамагла б. Пра гэта казаў і адвакат, з якім Аліса кансультавалася пазней. Але на гэта было два тыдні пасля адмовы ва ўездзе, трэба было заставацца ў Нарвегіі ды плаціць адвакату, грошай на гэта ў Алісы не было.

Адпусцілі не з першага разу. Алісе паведамілі, што яе адпускаюць і правядуць у самалёт. Куды той самалёт паляціць, не сказалі (яна думала, што могуць выслаць і ў Беларусь). Правялі для яе асобную праверку. У суправаджэнні паліцыянтаў яна ўжо чакала вылету, але пілот паведаміў, што праз кепскае надвор’е самалёт не паляціць у патрэбнае месца, а перачакае. Алісу завялі назад у пакой, дзе трымалі раней. Ды з другога разу выслалі: цяпер яна ў іншай краіне Еўразвязу, не мае забароны на ўезд або пячаткі пра адмову ва ўездзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турма Галдэн у Нарвегіі.
Фота: Serves News / Forum

Алісе нават казалі вяртацца ў Нарвегію, калі захоча. Аліса кажа, што ўсміхнулася ў адказ, але сумняецца, што захоча.

Ці можа быць гэтак і ў Беларусі? Не можа, а павінна быць, адказвае Аліса. Зняволенне ў Нарвегіі яна называе прыкладам таго, як мусяць ставіцца да людзей, якіх падазраюць у парушэннях правілаў. Яна нават радая, што трапіла ў такую сітуацыю ў краіне, дзе выконваюцца правы чалавека: хоць яна нічога не парушыла, і ейных правоў у зняволенні не парушалі. Аліса перакананая, што ў месцах зняволення не павінна быць гвалту (тым больш такога, з якім яна сутыкнулася ў Беларусі ў 2020 годзе), а павінны выконвацца выразныя правілы дачыненняў работнікаў ізалятару са зняволенымі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў