«Сэрца выскоквала ад страху, але я не магла не выходзіць на мітынгі». Гісторыя Лізы Гвардзеенкі


Ліза Гвардзеенка.
Фота: асабісты архіў

Лізе Гвардзеенцы 26 гадоў. Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў Менску. З дзяцінства марыла пра вольную Беларусь і добра разумела, што навокал адбываецца, – бацькі Лізы былі знаёмыя са Змітром Завадскім, аператарам, які знік у 2000 годзе. Першай акцыяй дзяўчыны сталі маўклівыя пратэсты ў 2011 годзе. У 2020-м мянчанка пайшла назіраць за выбарамі, праз месяц пасля якіх трапіла на Акрэсціна, потым у Жодзіна. Па вызваленні ў Лізы пачаліся панічныя атакі, таму пастанавіла з’ехаць у бяспечнае месца. Цяпер дзяўчына ў Грузіі, адкуль і распавяла «Белсату» сваю гісторыю.

«Што мне дала дзяржава?»

«Палітыка і сітуацыя ў краіне мяне цікавілі з самага дзяцінства. У 2010 годзе я моцна перажывала вынікі выбараў і паслявыбарчыя падзеі. Я тады была ў 10 класе, але мяне вельмі абурала, як з намі абыходзяцца ўлады. Налета, у 2011 годзе, я пайшла на маўклівыя акцыі пратэсту. З таго часу пачаўся мой актыўны ўдзел – я хадзіла на Дні волі, іншыя акцыі.

Неяк я выпадкова здала сшытак з улёткамі, пасля чаго мяне выклікалі да дырэктара і пачалі выгаворваць: як я так магу, дзяржава ж мне так шмат дала. А я ўжо тады не разумела – як гэта? Мне мама дала жыццё, выхаванне, ежу, клопат. Што дала дзяржава?

Пасля школы я пайшла вучыцца на журфак. Калі абірала ВНУ, была пад уражаннем незалежных журналістаў, мне хацелася быць такой жа – сумленнай, распавядаць людзям праўду. Мяне цікавіла сацыяльная сфера, абарона правоў чалавека.

Бацькі прышчапілі мне неабыякавасць і абвостранае пачуццё справядлівасці. Я чула іхныя размовы. Яны былі знаёмыя са Змітром Завадскім, ягоная жонка і мая мама – аднакласніцы. Я з малых гадоў блізка да сэрца прыняла іхную гісторыю. Таму той чалавек, які цяпер пры ўладзе, у мяне асацыюецца толькі з адным – з тым, што ў нашым сямейным фотаальбоме захоўваецца здымак, на якім мая мама стаіць побач са Змітром Завадскім, і я пры гэтым выдатна ведаю, што з ім адбылося.

Журфак я вымушана была кінуць праз паўгода. Мае бацькі тады жылі даволі сціпла, і я хацела сама працаваць і зарабляць грошы. Я змяніла шмат розных месцаў, а цяпер вярнулася да працы са словам – стала капірайтарам».

«На стэле трапіла ў эпіцэнтр пекла»

Ліза Гвардзеенка на акцыі падтрымання Марыі Калеснікавай.
Фота: асабісты архіў

«Летась, яшчэ да выбараў, я выходзіла на ланцугі салідарнасці. Потым літаральна за гадзіну сабрала ў сваім доме патрэбныя подпісы і зарэгістравалася назіральніцай. Але на ўчастак мяне не пусцілі, я тыдзень прасядзела пад дрэвам на ганку. Гэта была школа, якую я скончыла, і было вельмі непрыемна ад стаўлення настаўнікаў, якія яшчэ мяне памяталі. Урэшце 7 жніўня мяне прагнаў нейкі чалавек з незразумелым пасведчаннем – пагражаў міліцыяй, калі я не сыду.

Я тады на свае вочы пабачыла хлусню, пра якую шмат разоў чула. У адзін з дзён я налічыла сто чалавек, а ў пратаколе было 394. Адкуль узялося столькі выбаршчыкаў, асабліва калі ўлічыць, што ўвогуле ў школу прыходзілі не толькі галасаваць? Пры гэтым мае ж настаўнікі ўсміхаліся і казалі, што ў іх усё добра і сумленна.

Увечары 9 жніўня мы з сястрой чакалі вынікаў каля ўчастку. Калі АМАП усіх разагнаў, мы пайшлі на стэлу. Я трапіла ў эпіцэнтр гэтага пекла, такога жаху раней і ўявіць не магла. Моцна ўразіла, калі побач праносілі мужчыну з прабітай куляй рукой.

10 жніўня ўвечары мы зноў былі ў віры падзей на «Рызе». Там мяне ўжо больш уразіла салідарнасць людзей, якія адчынялі дзверы пад’ездаў і кватэр, дзе мы хаваліся, лежачы на падлозе, з выключаным святлом.

Мы з сябрамі бачылі траўмы, кроў, разумелі, што, хутчэй за ўсё, заўтра будзе тое самае, і думалі, што мы можам зрабіць, чым дапамагчы. Вырашылі збіраць аптэчкі – бінты, пластыры, спіртавыя сурвэткі, перакіс вадароду. Мы пазначалі гэтыя пакункі чырвоным крыжом, каб было бачна, раскладалі іх у дварах, пад лаўкамі, у розных кутах.

«Абурала, што нейкія гопнікі без формы цягнуць мяне ў машыну»

Момант затрымання Лізы.
Фота: асабісты архіў Лізы Гвардзеенка

«Я тады амаль не спала, дамоў прыходзіла а трэцяй-чацвёртай гадзіне ночы, уставала а 7-й і мы з сяброўкамі зноў ішлі збіраць аптэчкі. Часам бачылі, што ў тых месцах, куды мы хацелі класці аптэчкі, яны ўжо ляжалі, і вада стаяла. Салідарнасці тады было шмат.

Ведаю пра тры падпольныя медычныя штабы. У адным з іх быў кваліфікаваны лекар, у іншых двух – валанцёры. Туды, дзе быў лекар, везлі шмат людзей з даволі сур’ёзнымі траўмамі. У мяне было адчуванне, што я як мінімум у нейкім кіно пра вайну, як максімум – мы дзеці-партызаны.

Артыкулы
«Адчувалі патрэбу і ў эміграцыі мець сваю місію». Мянчанкі стварылі беларускі гурток для дзяцей у Батумі
2021.10.10 17:00

12 жніўня я ўдзельнічала ў самым першым жаночым ланцугу салідарнасці на Камароўцы і потым старалася хадзіць на ўсе акцыі. 9 верасня на акцыі падтрымання Марыі Калеснікавай мяне затрымалі людзі без формы. Уцякаць не было куды, ды і не хацелася. Мяне абурала сама сітуацыя, што нейкі гопнік цягне мяне ў машыну.

Спачатку было вельмі страшна, бо настрой гэтых таварышаў змяняецца вельмі хутка, і ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць у наступны момант. Цяпер яны могуць з табой жарты жартаваць, а потым тварам да сценкі паставіць. Нас пасадзілі ў машыну без нумароў. Каля Чырвонага касцёлу перасадзілі ў аўтазак, павезлі ў Цэнтральны РАУС. Там дапытвалі, складалі пратаколы. Каля 23-й гадзіны закрылі ў камеры, а каля 5-й раніцы адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна».

Суд праз смартфон: на экране нешта кажа суддзя, адначасова прыходзяць паведамленні ў TikTok

Затрыманне Лізы.
Фота: Onliner

«У камеры не ведаеш, што рабіць. Мы чыталі ўпакоўку ад сурвэтак, абы задаволіць голад па інфармацыі, па тэксце. Ніякай паперы, асадак не было. Не ведаеш, што будзе заўтра, калі суд, дзе ён будзе, як твае родныя, сябры. У цябе няма доступу да навінаў. З-за гэтага трывожна.

Я думала, што калі б мяне затрымалі і сказалі: «Я цяпер цябе паб’ю, а потым пасажу на 15 содняў», – страх бы знік, бо была б пэўнасць, я б ведала, што мяне чакае. Гэта лягчэй, чым калі цябе некуды вядуць, вязуць, ты сядзіш тут чакаеш, потым там чакаеш, і ніколі не ведаеш, што адбудзецца ў наступную хвіліну. Калі суддзя Аляксандр Петраш мне сказаў – 7 содняў, я падумала – сумна, што не адпусцілі, але ок – я хоць ведаю, што гэта будзе 7 содняў, і я пайду дамоў. У той момант мне стала лягчэй.

Суд праходзіў праз два дні пасля затрымання. Вельмі смешны, па мабільным тэлефоне нейкага супрацоўніка ДПС, у пакоі для захоўвання чыстай бялізны. Мяне не пакідала пачуццё татальнага абсурду. Перад пачаткам паседжання гэты супрацоўнік сказаў мне: «Калі мне будзе нехта тэлефанаваць, проста змахні званок». Ніхто не тэлефанаваў, але пісалі, і гэта было смешна – там нешта кажа суддзя, а яму прыходзяць апавяшчэнні ў Instagram, TikTok.

Яшчэ адну дзяўчыну судзілі проста на калідоры.

Маму пусцілі на суд, які прахадзіў па «Скайпе», але я чула мамін голас у кабінеце суддзі, хоць сама камера была павернутая ў бок суддзі. Бацькі, хоць і хваляваліся за мяне, калі я хадзіла на мітынгі, але падтрымлівалі».

«У Жодзіне адвялі ў душ і амаль не крычалі на нас»

Ліза Гвардзеенка.
Фота: асабісты архіў

«Праз трое з паловаю содняў мяне перавезлі ў Жодзіна. Там нарэшце адвялі ў душ, далі папаліць і амаль што не крычалі на нас. На Акрэсціна запомніўся адзін малады супрацоўнік, які пастаянна на нас роў. У Жодзіне таксама былі такія, што размаўлялі груба, падвышалі голас. Але былі і тыя, што вадзілі у душ, хоць не мелі права – жанчын у душ павінны адводзіць супрацоўніцы-жанчыны, а такіх на той момант там не было.

Умовы тады былі здавальняльныя: матрацы, падушкі, пасцельная бялізна. Ежа зносная. Аднак адна дзяўчына прасіла таблеткі ад зубнога болю – неслі 12 гадзін.

Мы спявалі песні ў камеры, і нам ніхто не забараняў. Я думаю, на той момант усё было так лайтова, бо яны самі спужаліся таго, што нарабілі ў жніўні, і не ведалі, як паводзіць сябе далей.

Я і пасля содняў працягнула хадзіць на акцыі. Недзе напрыканцы лістапада быў мой апошні дваровы марш. Было вельмі страшна, сэрца штораз амаль выскоквала з грудей, але я не магла ўявіць, як не хадзіць. Я ішла абараняць свой дом. Хоць урэшце яны ў мяне яго забралі…

Адначасова ў мяне стаў праяўляцца посттраўматычны стрэсавы разлад, пачаліся панічныя атакі. Яны ў мяне былі і раней, я прымала антыдэпрэсанты, якія кінула ўлетку 2020 года. Мне стала адчувальна лепш на фоне ўсёй той актыўнасці. А калі я была ў камеры, трывога і дрэннае самаадчуванне сталі вяртацца».

«Я хачу дамоў»

Ліза Гвардзеенка.
Фота: асабісты архіў

«Моцна накрываць стала ўжо пасля вызвалення, калі я хадзіла па тых месцах, дзе ўсё гэта адбывалася, дзе каля мяне праносілі параненага чалавека і з яго ішла кроў і да т. п. Калі я бачыла аўтобусы. Яны маглі быць нават з нумарамі і не танаваныя, але мяне пачынала трэсці, і я тады супакойвалася, калі ішла і клалася спаць у бяспечным месцы – у кватэры, пра якую ніхто не ведаў.

Мне штоноч сніліся кашмары, як забівалі ўсіх, каго я люблю. Я прачыналася з крыкам, і мой хлопец супакойваў мяне: спакойна, нікога не забілі.

Мой стан быў усё горшы. Увесну я зразумела, што не спраўляюся. Перад выхадам на вуліцу выдаляла Telegram, ездзіла толькі на таксі. Неяк я ўсё ж прымусіла сябе паехаць на тралейбусе, выйшла на прыпынак раней, бо было цудоўнае надвор’е, думала, прайдуся, але раптам убачыла трох супрацоўнікаў міліцыі і амаль збягала ад іх па дварах, хоць, здаецца, яны тады мне нічым не пагражалі. Але мне было страшна.

Мне тэлефанавалі нейкія незнаёмыя нумары, я не адказвала. Калі даведалася, што назіральнікам пачалі ламаць дзверы, пераехала ў іншую кватэру. А калі сталі зачыняцца межы пасля гісторыі з самалётам «Ryanair», у мяне пачалося нешта кшталту клаўстрафобіі, я баялася, што хутка я зусім нікуды не змагу з’ехаць. 28 ліпеня мы прыляцелі ў Тбілісі.

У Грузіі страх прайшоў. Але ў Батумі мы жылі каля аддзялення паліцыі. Я неяк прачнулася ад крыкаў, выходжу на балкон і бачу, як шмат паліцэйскіх у поўнай экіпіроўцы вучацца разганяць мітынгі. Я чула, як яны крычаць і б’юць па шчытах нават на сваім 12 паверсе. У мяне было вельмі моцнае пачуццё дэжа-вю.

Пакуль мы плануем быць тут. Крыху непакоіць пагадненне паміж грузінскай СДБ і беларускім КДБ. Калі яго раптам пачнуць прымяняць, то будзем думаць, куды з’ехаць. І адразу, як стане вядома пра перамогу ў Беларусі, мы возьмем квіткі да Менску. Я хачу дамоў».

Артыкулы
Жонка Валянціна Стэфановіча: Малодшай дачцэ кажу, што тата ў камандзіроўцы, з якой можна толькі лісты пісаць
2021.10.14 16:28

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў