Спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі прыляцела ў Арменію


Дэлегацыя Кангрэсу на чале з Нэнсі Пэлоўсі прыбыла ў Ерэван 17-га верасня і прабудзе там з візітам да 19-га, паведамляе прэс-служба амбасады ЗША ў Арменіі. Гэта першы візіт амерыканскіх чыноўнікаў такога рангу ў Арменію.

Спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі.
Фота: Getty Images

Прадстаўнікі Кангрэсу ЗША плануюць сустрэцца з прэм’ер-міністрам Ніколам Пашынянам, спікерам Нацыянальнага сходу Аленам Сіманянам і іншымі чыноўнікамі. Прадметам абмеркавання стануць амерыкана-армянскія адносіны і бягучая сітуацыя ў сферы бяспекі.

Нэнсі Пэлоўсі звернецца да прэсы, прыме ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да Мемарыялу Генацыду арманяў, выступіць з прамовай у Цэнтры мастацтваў Кафясчана.

На пачатку жніўня бягучага года Нэнсі Пэлоўсі наведала Тайвань, што стала прычынай абвастрэння адносінаў ЗША з Кітаем, які лічыць Тайвань сваёй тэрыторыяй.

13 верасня абвастрылася сітуацыя на армяна-азербайджанскай мяжы. У Мінабароны Арменіі заявілі, што агонь адкрылі азербайджанскія ўзброеныя сілы. У Мінабароны Азербайджану тлумачылі абстрэл адказам на дыверсіі армянскіх вайскоўцаў. Міністэрства абароны Азербайджану заяўляла пра гібель 50 вайскоўцаў, Арменіі – пра 105 ахвяраў. Арменія папрасіла вайсковай дапамогі ў АДКБ «для аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці краіны». Увечары 14 верасня сакратар Рады бяспекі Арменіі Армэн Грыгар’ян заявіў, што краіны дамовіліся аб спыненні агню.

Аператыўная група АДКБ распачала працу ў Арменіі, аднак аб адпраўцы кантынгенту гаворка пакуль не вядзецца, заявіў кіраўнік місіі АДКБ у Арменіі Анатоль Сідараў на брыфінгу. Старшыня армянскага парламенту Ален Сіманян выказаў незадаволенасць дзеяннямі Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў