У Пэнтагоне пракаментавалі разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў у Беларусі


У Пэнтагоне не чакаюць ад разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі прынцыповых зменаў у хадзе вайны ва Украіне. Пра гэта на брыфінгу пра сітуацыю ва Украіне заявіў прадстаўнік ваеннага ведамства.

Фота: mod.mil.by / Facebook

На пытанне, ці мае Пэнтагон якія-небудзь асцярогі наконт нападу з Беларусі расейскіх войскаў, бо ў краіну накіроўваюцца 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама праз перамяшчэнне расейскіх ядравых самалётаў на базу паблізу Фінляндыі, прадстаўнік Пэнтагону адказаў:

«На гэты момант мы не маем ніякіх прыкметаў, якія прымусілі б нас змяніць нашыя расклады на полі бою ў параўнанні з тым, што ёсць цяпер. І што да руху канкрэтных расейскіх самалётаў або сістэмаў унутры Расеі, вы ведаеце, ізноў жа, мы не бачылі нічога, што прымусіла б нас змяніць нашую агульную стратэгічную пазіцыю ці нашую пазіцыю ў Еўропе».

Нагадаем, тыдзень таму беларускія ўлады абвясцілі пра разгортванне супольнай расейска-беларускай групоўкі войскаў. Першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі сталі прыбываць у Беларусь 15 кастрычніка. Афіцыйна ў межах разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы ў Беларусь маюць прыбыць да 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, каля 170 танкаў, да 200 баявых машынаў і да 100 гарматаў і мінамётаў калібрам, большым за 100 мм.

Аналітыка
Што вядома пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ
2022.10.17 18:36

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў