Франак Вячорка: сярод міністраў Еўразвязу ёсць згода дарабіць пяты пакет санкцыяў да канца лістапада


18 кастрычніка міністры замежных справаў Еўразвязу правялі паседжанне, на якім важнае месца заняло абмеркаванне беларускай сітуацыі. Офіс Святланы Ціханоўскай перадаў міністрам пакет рэкамендацыяў з 40 пунктаў.

Як распавёў «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, на паседжанні абмяркоўвалася праблема мігрантаў з Усходу на мяжы з Беларуссю і магчымыя санкцыі ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі.

«Ёсць кансэнсус сярод усіх міністраў, што гэта зрэжысураваная спецаперацыя, гібрыдная атака, як яны фармулююць, супраць Еўразвязу ў цэлым, – кажа Вячорка. – Найбольш рашуча выступілі міністр Польшчы, Літвы, Славаччыны і сам вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жузэп Барэль. Калі казаць пра канкрэтыку, то абмяркоўваліся санкцыі супраць «Белавіі», у прыватнасці, спыненне лізінгу і продажу «Белавіі» любых самалётаў, а таксама не дапушчэнне абслугоўвання гэтых самалётаў. Бо самалёты выкарыстоўваюцца для перакідвання мігрантаў. Некаторыя міністры прапанавалі ўвесці абмежаванні супраць авіякампаніяў тых краінаў, якія лётаюць у Беларусь і прывозяць мігрантаў».

Hавiны
Латвія заклікала Еўразвяз увесці мацнейшыя санкцыі супраць «Белавіі»
2021.10.18 12:20

Яшчэ адной важнай тэмай абмеркавання стала пашырэнне санкцыяў.

«Тут мы маем найменшы ўплыў, але ёсць папярэдняя згода міністраў дарабіць санкцыйны пакет да канца лістапада, – кажа дарадца Ціханоўскай. – Калі гэты пакет будзе дароблены, туды ўвойдуць найперш кампаніі і асобы, ангажаваныя ў стварэнне міграцыйнага крызісу. Магчымае пашырэнне эканамічных сектаральных санкцыяў».

Офіс Ціханоўскай, як распавёў дарадца беларускай лідаркі, перадаў міністрам пакет рэкамендацыяў з 40 пунктаў. Рэкамендацыі датычаць дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі, незалежным журналістам, пашырэння пакету макрадапамогі пасля пераменаў.

«Увогуле, тэма правоў чалавека – скразная, – кажа Вячорка. – Мы звяртаем увагу міністраў Еўразвязу і на міжнародныя суды, следства супраць Лукашэнкі за парушэнне канвенцыі пра катаванні і захоп самалёта. І многія з гэтых пунктаў ужо рэалізоўваюцца. Нашая задача – зрабіць так, каб міністры размаўлялі і пра падтрымку беларусам, а не толькі пра тое, як пакараць Лукашэнку».

Глабальнае пытанне
Як працуюць санкцыі?
2021.10.18 18:03

У прыватнасці, зазначае Вячорка, міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч прапанаваў павялічыць падтрыманне грамадзянскай супольнасці, журналістам, актывістам, а таксама ўзмацніць санкцыі, у тым ліку супраць «Белавіі». Яго падтрымаў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс. Ірландскі міністр Сайман Коўвэні таксама сказаў, што Ірландыя падтрымлівае новы раўнд санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, што трэба спыніць любыя кантракты на пастаўкі і абслугоўванне самалётаў, паколькі яны выкарыстоўваюцца для перакідвання мігрантаў.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў