МУС прызнала першае «экстрэмісцкае фармаванне»: партал Dze.chat


У адрозненне ад «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за «экстрэмісцкае фармаванне» ёсць крымінальная адказнасць. Проста пасадзіць за краты ўсіх падпісантаў чатаў не могуць, але ГУБАЗіК пагражае ператрусамі.

Мапа дваровых каналаў і чатаў. Скрыншот: dze.chat

Міністэрства ўнутраных справаў назвала першае ў Беларусі «экстрэмісцкае фармаванне» – інтэрнэт-партал Dze.chat, які збіраў адрасы дваровых, раённых і гарадскіх чатаў, а таксама самаробныя сцягі раёнаў.

ГУБАЗіК абгрунтаваў у сваім Telegram-канале гэтае рашэнне так: сайт «падтрымлівае і папулярызуе лакальны і дваровы пратэставы рух» і нібыта «арганізуе функцыянаванне дваровых Telegram-каналаў і чатаў, дзе распаўсюджваюцца экстрэмісцкія матэрыялы, праходзіць навучанне і падрыхтоўка для ўдзелу ў масавых беспарадках».

Аналітыка
За падпіску на Telegram-каналы (пакуль) не пасадзяць. Што насамрэч мяняе пастанова пра «экстрэмізм»
2021.10.15 11:04

У тлумачэнні ГУБАЗіКу «экстрэмісцкія фармаванні» – усе дваровыя чаты. Ці гэта праўда, невядома: рашэнне МУС не апублікаванае, а Telegram-канал ГУБАЗіК раней публікаваў фэйкавую заяву пра тое, што за падпіску на Telegram-каналы нібыта могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.

Караць пагражаюць ператрусамі

Насамрэч, паводле беларускага заканадаўства, нават калі чалавек уваходзіць у чат, прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» (а прызналі такім пакуль толькі сайт, які збірае адрасы чатаў), то ў судзе мусяць давесці, што ўдзел быў у мэтах учынення злачынства экстрэмісцкага кірунку. Проста за падпіску пакараць юрыдычна не могуць.

Але ГУБАЗіК патлумачыў, як будзе караць фактычна: падпіска на дваровыя чаты «з’яўляецца падставай для правядзення следчых мерапрыемстваў, у тым ліку ператрусу». Нават калі падчас ператрусу нічога не знаходзяць, грамадзянам не кампенсуюць наступстваў пагрому жытла.

Раней ГУБАЗіК заяўляў, што прыцягваць да адказнасці ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фармаванняў будуць кропкава. Стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам прадугледжана пакаранне паводле арт. 361-1 КК РБ, санкцыя артыкулу – пазбаўленне волі да сямі гадоў. Падпісантаў каналаў яшчэ пазаўчора абяцалі не караць.

Hавiны
«Убачыць наступствы папярэдняга ператрусу яны не чакалі». У Каці Пытлевай прайшоў другі ператрус за месяц
2021.09.25 13:56

Што думае юрыст

Юрыст, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі НАУ Міхаіл Кірылюк, называе юрыдычную логіку гэтага рашэння анекдатычнай.

Міхаіл Кірылюк, адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

У адпаведным законе напісана, што «экстрэмісцкае фармаванне» – гэта «група грамадзянаў». А Dze.chat жа – сайт. Канкрэтныя ўдзельнікі «фармавання» не названыя.

Да таго ж, у чатах людзі выкарыстоўваюць не толькі сапраўдныя імёны, але і нікнэймы. І ніхто не можа забараніць чалавеку назвацца ў чаце тым жа Міхаілам Кірылюком, нават кіраваць чатам з акаўнту на замежнай сім-карце, а сапраўдны Міхаіл Кірылюк не будзе пра гэта ведаць.

«Калі глядзець з юрыдычнага боку, рашэнне абсурднае і незаконнае, – кажа Кірылюк. – Але калі глядзець на логіку ўтрымання ўлады праз зброю і запалохванне насельніцтва, дык цалкам зразумела: гэта здушэнне медыйнай актыўнасці.

Яны ж усімі сіламі спрабуюць, каб людзі не атрымлівалі інфармацыі і аб’ядноўваліся паводле любой прыкметы, акрамя лаяльнасці да дзяржавы. Таму яны, напэўна, «Ахову птушак Бацькаўшчыны» і Таварыства беларускай мовы правяралі ці закрывалі».

Юрыст перакананы, што такія захады не абароняць беларусаў ад экстрэмізму, а маюць на мэце раз’яднаць і напужаць. Але наўрад ці гэта атрымаецца: ён згадвае, як пасля прызнання Telegram-каналу Святланы Ціханоўскай «экстрэмісцкім матэрыялам» на той канал падпісаліся лішнія 10 тысяч чалавек.

Меркаванні
Ці гатовыя беларусы да сілавога сцэнару?
2021.09.25 12:50

Кірылюк пагаджаецца з разважаннямі аналітыка Ігара Ільяша: не так важна, як напісаныя законы, а важна, наколькі хопіць у сілавікоў рэсурсаў, каб здзейсніць пагрозы, і наколькі яны будуць баяцца грамадзянскага процідзеяння. Усіх падпісантаў, напрыклад, каналу Ціханоўскай пасадзіць не здолеюць. А запужаць нейкую частку могуць. Могуць і забраць у затрыманага тэлефон, падпісаць на «экстрэмісцкае фармаванне» і зафіксаваць «доказ злачынства».

АА belsat.eu

Стужка навінаў