Лукашэнка прызначыў новага міністра юстыцыі – МУСаўца родам з Данбасу


На 18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка запланаваў «кадравы дзень». Звяртаўся да кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бяспекі, а раптам прызначыў міністра юстыцыі.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: president.gov.by

Пра кадравыя перастаноўкі 18 кастрычніка расказвае ананімны Telegram-канал «Пул первого», звязаны з прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго, частка прызначэнняў датычыла «сістэмы дзяржаўнай бяспекі». Каго менавіта прызначылі, не паведамляецца.

«Звярніце ўвагу: сітуацыя застаецца напружанай, – перадае «Пул первого» словы Лукашэнкі. – Дата чарговай спробы рэвалюцыі – перыяд правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму».

Калі менавіта будзе той рэферэндум і якую канстытуцыйную рэформу прапануюць улады, па-ранейшаму невядома. Вядома толькі, што рэферэндум павінен прайсці не пазней за люты 2022 года.

Як перадае БелТА, Лукашэнка казаў сілавікам, што «сітуацыя застаецца напружанай», бо «калектыўны Захад працягвае ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, нацэліўшыся на змену ўлады, знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы». Паводле яго, гэта робіцца праз санкцыі, фінансаванне пратэстаў, экстрэмізм і тэрарызм, рыхтаванне баевікоў.

Новы міністр юстыцыі – Сяргей Хаменка

Новы міністр юстыцыі – колішні намеснік міністра ўнутраных справаў Сяргей Хаменка. На фота: Хаменка ў Менскім гарадскім упраўленні Дэпартаменту аховы. 13 студзеня 2011 года.
Фота: ohrana.gov.by

Падчас «кадравага дня» Лукашэнка прызначыў новага міністра юстыцыі і назваў гэта «неардынарным крокам», піша «Пул первого». Новым міністрам юстыцыі стаў колішні намеснік міністра ўнутраных справаў, генерал-маёр міліцыі Сяргей Хаменка.

Хаменку 55 гадоў. Ён нарадзіўся ў Данецкай вобласці Украіны, вучыўся ў Ленінградзе і Маскве, служыў ва Унутраных войсках СССР і Беларусі. Да мінулага прызначэння Хаменка ўзначальваў Дэпартамент аховы МУС. Узначальвае таксама Беларускую асацыяцыю міні-футболу. Знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу.

Лёс былога міністра не раскрываюць. Мінулы міністр юстыцыі Беларусі – 49-гадовы гарадзенец Алег Сліжэўскі. Ён займаў пасаду амаль 10 гадоў, з 13 снежня 2011 года, а да таго 8 гадоў быў начальнікам аддзелу палітычных партыяў у Міністэрстве юстыцыі (за гэты час, як і пазней, не было зарэгістравана ніводнай новай палітычнай партыі). Сліжэўскі – у санкцыйных спісах Еўразвязу і Злучаных Ўтатаў.

Будзе дапоўнена

АА belsat.eu

Стужка навінаў