«Было такое, што ў кожным класе адсутнічала палова вучняў». Што кажуць чытачы пра каронавірус у школах


Чацвёртая хваля каронавіруснай інфекцыі адзначаецца больш шырокім ахопам насельніцтва: цяпер на COVID-19 масава і цяжка хварэюць не толькі людзі сталага веку і тыя, хто мае хранічныя хваробы, але і маладыя.

Медыкі паведамляюць пра адсутнасць месцаў у больніцах. На гэтым фоне незразумелай выглядае сітуацыя ў школах Беларусі, дзе заняткі працягваюцца ў звычайным рэжыме. Чытачы Belsat.eu распавядаюць, што цяпер адбываецца ў навучальных установах краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Дзеці хварэюць масава»

Чытачы паведамляюць, што масавыя выпадкі захворвання сярод вучняў назіраюцца ў менскай школе № 168, аднак дзеці працягваюць хадзіць на заняткі, бо за пропускі, даўжэйшыя за 5 дзён, патрабуюць даведкі:

«Дзеці хварэюць масава. У іх насмарк і кашаль, баляць горлы. Пры гэтым удома не ўсе застаюцца, хворыя вучні прыходзяць у школу. У многіх таксама хварэюць і бацькі, але каронавірус не ўсім пазначаюць, не ўсім тэсты робяць, а ставяць дыягназ ВРВІ. Усё гэта назіраецца з пачатку навучальнага года».

Паводле бацькоў вучняў, у школе ігнаруюцца базавыя меры бяспекі, а масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца:

«Самае жудаснае, што дзяцей прымушаюць хадзіць на экскурсіі, у тэатры і кіно суботамі, бо настаўнікам патрэбная справаздача пра выкананую працу. Сябры бацькоўскага камітэту выслужваюцца перад класнымі кіраўнікамі, прапаноўваюць масавыя экскурсіі ў іншыя гарады. Таксама ў школе збіраюць поўную актавую залу для сустрэчаў з прадстаўнікамі навучальных установаў для прафесійнай арыентацыі падлеткаў. Ні пра дыстанцыю, ні пра апрацоўванне рук гаворкі не ідзе. Больш за тое, дзеці яшчэ і вымушаныя дзяжурыць у сталоўцы цэлы дзень, разносячы ежу па сталах. Ці дапускае санстанцыя такое ў аб’ектах масавага харчавання?»

Вялікая колькасць захварэла і ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка ў Менску. Тут таксама ігнаруецца праблема:

«Каля двух тыдняў было такое, што ў кожным класе адсутнічала палова вучняў. Хварэюць і настаўнікі. Дзеці сядзяць удома на бальнічным тыдзень, потым ідуць вучыцца з кашлем, пасля чаго зноў тыдзень сядзяць удома. На пачатку навучальнага года адзін з класных кіраўнікоў захварэў на каронавірус, аднак нікога не адпраўлялі на ізаляцыю як кантактаў першага ўзроўню».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Падобная сітуацыя назіраецца не толькі ў дзяржаўных школах Менску, але і ў прыватных:

«У класе 13 чалавек, і адначасова 3 захварэлыя вучні з сімптомамі і станоўчымі ПЛР-тэстамі. Адразу за імі захварэў і настаўнік, у яго таксама станоўчая ПЛР».

Пытанне хворых без сімптомаў у школе не абмяркоўваецца, усе дзеці вучацца ў адным кабінеце, за выключэннем інфарматыкі. Але, на думку чытачоў Belsat.eu, віны кіраўніцтва школы ў гэтым няма.

«Гэта больш адносіцца да пытання «дзеці не хварэюць», але ніяк не да самой школы. Усім даюць магчымасць вучыцца онлайн, але дзеці выбіраюць наведваць урокі, бо ім цікава».

«Аніякіх мераў, акрамя добраахвотнага нашэння масак дзецьмі»

Шматдзетная мама з Менску гаворыць, што ў розных школах сталіцы, у якіх вучацца ейныя дзеці, па-рознаму рэагуюць на распаўсюд хваробы сярод вучняў.

«Я мама траіх школьнікаў. У школах не ўводзіцца аніякіх мераў, акрамя добраахвотнага нашэння масак дзецьмі. Сёння размаўляла з адміністрацыяй школы, і хоць у класе два пацверджаныя выпадкі COVID-19, на аддаленае навучанне нікога не адпраўляюць, бо няма распараджэння міністэрства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Старэйшая дачка вучыцца ў Ліцэі БДУ, там, калі ў класе дзіцё захварэе на каронавірус, увесь клас ізалююць на 7 дзён. Лепш ужо так, чым нічога. Бо ў краіне катастрофа, але калі распараджэння няма, будзем рабіць выгляд, што нічога не адбываецца».

«Вакол размовы пра захварэлых і памерлых»

Чытачы з Маладзечна паведамляюць, што ў мясцовай сярэдняй школе № 29 вельмі вялікі адсотак захварэлых дзяцей:

«У пачатковым класе майго дзіцяці хварэюць 9 чалавек, у паралельным класе з 28 вучняў хварэюць 17».

«Настаўнікам ужо гэта абрыдла, і яны разважаюць пра звальненне, бо жыццё даражэйшае за тыя грошы».

Да Belsat.eu звяртаюцца і працаўнікі школаў. Яны таксама паведамляюць пра вялікую колькасць хворых сярод дзяцей і педагогаў.

«Я працую ў гомельскай школе. Многія настаўнікі на бальнічным, дзеці таксама хварэюць. У параўнанні з мінулым годам у школе многа вучняў з моцным кашлем. Аднак бацькі ўсё адно адпраўляюць іх у школу, гаворачы пра тое, што кашаль доўга не вылечваецца, а бальнічны надоўга не даюць. І калі летась дзеці хварэлі бессімптомна, то цяпер яны хварэюць з высокай тэмпературай і моцным кашлем. Старшакласнікі хварэюць тры тыдні і працягваюць кашляць. Настаўнікі носяць маскі, але гэта мала дапамагае, бо дзеці іх не носяць. Больш трывалыя настаўнікі замяняюць захварэлых калегаў, кантактуючы з большай колькасцю вучняў, абураюцца, але працуюць. Вакол размовы пра захварэлых і памерлых».

Паводле працаўнікоў школы, у гэты ж час адміністрацыя не скасоўвае ідэалагічных і масавых мерапрыемстваў:

«Адміністрацыя не скасоўвае ні класных, ні інфармацыйных гадзінаў – ідэалогія важнейшая! Не скасоўваюцца і масавыя мерапрыемствы ў суботы, дзе дзеці вельмі блізка кантактуюць паміж сабой».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ПБ / Белсат

Чытачы пішуць, што ў менскай школе № 151 вялікая колькасць захварэлых настаўнікаў, большасць з якіх інфікаваныя каронавірусам.

«Усяго ў школе разам з выхавальнікамі і лагапедамі 64 педагогі, 16 з іх захварэлі і цяпер на бальнічным, 11 хворых дакладна з каронавірусам».

Паведамляецца, што многія бацькі вучняў школы таксама хварэюць, але ж дзеці ўсё адно наведваюць навучальную ўстанову.

Чытачы з Берасця інфармуюць, што ў іхных школах сітуацыя з каронавірусам такая ж:

«З майго назірання, шмат дзяцей хварэла ў канцы верасня – пачатку кастрычніка, а цяпер хварэюць настаўнікі. На працу яны не выходзяць доўга – бальнічныя на 2–3 тыдні».

Аднак настаўнікі з Віцебску паведамляюць і аб прымусовай вакцынацыі сярод іх. У школе № 25 дырэктарка на нарадзе пагражала звальненнем тым, хто не вакцынаваўся.

«Яна склала спіс усіх тых, хто не прышчапіўся, і будзе з кожным асабіста размаўляць Хто не прышчэпіцца, таго знойдзем, за што звольніць».

ВК belsat.eu

Стужка навінаў