Скандал у беларускім футболе, Аляксандр Зайцаў выходзіць з выканкаму Федэрацыі футболу


Памочнік Віктара Лукашэнкі кінуў адзін футбольны клуб і узяў іншы
Аляксандр Зайцаў.
Фота: pressball.by

Цэнтральны матч чэмпіянату Беларусі, які ўчора прайшоў у Берасці, паміж «Рухам» буйнога бізнэсоўца Аляксандра Зайцава і менскім «Дынама» закончыўся скандалам, які можа мець шэраг наступстваў для ўсяго беларускага футболу. Дынамаўцы лідаравалі з лікам 3:1, але да перамогі застаецца шэраг пытанняў.

Перад гульнёй у камандаў было па 51 пункты, абедзве змагаліся за медалі. Судзіць матч прызначылі 35-гадовага Сяргея Краснікава з Горадні. Вось як апісвае падзеі на полі непасрэдны сведка гульні, вядомы берасцейскі журналіст Васіль Сарычаў, які напісаў у сваім «Фэйсбуку»:

«Сяргей Краснікаў – запомніце імя. Пасол для асобых даручэнняў, інакш не растлумачыць. Чакаць доўга не стаў, чатыры хвіліны – і прыдумаў выдаленне. Парушэнне гульнёвае, без падставаў для прамой «чырвонай» – арбітр спрацаваў праз «жоўтую». З мімікі выдаленага не чыталася, каб сказаў нешта лютае – мог буркнуць у запале, але тады выдаляць трэба пачкамі.

Далей – больш. Усе спрэчныя моманты трактаваліся на карысць гасцей, уключаючы гол Бахара. І непрызначаны пенальці ў канцы. І пасаджаныя на картку сем рухаўцаў. І зрыў атак свісткамі. Характэрны момант: на апошняй хвіліне тайму суддзя прызначыў штрафны, але прабіць не даў: час выйшаў», – напісаў журналіст.

Заява Аляксандра Зайцава аб выхадзе з федэрацыі футболу. Крыніца: rukh.by

Акрамя выдалення засталіся пытанні да двух галоў «Дынама», якія забілі пасля ліку 1:1, і якія прынеслі камандзе перамогу.

Пасля гульні «Рух» запусціў апытанне на сваіх старонках у сацыяльных сетках: «Дарагія заўзятары, як вы лічыце, ці было судзейства галоўнага арбітра Сяргея Краснікава справядлівым у адносінах «Руху»? І 90,89 % адказалі «не».

А сёння Аляксандр Зайцаў заявіў:

«Матч «Рух» – «Дынама» (Менск) ярка прадэманстраваў залежнасць судзейскага корпусу ад рашэнняў кіраўніцтва федэрацыі. За тыдзень да прызначэння арбітраў на матч я праінфармаваў вас аб наяўнасці звестак, што суддзя Краснікаў атрымаў устаноўку аб забеспячэнні перамогі ў матчы ФК «Дынама» (Менск). Вамі ніякіх захадаў для праверкі дакладнасці гэтай інфармацыі зроблена не было, Краснікаў атрымаў прызначэнне на гульню, і ягоную працу на матчы бачыла ўся футбольная супольнасць. Відавочнае і адкрытае «засуджванне» адных камандаў на карысць іншых красамоўна кажа пра тое, што месцы ў чэмпіянаце вызначаюцца далёка не паводле спартовага прынцыпу. У гэтай сувязі не бачу далейшага сэнсу актыўнага ўдзелу ў працы выканкаму АБФФ і стаўлю вас у вядомасць аб сваім добраахвотным выхадзе са складу выканаўчага камітэту».

Гэты зварот размясціў афіцыйны сайт ФК «Рух».

Здаецца, Зайцаў забыў, як сам звяртаўся да Базанава, каб той прызначаў правільных суддзяў на матчы берасцейскага «Дынама». Як сцвярджае Беларускі фонд спартовай салідарнасці, былы ўладальнік берасцейскага «Дынама» Аляксандр Зайцаў вызначаў, хто з суддзяў будзе працаваць на гульнях ягонай каманды.

У прыватнасці, у 2019 годзе на матч 9-га туру «Дынама» (Берасце) – «Нёман» (Горадня) быў прызначаны Яўген Навумаў. Яго прызначэнне падтрымаў кіраўнік Федэрацыі футболу Уладзімір Базанаў. Але на тэлефон Базанава прыйшло паведамленне ад Зайцава: «Навумаў – не, Лабацэвіч – так». Пазней Базанаў пазваніў у дэпартамент судзейскага камітэту і сказаў, што Зайцаў перадумаў, і можна пакінуць Навумава. У той гульні «Дынама» здабыло лёгкую перамогу з лікам 6:1.

Колькі разоў бізнесовец уплываў на прызначэнне суддзі, сказаць складана, але апошнія чатыры гульні «Дынама» за часоў Зайцава судзіў гомельскі рэферы Аляксей Кульбакоў, хаця адзін арбітр звычайна не працуе на такой колькасці гульняў адной каманды запар.

Адзначым, што гульні «Дынама» ў той час наведваў Віктар Лукашэнка. Аляксандр Зайцаў перастаў фінансаваць «Дынама» ў 2021 годзе і цяпер утрымлівае іншы клуб з Берасця – «Рух», адкуль у гэтым сезоне за падтрыманне Аляксандра Івуліна быў звольнены галоўны трэнер Кірыл Альшэўскі. Нагадаем, што Базанаў – у санкцыйных спісах краінаў Балтыі, а Зайцаў трапіў пад санкцыі ЗША і Еўразвязу.

Аналітыка
Экс-памочнік Віктара Лукашэнкі стварыў беларускі футбольны суперклуб. А пасля кінуў яго і ўклаўся ў іншы
2021.01.22 11:05

АС belsat.eu

Стужка навінаў