Кіраўнік грамадскага руху «Краіна для жыцця»: нашая асноўная мэта – гэта зрынанне рэжыму


У пачатку верасня ў Кіеве быў зарэгістраваны грамадскі рух «Краіна для жыцця». Belsat.eu паразмаўляў з кіраўніком назіральнай рады Глебам Івашкевічам пра рэгістрацыю і дзейнасць руху, а таксама пра стасункі з аднайменным фондам, летась зарэгістраваным у Літве.

Рэгістрацыя руху

Ідэя рэгістрацыі руху ўзнікла яшчэ ў жніўні 2020 года, адразу пасля выбараў, калі стала зразумела, што барацьба з рэжымам прыняла зацяжны характар. Актывісты, большасць з якіх удзельнічала ў зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую і ў перадвыбарчай кампаніі, шукалі законную магчымасць працягваць барацьбу. На жаль, стала зразумела, што зарэгістраваць рух у Беларусі немагчыма, і актывісты руху, якія не спынілі барацьбы, пастанавілі зарэгістравацца на тэрыторыі Украіны.

Да рэгістрацыі рыхтаваліся каля 3 месяцаў. Вывучалі заканадаўства Украіны, рыхтавалі ўстаноўчыя дакументы – усё з захаваннем максімальных захадаў бяспекі.

«Пасля рэгістрацыі руху ў актывістаў з’явіліся новыя мажлівасці для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў. Рух цяпер можа кантактаваць на афіцыйным узроўні з любымі структурамі, надаваць дапамогу тым, каму гэта патрэбна, ладзіць разнастайныя мерапрыемствы, адкрыта заяўляць пра сваю дзейнасць на законных падставах».

Зʼявіўся рух «Краіна для жыцця».
Фота: з архіва Глеба Івашкевіча

Пра дзейнасць

«Да рэгістрацыі мы дзейнічалі фактычна ў падполлі на тэрыторыі Беларусі, нашыя прадстаўнікі не маглі адкрыта выступаць у СМІ, не маглі афіцыйна атрымоўваць дапамогу. Але нягледзячы на гэта мы дзейнічалі ў кожным горадзе Беларусі, і гэтая дзейнасць насіла самы розны характар. Ад удзелу ў працоўнай групе для абмеркавання новай Канстытуцыі пад кіраўніцтвам Лябедзькі (мы выказвалі прынцыповую пазіцыю аб шматлікіх пытаннях) да выдання газеты «Реальные новости» і ўсё магчымага падтрымання актывістаў, якія працягваюць барацьбу з рэжымам.

Нашы далейшыя дзеянні дзеляцца на два напрамкі ў залежнасці ад тыпу задачы.

  1. Лакальныя (кароткатэрміновыя), скіраваныя на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму: правядзенне разнастайных ініцыятываў, скіраваных на станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, аб’яднанне ўсіх дэмакратычных сілаў.
  2. Глабальныя (доўгатэрміновыя) – скіраваныя на пабудову новай Беларусі, дзе няма месца дыктатарскаму рэжыму.

Для таго, каб распавядаць пра сваю дзейнасць і даносіць да людзей свае погляды, мы яшчэ ўзімку стварылі Telegram-канал «Общественное движение «Страна для жизни».

Зваротная сувязь ажыццяўляецца праз бяспечны бот. Да рэгістрацыі руху многія нашыя акцыі і ініцыятывы не прыцягвалі шырокай увагі, але цяпер сітуацыя мяняецца. Цяпер праект ажыццяўляецца праз розныя сацыяльныя сеткі і YouTube-канал. Адзін з нашых праектаў у сферы медыяў – штотыднёвая газета «Реальные новости». Ва ўмовах татальных рэпрэсіяў грамадскі рух «Краіна для жыцця» наладзіў не толькі выпуск электроннай версіі газеты, але і яе друк у Беларусі.

Асаблівасць гэтай газеты – яе незалежная інфармацыйная палітыка. Кожны можа выказаць там сваё меркаванне, незалежна ад таго, падтрымлівае ён офіс Святланы Ціханоўскай ці не, з’яўляецца ён прыхільнікам плану «Перамога» ці «Супраціў». Гэты факт далёка не ўсім падабаецца, таму на адрас газеты была пэўная крытыка. Але мы лічым, што свабода слова павінна быць не на словах, а на справе, і мы гатовыя за гэта змагацца».

Кіраўнік назіральнай рады руху «Краіна для жыцця» Глеб Івашкевіч.
Фота: з уласнага архіву

Стасункі руху з лідарамі апазіцыі

«На жаль, я далучыўся да руху, калі Сяргей Ціханоўскі ўжо быў у няволі. Але за сябе скажу так, што калі б мне нешта не падабалася ў ідэях і поглядах Ціханоўскага і ягоных паслядоўнікаў, мы б цяпер з вамі не размаўлялі. Да Святланы Ціханоўскай мы ставімся з павагай. Актывісты ў Беларусі прапаноўвалі ёй яшчэ ўвосень 2020 года аб’явіць пра стварэнне руху для барацьбы ўнутры краіны, але ейны штаб (а цяпер і офіс) выбраў іншыя прыярытэты і накіраваў усе сілы на прыцягванне ўвагі да Беларусі за мяжой. Быў час, калі кіраўніцтва руху ў важных пытаннях кантактавала са Святланай Ціханоўскай і вырашала пэўныя пытанні. З Паўлам Латушкам нашы шляхі пакуль не перасякаліся».

Палітычныя мэты руху

«На дадзены момант нашая асноўная мэта – гэта зрынанне рэжыму. А таксама вызваленне зняволеных, якія сядзяць у турмах за свае палітычныя погляды, і гэтых людзей значна больш, чым тых, каго прызналі палітзняволенымі. Паводле звестак, якія агучваў Следчы камітэт, гэта 4500 крымінальных справаў, і мы разумеем, што ў адной справе можа быць некалькі прозвішчаў. І вельмі важна цяпер зрабіць усё, каб гэтыя людзі як найхутчэй выйшлі на волю!

Ну, і, вядома ж, мы выступаем за будаўніцтва дэмакратычнага грамадства ў Беларусі. А вось пра палітыку, я лічу, варта будзе размаўляць тады, калі палітыка ў краіне стане бяспечнай. Так будзе больш шчыра».

Бачанне руху знутры

«Усё пачалося з выбараў 2020 года. На той момант было многа сказана, але мала зроблена, а хлопцы з руху заўсёды дзейнічалі ціха, асцярожна і вынікова. Гэта тое, што мне спадабалася, і я далучыўся да іх. Я адзін з актывістаў так званых дваровых супольнасцяў, напэўна, таму і цікава было ўдзельнічаць у развіцці руху. Дадатковыя сувязі, зносіны, і я магу сказаць з упэўненасцю, што з людзьмі, з якімі я маю зносіны цяпер, я гатовы працягваць рабіць усё дзеля новай Беларусі, бо адчуваю, што мяне падтрымліваюць у руху, а гэта значыць, што я не адзін.

Я ведаю, што многія бачаць у нас сваіх сяброў, якія гатовыя прыйсці на дапамогу ў цяжкую часіну і не будуць афішаваць такія моманты. Гэта вельмі важна, асабліва цяпер, калі адбываецца нейкая падмена паняццяў, падмена арыенціраў. Важна захоўваць веру ў нас, у беларусаў, і не рабіць прамежкавых вывадаў. Трэба прыбраць свае амбіцыі і паспрабаваць уратаваць нашу краіну разам.

Мая асабістая асноўная стаўка ў перамозе – на так званыя дваровыя супольнасці, бо, па сутнасці, гэта гатовыя ячэйкі грамадства, якія, нягледзячы на няспынны прэс з боку ўладаў, выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ды працягваюць верыць у лепшае. Гэта і рабочыя на заводах, і настаўнікі, і бізнесоўцы, гэта той зрэз грамадства, якога так баіцца рэжым. Менавіта таму столькі сілаў і сродкаў цяпер кідаецца рэжымам на пошукі адміністратараў, дваровых лідараў, бо гэтага ён баіцца. З гэтай жа прычыны я сам быў вымушаны пакінуць Беларусь, але я і надалей застаюся верным сваёй справе».

Офіс фонду «Краіна для жыцця». Вільня, Літва. 21 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адносіны з фондам «Краіна для жыцця»

«Увосень 2020 года ў Літве быў зарэгістраваны фонд «Краіна для жыцця». Першапачаткова планавалася шчыльнае ўзаемадзеянне нашых актывістаў з гэтай структурай, аднак узнікла непаразуменне, фонд не выканаў некаторыя ўзятыя на сябе абавязкі, таму супраца спынілася. Фонд «Краіна для жыцця» ніякіх адносінаў да руху не мае».

Гісторыі
Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз: Цешуся, што справа Сяргея Ціханоўскага жыве
2021.05.29 10:44
Інтэрв’ю
«Крыптавалюты будуць папулярныя ў Беларусі, як і VPN». Размова з Андрэем Стрыжаком
2021.08.14 14:28

ВК belsat.eu

Стужка навінаў