АБСЕ спыніла маніторынгавую місію на Данбасе праз пратэст сепаратыстаў


У суботу каля 200 пратэстоўцаў выступілі супраць АБСЕ з парабаваннем вызваліць баевіка, захопленага ўкраінскімі вайскоўцамі. Раней АБСЕ ўжо сутыкалася з пратэстамі, арганізаванымі сепаратыстамі, але на гэты раз дэманстранты заблакавалі ўваход у данецкі офіс арганізацыі.

Прадстаўнікі маніторынгавай місіі АБСЕ. Марыупаль, Украіна. 27 студзеня 2015 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / OSCE, CC BY-ND 4.0

Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе )АБСЕ) спыніла маніторынгавую місію на ўсходзе Украіны пасля пратэстаў ля сваёй штаб-кватэры ў Данецку, піша Reuters са спасылкай на заяву кіраўніка місіі.

Спыненне працы патлумачылі правіламі бяспекі, але непасрэднай пагрозы ад пратэстоўцаў, якія сабраліся пад штабам АБСЕ ў Данецку, місія не адчувала.

Баевікі «ДНР» сцвярджаюць, што ўкраінскія вайскоўцы захапілі іхнага афіцэра Андрэя Касяка каля лініі фронту ў мінулую сераду, а ён уваходзіў у камітэт, які кантраляваў спыненне агню. Украінскае міністэрства абароны жа сцвярджае, што Касяк – грамадзянін Расеі, які ў складзе групы расейскіх вайскоўцаў выконваў выведную аперацыю.

Місія АБСЕ пастаянна фіксавала шматлікія парушэнні замірэння. Так, толькі ў справаздачы за 16 кастрычніка місія паведаміла пра 236 парушэнняў замірэння ў Данецкім рэгіёне і 273 парушэнні ў Луганскім, у тым ліку 72 выбухі ў першым і 214 у другім, што значна вышэй за сярэднія паказнікі 2020 года. Місія ў справаздачы не называе адказных за парушэнні.

АА belsat.eu

Стужка навінаў