Венесуэла: Урад Мадуры спыніў перамовы з апазіцыяй


Прычынай спынення перамоваў стала тое, што Каба-Вэрдэ выдала Злучаным Штатам паплечніка Мадуры.

Нікаляс Мадура на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, 25 кастрычніка 2019 года.
Фота: Kremlin.ru

Венесуэльская апазіцыя і прадстаўнікі Нарвегіі, якая мадэруе дыялог, заклікалі ўрад Нікаляса Мадуры як мага хутчэй вярнуцца да перамоваў аб сітуацыі ў Венесуэле, піша Reuters.

Рэжым Мадуры, які захоўвае кантроль над тэрыторыяй Венесуэлы, выйшаў з перамоваў з камандай Хуана Гуайдо, якога прызнавалі часовым прэзідэнтам ЗША, Еўразвяз і іншыя краіны, у ліку якіх большая частка Амерыкі (у студзені Еўразвяз перастаў прызнаваць Гуайдо менавіта «часовым прэзідэнтам», але працягнуў лічыць важным прадстаўніком на перамовах).

Хуан Гуайдо выступае на маршы пратэсту. Каракас, Венесуэла. 2 лютага 2019 года.
Фота: Alex abello Leiva / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Прычынай стала тое, што Каба-Вэдэ выдала ЗША калумбійскага бізнесоўца Алекса Сааба, які быў даверанай асобай Мадуры і які быў у вышуку праз абвінавачванні ў адмыванні грошай праз праграму харчовай дапамогі. Мадура тлумачыў на тэлевізіі, што ЗША ведалі, што гэта спыніць перамовы, і зрабілі так, бо «не хочуць дыялогу».

Паведамлялася, што ў адказ на выдачу Сааба ў Венесуэле затрымалі шасцёх амерыканскіх былых менеджараў нафтавай кампаніі «Citgo», якіх з лютага трымалі пад хатнім арыштам.

Глабальнае пытанне
Папулізм, або як не выбраць дыктатара сабе на галаву
2021.09.20 15:30

Ад перамоваў не чакалі вялікага прарыву з самага пачатку. Мінулыя такія перамовы ў 2019 годзе нічым не скончыліся.

Урад Нікаляса Мадуры дамагаецца скасавання эканамічных санкцыяў Злучаных Штатаў і краінаў Еўропы. Прадстаўнікі Злучаных Штатаў раней казалі, што ЗША гатовыя змякчыць санкцыі, калі Мадура пакажа прыкметы сапраўды сур’ёзнага дыялогу з апазіцыяй.

Апазіцыя хоча вызвалення палітычных зняволеных і гарантыяў удзелу сваіх кандыдатаў у рэгіянальных выбарах, запланаваных на лістапад, а таксама дазволу замежнай гуманітарнай дапамогі, у тым ліку вакцынаў ад COVID-19. Вяртанне да перамоваў – змена тактыкі апазіцыі, якая вінаваціла Мадуру ў зрыве мінулых перамоваў і зацягванні часу.

Аб’ектыў
Беларусь страціла на супрацы з Венесуэлай мільёны
2018.07.05 22:08

Тым часам большасць венесуэльцаў жывуць за мяжой беднасці. Паводле папярэдніх ацэнак, да канца году колькасць уцекачоў з Венесуэлы можа дасягнуць 7 млн чалавек (да пачатку крызісу ў Венесуэле жыла 27,7 млн чалавек).

Да пачатку палітычнага крызісу, у 2010 годзе Венесуэла была пятым паводле аб’ёмаў экспарту гандлёвым партнёрам Беларусі, туды імпартавалі да 3,3 % беларускіх тавараў і паслугаў, таваразварот перавышаў на піку паўмільярда долараў яшчэ ў 2012-м. Ды пасля аб’ёмы ўпалі да нязначных, цяпер Белстат не публікуе лічбаў аб гандлі з Венесуэлай.

АА belsat.eu

Стужка навінаў