Лік ахвяраў падзення самалёта ў Ейску вырас да 15 чалавек


Цела 14-га загінулага знайшлі падчас разбору канструкцыяў жылога дому ў Ейску, дзе ўпаў самалёт Су-34. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкаю на Адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу. Пазней стала вядома аб 15-й ахвяры: у шпіталі памёр мужчына з моцнымі апёкамі. Раней паведамлялі, што загінулі 13 чалавек і 19 пацярпелі. Пашкоджаны дом будуць рамантаваць.

На месцы падзення Су-34 разбіраюць завалы.
Фота: kondratyevvi / Telegram

Губернатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў у сваім тэлеграм-канале ўдакладніў: цела 14-га загінулага знайшлі ратавальнікі пры разборы завалаў. Паводле губернатара, жыхар дому быў пад рухавіком самалёта. Паводле прэс-службы міністэрства ГА і НС Краснадарскага краю, загінулага знайшлі а 14:54 18 кастрычніка.

У размове з мясцовымі жыхарамі Кандрацьеў таксама паведаміў, што пацярпелы ад пажару і выбухаў дом будуць рэмантаваць, у пэўныя падʼезды жыхары змогуць вярнуцца прыблізна праз пяць месяцаў. Губернатар яшчэ пачакае заключэння экспертаў, ці можна адрамантаваць жытло, але прынцыпова ён за рамонт: «У залежнасці ад ступені пашкоджанняў, гэта зойме ад месяца да пяці. Але ў любым выпадку гэта лепш, чымся калі мы будзем зносіць дом і недзе вам набываць жытло».

Hавiны
Пасля падзення самалёта Су-34 каля дому ў Ейску загінулі 13 асобаў
2022.10.18 09:22

Па стану на 18 гадзін маскоўскага часу, было дакладна вядома пра 43 пацярпелыя, з іх 9 дзяцей. Аб гэтым паведаміла віцэ-губернатар Краснадарскага краю Ганна Мінькова. Паводле Міньковай, у стацыянарах знаходзяцца 25 чалавек (22 сярэдняй ступені цяжкасці, 3 – у цяжкай), у тым ліку 2 цяжарныя і 6 дзяцей. Амбулаторнае лячэнне праходзяць тры пацыенты.

«Загінулі 15 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей. У 17.30 памёр 51-гадовы пацыент у ККБ №1», – паведаміла Ганна Мінькова пра 15-ю ахвяру.

Усяго ўратаваныя 68 асобаў, больш за 360 жыхароў былі эвакуяваныя.

Расейскі баявы самалёт Су-34 з поўным боекамплектам 17 кастрычніка ўпаў у двары жылога дому ў горадзе Ейск Краснадарскага краю. Пасля аварыі боепрыпасы знішчальніка ўзарваліся, агонь ахапіў 9-павярховы дом. Міністэрства абароны Расеі інфармуе, што ў знішчальніка загарэўся рухавік. Пілоты здолелі катапультавацца. Пасля падзення самалёта загарэлася авіяпаліва.

Паводле ратавальнікаў, плошча пажару ў доме склала прыблізна 2000 квадратных метраў. На раніцу 18 кастрычніка пажар пагасілі.

Абноўлена
У Краснадарскім краі каля жылога дому ўпаў баявы самалёт
2022.10.17 20:25

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў