«Лічыла сябе здрадніцай у адносінах тых, хто застаўся ў Беларусі». Алена Янушкоўская – пра ўцёкі з краіны


У лютым 2021 года віцебская актывістка і блогерка Алена Янушкоўская, ратуючыся ад пераследу сілавікоў, была вымушаная пакінуць Беларусь. Збягаць давялося і ейнай дачцэ Юліі Уласенцы, якая выхоўвае дзвюх няпоўнагадовых дачок. Чаго каштавала такое рашэнне і як сям’я жыве цяпер, belsat.eu апавяла сама Алена Янушкоўская.

«Не мела б сям’і, палічыла б за лепшае сесці ў турму, бо ніколі не збіралася пакідаць радзімы»

На пачатку выбарчай кампаніі 2020 года Алена Янушкоўская ўжо мела за плячыма вялізны – 4590 рублёў – багаж штрафаў за ўдзел у мітынгах супраць падпісання дарожных мапаў з Расеяй. І гэта з улікам таго, што актывістку фактычна пазбавілі магчымасці зарабляць на жыццё, паўсюль адмаўляючы ў працы. Прэзідэнцкая кампанія 2020 года для Алены Янушкоўскай складалася з агітацыйных пікетаў, назірання на выбарчым участку, а затым і ўдзелу ў штотыднёвых пратэстах у Віцебску. За грамадзянскую актыўнасць жанчыну 14 разоў прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ, і ўсе 14 разоў яе затрымлівалі на 72 гадзіны да суда, а потым каралі ці арыштам, ці вялізным штрафам. Удома ў Алены ладзілі ператрусы, якія заканчваліся для яе выманнем тэхнікі.

Алена Янушкоўская на адным з мітынгаў беларусаў Варшавы.
Фота: асабісты архіў

«Пасля маіх апошніх содняў у ІЧУ, якія былі ў лютым 2021 года, па Віцебску прайшла хваля ператрусаў у мясцовых актывістаў, у тым ліку і ў маёй дачкі Юліі Уласенкі, пасля чаго да яе зачасцілі прадстаўнікі апекі. Пагрозы адабраць дзяцей гучалі і дагэтуль, але цяпер асобныя супрацоўнікі сілавых ведамстваў, якія нам спачувалі, паведамілі, што на нас з дачкою збіраюцца завесці крымінальныя справы, і нам трэба тэрмінова з’язджаць».

Паводле Алены Янушкоўскай, неабходныя рэчы яна сабрала за дзве гадзіны, пасля чаго таемна выехала з Беларусі, пакінуўшы дачку з унукамі ўдома. Час, пакуль актывістка не сустрэлася са сваёй сям’ёй ізноў, у Кіеве, быў для яе самым страшным за ўсе гады жыцця:

«Страшна было за дзяцей, якія пакуль яшчэ заставаліся ў краіне. Гэта не давала спакою майму сумленню, я лічыла сябе здрадніцай у адносінах тых, хто застаўся ў Беларусі. Гэтае пачуццё не адпускае мяне і цяпер. Не мела б сям’і, палічыла б за лепшае сесці ў турму, бо ніколі не збіралася пакідаць радзімы».

«Велізарная падзяка псіхолагам, якія дапамаглі нам з усім гэтым справіцца»

Мяжу Украіны Алена Янушкоўская мінула 14 лютага, ейная дачка з унукамі прыехалі праз тыдзень – 21 лютага. Усё атрымалася дзякуючы мясцовым праваабаронцам, якія арганізавалі выезд з краіны, а потым дапамаглі з часовым уладкаваннем у Кіеве.

Алена Янушкоўская з сям’ёй ды іншымі ўцекачамі на мітынгу Святланы Ціханоўскай. Варшава, 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: асабісты архіў

«Ва Украіне ўсё было добра: нам далі бясплатнае жыллё на месяц, фонды дапамаглі першым неабходным, далі сутачныя на жыццё. За гэты месяц мы паспелі атрымаць польскія гуманітарныя візы – так рабілі многія. І перад намі паўстала пытанне: заставацца тут ці ехаць далей у Польшчу? Да прыняцця рашэння на карысць Польшчы нас падштурхнулі асобныя падзеі ва Украіне, у тым ліку збіццё невядомымі актыўных беларусаў, якія прыехалі ў краіну, ратуючыся ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі. І паколькі я не збіралася спыняць сваёй палітычнай барацьбы, у Кіеве гэта магло мець наступствы для мяне і маёй сям’і, таму мы палічылі Польшчу больш бяспечным варыянтам».

Па сканчэнні тэрміну пражывання ва Украіне сям’я паехала ў Польшчу. Пры мінанні мяжы даведаліся, што адбыць каранцін. Адразу з мяжы іх адвезлі ў гатэль, дзе яны заставаліся 10 дзён.

«У Польшчы праца з бежанцамі пабудаваная інакш, чым ва Украіне, дзе гэтым займаюцца фонды. Тут жа бежанцамі займаюцца асобныя валанцёры, і нагрузка на іх проста каласальная, таму яны далёка не ўсё паспяваюць. Уласна, калі каму прыйдзецца бегчы з Беларусі, як нам, раю больш спадзявацца на сябе, бо дапамога прыходзіць не заўсёды своечасова».

Фотарэпартаж
Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі ў Варшаве
2021.06.03 23:15

У Польшчы сям’я прайшла праз два лагеры для ўцекачоў. Напачатку Алена Янушкоўская з дачкой і ўнучкамі трапіла ў Белую Падляскую, дзе пераважна былі ўцекачы з Беларусі.

«Нас сустрэлі валанцёры, выдалі сім-карты для тэлефонаў, туалетныя прыналежнасці, прысмакі для дзяцей, нават слоік свежага бярозавіку далі, і кармілі нармальна тры разы на дзень. А праз тыдзень нас перавялі ў жаночы лагер у Варшаве, бо старэйшай унучцы трэба было вучыцца. Вось там спачатку было вельмі складана. Праўда, потым з дапамогай салідарных беларусаў, палякаў і чачэнцаў, усё наладзілася».

Са словаў Алены Янушкоўскай, вялікаю складанасцю жыцця ў лагеры стаўся каранцін, які вымусіў унучак вучыцца тут жа онлайн, што, у сваю чаргу, патрабавала пастаяннага догляду за імі.

«Мы былі ўвесь час прывязаныя да дзяцей, а калі яшчэ ўлічыць тое, што ў нас практычна не было сродкаў, а з рэчаў мы змаглі ўзяць мінімум, то гэта яшчэ пагаршала сітуацыю. Але самым страшным быў стрэс, які дзеці атрымалі яшчэ ў Беларусі праз страх страціць блізкіх. А потым зверху наклаўся яшчэ адзін – страта дому, усяго роднага, знаёмага. Велізарная падзяка псіхолагам, якія дапамаглі нам з усім гэтым справіцца».

Цяпер сям’я жыве на здымнай кватэры, дапамог адзін з фондаў. Дарослыя знайшлі часовую працу, а дзеці пайшлі ў школу і садок.

«Статусу абароны пакуль не маем, таму чакаем. Пакуль падзарабляем дзе можам – і на жыццё хапае. А калі атрымаем абарону, будзем уладкоўвацца на пастаяннае месца працы. А цяжкасці – так, а куды без іх? Праўда, я не ўяўляла, што нам праз такое давядзецца прайсці».

Унучкі Алены Янушкоўскай Варвара і Еўдакія ў лагеры для ўцекачоў у Варшаве.
Фота: асабісты архіў

«Цяпер я не бачу добрых раскладаў для Беларусі»

Апынуўшыся за мяжой, Алена Янушкоўская не перастала займацца актывізмам. Напачатку жанчына хадзіла на мітынгі беларусаў у Кіеве, а цяпер наведвае фактычна ўсе акцыі суайчыннікаў у Варшаве. Са словаў жанчыны, увесь гэты час яе не пакідае моцнае жаданне вярнуцца дамоў. Гэта яна і абяцае зрабіць у будучыні, праўда, пакуль не ведае, калі дакладна.

Аднак прагнозы ў актывісткі наконт будучыні Беларусі не самыя аптымістычныя:

«Скажу шчыра – без пустых пасылаў, без ілжывых надзеяў. Цяпер я не бачу добрых раскладаў для Беларусі, сітуацыя насамрэч вельмі цяжкая абсалютна з усіх бакоў. Лічу, што спадзявацца на санкцыі няправільна. Я заўсёды казала, што дапамагчы беларусам могуць толькі самі беларусы, што цяпер, на жаль, немагчыма пры тым тэроры, які зладзіла хунта. Людзі скутыя страхам, і я не ведаю, што ці хто ў такіх умовах можа падняць іх на барацьбу. Застаецца спадзявацца толькі на выпадак.

Але зрынуць Лукашэнку – гэта толькі маленькі крок у супраціве, далей будзе патрэбная зацятая барацьба за незалежнасць, і гэта галоўнае! На жаль, для многіх наваяўленых палітыкаў казаць пра гэта не ў трэндзе. Таму беларусам раю весці барацьбу ў нацыянальным ключы – гэта адзіны падмурак, на які мы можам абаперціся ў барацьбе за свабоду і незалежнасць!»

Фота
У свеце прайшлі акцыі салідарнасці з затрыманымі праваабаронцамі «Вясны»
2021.09.17 21:42

ВК belsat.eu

Стужка навінаў