Заторкнуць сабе рот – горш за турму: Кныровіч пра зняволенне, эміграцыю, сцяг і шанцы на перамены


Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018 годзе яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 года стала вядома пра яго вызваленне. Варшава, Польшча, 17 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч правёў у няволі чатыры з паловай гады за тое, што ўлады назвалі карупцыяй. Сам ён, як і раней, лічыць, што яго пакаралі за звычайную гаспадарчую дзейнасць. Месяц таму Кныровіч выйшаў на волю, цяпер ён ужо за мяжой, нядаўна далучыўся да каманды стартап-хабу «Imaguru».

Як сябе адчувае

14 верасня – менш чым праз месяц па вызваленні – Кныровіч расказаў праз Facebook, што з’ехаў з Беларусі. Праз месяц пасля вызвалення, згадвае ён, на шмат якія пытанні адказваў: «Усё значна лепш за мае чаканні». Так кажа «Белсату» і пра цяперашнюю сітуацыю.

«Як толькі самалёт пакінуў паветраную прастору СНД, я выпіў 20 грамаў і адчуў, што маё жыццё змянілася кардынальна, – расказвае Кныровіч. – Я, канечне, адчуваю свабоду, але і адчуваю вялізны выклік: каб вярнуцца да нармальнага жыцця, яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць.

Таму пакуль жыццё не нармальнае. Але гэта вялікі пазітыўны выклік. Мне цікава».

Гісторыі
Хто такі Кныровіч? Гісторыя бізнесоўца і крытыка Лукашэнкі, які быў за кратамі 4,5 года
2021.08.18 16:20

Пра пераезд з Беларусі

«Я з’язджаў практычна ў нікуды, не ведаў, што мяне чакае, – кажа ён. – Гэта, канечне, вельмі страшна і вельмі цяжка. Бо там усё жыццё прайшло, там блізкія, там сябры. Я з’язджаў у нікуды, каб ужо на месцы разважаць, што будзе далей».

У допісе пра пераезд Кныровіч пісаў, што «няма і не можа быць важнейшай каштоўнасці ў жыцці чалавека, чым свабода» – маўляў, не змог бы запхнуць уласную годнасць кудысь глыбока толькі дзеля таго, каб застацца ў Беларусі.

«Можна было б займацца бізнесам, калі я б мог сабе заторкнуць рот і наступіць на яйцы, – мяркуе Кныровіч. – Але гэта шлях да псіхасаматычных хваробаў, да язвы, анкалогіі. Гэта значна горш, чым турма».

Ён думае, што пасля гутарак з «Белсатам» і Zerkalo.io яго калі не прызнаюць «экстрэмістам», дык дакладна «паставяць птушачку». Таму і вяртанне ў Беларусь ужо дакладна залежыць ад палітычных абставінаў у краіне, а нішто іншае за мяжой не трымае.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018 годзе яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 года стала вядома пра яго вызваленне. Варшава, Польшча, 17 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

Пра новую працу ў «Imaguru»

Да затрымання Кныровіч кіраваў бізнес-холдынгам «Сармат», які не перажыў ягонага зняволення і спыніў дзейнасць. Таксама Кныровіч быў сярод заснавальнікаў «Бавін» – супольнасці «бізнес-анёлаў» (венчурных інвестараў, якія даюць фінансавае і экспертнае падтрыманне кампаніям на самых ранніх этапах развіцця). Той супольнасці таксама ўжо няма.

Але за мяжой Кныровіч даволі хутка знайшоў аднадумцу: сузаснавальніцу стартап-хабу «Imaguru» Таццяну Марыніч. «Imaguru» ў Менску пазбавілі памяшкання, з ліпеня штаб «Imaguru» ўжо ў Мадрыдзе, хаб стаў партнёрам карпарацыі «Google». Кныровіч кажа, яны з Марыніч хутка прыйшлі да разумення, што ён і стартап-хаб маюць супольныя мэты. Цяпер Кныровіча прызначылі дырэктарам у міжнародным развіцці.

«Пакуль гэта больш аванс мне, чым прызнанне маёй эфектыўнасці, – смяецца Кныровіч. – Але я спадзяюся, гэта будзе вельмі выгадная для ўсіх супраца. Гэта не вялікі камерцыйны праект, але і не хобі. Мы ставімся да яго як да бізнес-напрамку, гэта мусіць быць акупляльна, прыбыткова ў будучыні».

Прынамсі найбліжэйшым часам Кныровіч збіраецца займацца толькі развіццём «Imaguru» і не брацца ні за што іншае – спадзяецца, для паўнавартаснага жыцця гэтага будзе дастаткова. А што будзе далей, залежыць ад таго, якія праекты будуць прыходзіць у «Imaguru», і як сам ён адаптуецца ў супольнасці беларусаў за мяжой.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018 годзе яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 года стала вядома пра яго вызваленне. Варшава, Польшча, 17 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

Пра здароўе, якое палепшылася ў калоніі

За час зняволення здароўе Кныровіча не пагоршылася, а стала толькі лепшым, хіба зрок стаў садзіцца. А нярэдка людзі выходзяць на волю з папсаваным здароўем. У чым сакрэт?

«Давайце размяжоўваць два месцы: СІЗА і калонію, – распавядае ён. – СІЗА гэта напраўду вялікае выпрабаванне. СІЗА КДБ – гэта вельмі маленькія камеры, гнілыя сцены, абмежаваны аб’ём руху. У найлепшым выпадку на шпацыры можна нават не адну гадзіну, а хвілін 45 рабіць вельмі абмежаваную колькасць фізічных практыкаванняў. Таму з СІЗА ніхто, безумоўна, паздаравелым не выходзіць.

Але ёсць калонія. Канкрэтна ў калоніі «Віцьба» вельмі здаровыя ўмовы з гледзішча прыроды, магчымасці дбаць пра сябе, займацца спортам. Таму за два з паловай гады ў калоніі я стаў значна здаравейшым. Гэта выйшла само сабой, хіба я свядома адмовіўся ад жывёльных тлушчоў, наколькі гэта магчыма, не еў мяса, сала, масла. Гэта адзіныя асэнсаваныя высілкі, якія былі».

Пра тое, што адбылося з Беларуссю за час ягонага зняволення

У калоніі Кныровіч глядзеў тэлеканал «Euronews», пакуль яго вяшчанне не спынілі ў Беларусі, чытаў «Народную волю» і «Белгазету», пакуль ім не закрылі магчымасць друкавацца. Таму за навінамі ён сачыў, наколькі на тое была магчымасць. І глядзеў на гэта «як на фантастыку»: не мог паверыць, што ў Беларусі адбываецца такое, не давяраў сваім адчуванням. Згадвае, як меў песімістычныя адчуванні, але, калі тэлефанаваў блізкім, яны перадавалі яму бясконца вялікі ўзровень пазітыву.

«Я б сказаў, што да лета 2020 года Беларусь была ў гэткай стагнацыі, спячцы, – разважае Кныровіч. – Нібы і ёсць краіна, і людзі нібы кудысьці ходзяць, кудысьці развіваемся. Але без мэты, без яскравай зоркі наперадзе.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018 годзе яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 года стала вядома пра яго вызваленне. Варшава, Польшча, 17 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

2020 ж год дазволіў Беларусі прачнуцца. Народ прачнуўся, гэтым мяне вельмі здзівіў. Гэта выклікала агрэсію з боку літаральна некалькіх людзей, а мо і толькі аднаго чалавека, які трымаецца за ўладу і зусім не хоча адыходзіць. Я б не сказаў, што гэта нематываваная агрэсія: для яго страта ўлады – гэта страта ўсяго, самагубства. Але бясконца высокі ўзровень агрэсіі, грамадскі раскол, вымушаная эміграцыя… Краіна згвалтаваная, іначай не скажаш».

Пра бел-чырвона-белы сцяг

У 2016 годзе Кныровіч разважаў на Facebook аб тым, што Беларусь магла б замест чырвона-зялёнага і бел-чырвона-белага выбраць сабе новы сцяг, каб «не чапляцца за мінулае». Тады ягоная прапанова блакітна-бел-зялёнага сцяга з буслам нарабіла вэрхалу ў пэўных колах. А ў 2020 годзе беларусы выйшлі на пратэст амаль толькі з бел-чырвона-белымі сцягамі, зусім рэдка бралі дзяржаўныя. Той пост яшчэ актуальны? Кныровіч кажа, абставіны змяніліся.

«Ведаеце, у 2016 годзе мы былі ў зусім іншай сітуацыі, – адказвае ён. – Я мог сабе дазволіць паўжартоўны-паўсур’ёзны матэрыял пра тое, што розныя сцягі раз’ядноўваюць, маўляў, давайце дзеля аб’яднання зробім нейкі адзін сцяг. У гэтым было шмат вельмі лёгкай балбатні.

Калі ж прыйшоў 2020 год, час для такой публіцыстычнай лёгкасці абсалютна мінуў. Для мяне сёння няма такога фармату, магчымасці абмяркоўваць альтэрнатыўныя сцягі Беларусі. Гэта за межамі разумнага. Рэч жа не ў самім бел-чырвона-белым сцягу, а ў тым, што ён сімвалізуе. А сёння ён сімвалізуе бясконцы вычын і еднасць вельмі вялікай колькасці людзей – а таксама вельмі вялікую трагедыю, звязаную са смярцямі, кроўю».

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018 годзе яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 года стала вядома пра яго вызваленне. Варшава, Польшча, 17 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

Пра шанцы на перамогу пратэсту

Калі Кныровіч назіраў за беларускім пратэстам з няволі, ён думаў, што імавернасць пазітыўных пераменаў – большая за 50 %. Цяпер жа ён лічыць, што 90 % шанцаў на тое, што ўсё застанецца, як было.

«10 % я аддаю на тое, што жыццё пакідае месца нечаканасцям і памылкам, што могуць здарыцца невядомыя нам рэчы, – лічыць Кныровіч. – Таму я планую сваё жыццё з таго, што я надоўга тут. І з таго, што людзі, якія з’ехалі, мусяць будаваць сваё жыццё, сыходзячы з новай рэальнасці. А з’ехалі, паводле розных ацэнак, ад 200 да 400 тысяч. Як габрэі, якія пайшлі з егіпецкага палону: наўрад ці яны моцна цешыліся, калі сышлі, але іншага шляху ўжо няма».

АА belsat.eu

Стужка навінаў