Букмекеры лічаць Святлану Ціханоўскую чацвёртай сярод прэтэндэнтаў на Нобэлеўскую прэмію міру


Здымак з адмысловага рэпартажу «Белсату» пра жыццё Святланы Ціханоўскай пасля рэгістрацыі ў ЦВК — «Я перадаю ўвесь боль беларусаў свету». Вільня, Літва. Травень 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле рэйтынгу букмекераў на сайце nicerodds.co.uk, Святлана Ціханоўская займае чацвёртую пазіцыю ў спісе найбольш імаверных лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.

Самым імаверным кандыдатам букмекеры лічаць Сусветную арганізацыю здароўя (WHO), другі ў спісе – расейскі палітык Аляксей Навальны, потым ідзе экалагічная актывістка Грэта Тунберг. У гэтым спісе Біл Гейтс – на восьмай пазіцыі, Джо Байдэн – на адзінаццатай, а Ангела Меркель – на дваццатай.

«Пры ўсіх развагах адносна прагнозаў Нобэлеўскай прэміі міру 2021 года застанецца загадкай, хто стане яе лаўрэатам, да даты абвяшчэння, прызначанай на кастрычнік. Паколькі ўсё больш сусветных лідараў, такіх як Трамп і Нэтаньягу, і буйных інстытутаў дамінуюць у спісе намінаваных, імёны патэнцыйных асобаў застаюцца пакрытымі ценем», – адзначаецца на сайце.

Святлану Ціханоўскую на Нобэлеўскую прэмію міру вылучыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Гэта неймаверны гонар, і я дзякую Літве за ўсё падтрыманне, якое яна дае беларусам. Бо вылучэнне – гэта не мая заслуга, гэта дасягненне народу Беларусі, чыім мірным пратэстам захапляюцца мільёны людзей у розных краінах», – сказала тады Святлана Ціханоўская.

Дасюль толькі адзін беларус атрымліваў Нобэлеўскую прэмію. У 2015 годзе пісьменніца Святлана Алексіевіч была ўганараваная за ўнёсак у літаратуру.

Сёлета на Нобэлеўскую прэмію міру намінавалі 234 асобы і 95 арганізацыяў. Лаўрэата афіцыйна абвесцяць 8 кастрычніка.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў