Намёк на дыялог з Лукашэнкам, ці гульня надалей. Калі чакаць амністыю палітвязняў?

Дэкларацыя аб магчымай амністыі, а таксама месцамі нечакана мяккі тон у выступе Лукашэнкі на прапагандысцкім форуме 17 верасня могуць дазволіць выказаць здагадку, што беларускі дыктатар спрабуе вярнуцца да маніпулятыўных формаў палітычнай гульні са сваімі супернікамі і з Захадам.

Інсталяцыя на Кастрычніцкай плошчы ў гонар Дня народнага адзінства. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Я, вядома, не веру словам Лукашэнкі, ужо занадта далёка зайшла сітуацыя і ў краіне, і па-за ёй, занадта шмат злачынстваў было здзейснена дзеля ўтрымання ўлады, але і ён не можа не разумець таго, што пазіцыі Расеі слабеюць. Адпаведна вайна ва Украіне можа дрэнна скончыцца асабіста для яго. Не дарма ён успомніў аб «фарміраванні сілавых падраздзяленні для звяржэння ўлады ў Беларусі».

У сувязі з гэтым назіраецца эпізадычнае змякчэнне, прынамсі, у некаторых момантах выступу Лукашэнкі, што можна адзначыць па яго выказваннях на форуме з нагоды Дня яднання 17 верасня.

Вось, на што беларускі дыктатар зрабіў упор і заклікаў «ціха і вельмі ўважліва паслухаць»: «Дык вось гэта галоўны ўрок для ўсіх. Для нас, хто жыве на тэрыторыі Беларусі. Для праўладных і не. Для апазіцыянераў і збеглых. Мы павінны запомніць: калі мы не возьмем галаву ў рукі, то ў гэтым вось цяперашнім перадзеле свету мы зноў апынемся ў гэтым страшным палітыка-эканамічным замесе».

Hавiны
Прамова Лукашэнкі на 17 верасня: антызаходняя рыторыка і ні слова пра амністыю
2022.09.17 22:24

Вядома, віртуозная, славесная эквілібрыстыка. Але гэта ўжо не мабілізацыйны заклік да сваіх прыхільнікаў, накіраваны на знішчэнне ўнутраных ворагаў, тут ёсць агульнае «мы», якое, вядома можа мець выключна дэкаратыўнае значэнне.

У гэтым можна прачытаць звыклае, «давайце перагорнем старонку», намёк на магчымую «размова» з праціўнікамі» дзеля краіны (!!!), якую, як у 1918-1920 гадах ХХ стагоддзя, гатовыя разарваць знешнія сілы.

Раней ён патрабаваў каб «збеглыя» прыпаўзлі на каленях і прабачэння прасілі. А цяпер «МЫ», «наша краіна» і знешнія сусветныя гульцы супраць нашых інтарэсаў. Лукашэнка сам прыклаў нямала намаганняў для таго, каб «замес» прыйшоў у нашу краіну. Тут расейскія войскі, краіна ўвязалася ў агрэсію супраць Украіны, сам ён раней прасіў у Масквы ядзерную зброю. Цяпер, для яго відавочна, што Масква прайграе і для яго можа адкрыцца акно магчымасцяў, таму і ўспомніў, што ёсць «наша краіна», якую неабходна зберагчы.

Аднак для таго, каб узяць галаву ў рукі для ўладаў неабходна зусім няшмат, перш за ўсё, ад самой улады:

  • спыніць рэпрэсіі і тэрор ўнутры краіны. Адмовіцца ад палітыкі фільтрацыі і пераследу ў любых яе формах. Раней Лукашэнка нароўні з «амністыяй» заяўляў аб магчымасці пазбаўляць беларусаў грамадзянства;
  • пачаць вызваляць палітычных зняволеных;
  • абмежаваць расейскую прапаганду ў Беларусі і пераслед за салідарнасць з Украінай;
  • прымусіць расейскія войскі пакінуць тэрыторыю краіны.

Першае і другое будзе зрабіць лёгка, усё залежыць ад яго волі. Сігналам для таго, што Лукашэнка гатовы да пераменаў ва ўнутранай палітыцы будзе «амністыя», якую ён сам жа і абвясціў. Вядома, чакаць поўнай амністыі пры дыктатуры няма сэнсу, але вызваленне жанчын (без папярэдніх умоў), асабліва Кацярыны Андрэевай, Паліны Шарэнда-Панасюк, Валерыі Касцюговай можна было б расцэньваць як сапраўдны сігнал да дзеяння.

Пакуль жа, мы не бачым ніякіх рэальных крокаў у гэтым кірунку. У гэтым плане наступны тыдзень будзе паказальным, больш за тое, рэпрэсіі (чысткі і арышты) працягваюцца, як і рэтрансляцыя расейскай прапаганды.

У сваю чаргу, калі аўтарытарныя ўлады зробяць першы крок, то як на гэта адрэагуе дэмакратычная супольнасць?

Мітынг, прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. 9 жніўня 2022 г. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Улічваючы, што з аднаго боку, у працэсе супрацьстаяння з рэжымам грамадства заплаціла высокую цану, а з другога, стомленае ад гэтага напружання і страху, страціла надзею на хуткія перамены і расчаравалася ў палітычных акторах. На сённяшні дзень праглядаюцца два варыянты.

Жорсткі падыход. Вайна з рэжымам да пераможнага канца, вызваленне ўсіх зняволеных, сыход Лукашэнкі (перадача ўлады), новыя выбары праз няпэўны час. Разлік на хуткую перамогу Украіны, заняпад Масквы і дэстабілізацыю сістэмы праз сілавы механізм. Разам з тым невядома, як будзе разгортвацца працэс дэзінтэграцыі Расеі па часе і форме і ці будзе ён наогул мець месца.

Кампрамісны падыход (умоўна гандаль): змякчэнне санкцый, пачатак кулуарнага перамоўнага працэсу ў мэтах «далейшай нармалізацыі сітуацыі» ў краіне. Далейшае вызваленне зняволеных, спыненне рэпрэсій, прапрацоўка механізмаў вываду Беларусі з-пад уплыву Расеі. Разам з тым, не варта забываць, што наўзамен Лукашэнка будзе імкнуцца атрымаць гарантыі асабістай улады.

Застаецца ключавой пытанне, ці будзе дадзены працэс акном магчымасці для апазіцыі умацаваць сваё становішча і ўплыў, а таксама умовай для мірнай палітычнай трансфармацыі ў самой Беларусі.

Hавiны
«Сітуацыя ў рэгіёне можа хутка мяняцца». Ціханоўская распавяла, якія тэмы ўздыме на Генасамблеі ААН
2022.09.17 15:10

Павел Усаў / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў