Вячорка: Самы час стварыць прэцэдэнт па прызнанні рэжыму Лукашэнкі злачынным


Франак Вячорка, дарадца і кіраўнік аддзелу знешняй палітыкі ў штабе Святланы Ціханоўскай. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Самае галоўнае – мы дамовіліся, як трымаць Беларусь на парадку дня падчас старшынства Францыі ў Еўрапейскім Звязе», – заявіў у эфіры Белсату дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы Франак Вячорка, калі гаворка зайшла пра візіт палітычнай лідаркі ва Францыю.

Па яго словах, палітыкі абмеркавалі палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі і варыянты дапамогі беларускаму грамадству:

«Міністр замежных справаў сказаў, што адкрыюцца новыя стыпендыі для беларускіх студэнтаў. З аднаго боку – для рэпрэсаваных, а з другога – для падрыхтоўкі будучых беларускіх элітаў, якія потым змогуць вывесці Беларусь з крызісу».

Таксама Вячорка распавёў пра тое, што ідзе праца над планам выхаду Беларусі з крызісу:

«Пакуль Лукашэнка падпісвае свае дарожныя карты пра ўратаванне сябе любімага, нам трэба шукаць шляхі, як вывесці Беларусь з крызісу».

Пра крымінальныя справы ў дачыненні злачынстваў рэжыму ён даў такі каментар:

«Ужо ёсць група юрыстаў і група праваабаронцаў, якія якія працуюць у гэтым кірунку. З аднаго боку яны разглядаюць магчымасці ўніверсальнай юрысдыкцыі, яе інструментаў у Францыі. З іншага боку – падрыхтоўка матэрыялаў для папярэдняга расследавання. У Міжнародным крымінальным судзе ці ў Міжнародным судзе ААН ёсць некалькі стадыяў. Можа быць да таго, як створаны трыбунал, можа быць праверка. І для гэтага патрэбна краіна, інстытут ці суб’ект, які падае дакументы для гэтага расследавання. Над гэтым працуе група юрыстаў. Вельмі актыўна ўключылася і беларуская дыяспара».

Дарадца распавёў, што паралельна запушчаны працэс расследавання справы злачынстваў супраць чалавечнасці:

«Як у Нямеччыне юрысты падалі ў Федэральную пракуратуру Нямеччыны на Лукашэнку за ягоныя злачынствы, так падобны працэс можа адбыцца і ў Францыі. Абмяркоўвалі магчымасць прызнаць рэжым злачынным, але ёсць пэўныя абмежаванні ў гэтым напрамку таму, што няма такіх прэцэдэнтаў. Магчыма, самы час гэты прэцэдэнт зрабіць».

Стужка навінаў