Зяленскі сустрэўся з Эрдаганам і генеральным сакратаром ААН у Львове


Утрох размаўлялі 40 хвілінаў, былі і двухбаковыя сустрэчы. Зяленскі пабачыў «моцны мэсідж падтрымання». Паралельна Турэччына і Украіна падпісалі мемарандум аб адбудове разбуранай інфраструктуры.

Кіраўнік Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш. Львоў, Украіна. 18 жніўня 2022 года.
Фота: president.gov.ua

У палацы Патоцкіх у Львове 18 жніўня сустрэліся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш. Затым там жа з Зяленскім сустрэўся кіраўнік Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, пазней да іхных перамоваў далучыўся таксама і Гутэрыш.

Паводле звестак турэцкага інфармагенцтва «Anadolu», трохбаковая сустрэча працягвалася ўсяго 40 хвілінаў і была закрытая для медыяў, на ёй прысутнічалі таксама міністр замежных справаў Турэччыны і кіраўнік турэцкай выведкі. Падрабязнасцяў гэтай сустрэчы не паведамляюць.

Hавiны
Расея і Украіна заявілі, што на Запарожскай АЭС рыхтуюць правакацыю. Аварыя можа зачапіць Беларусь
2022.08.18 23:22

Зяленскі па выніках першых дзвюх сустрэчаў напісаў:

  • На сустрэчы з Гутэрышам дамовіліся аб працягу каардынацыі «збожжавай ініцыятывы», абмеркавалі магчымыя кірункі яе развіцця, пытанне незаконнай прымусовай дэпартацыі ўкраінцаў расейцамі, вызваленне з палону ўкраінскіх вайскоўцаў, сітуацыю на захопленай Расеяй Запарожскай АЭС і ядравы шантаж Расеі. Зяленскі заклікаў ААН запэўніць бяспеку АЭС, яе дэмілітарызацыю і поўнае вызваленне ад расейскіх войскаў. Бакі пагадзіліся, што місія МАгАтЭ мае наведаць АЭС, але «легальным спосабам праз вольную ад акупантаў тэрыторыю». Гутэрыш запэўніў: ААН надасць неабходную прамую дапамогу грамадзянам Украіны дзеля «пераадолення гуманітарных выклікаў у зімовы перыяд».
  • Візіт Эрдагана – «моцны мэсідж падтрымання з боку такой магутнай краіны». З Эрдаганам абмеркавалі магчымасць удасканалення «збожжавай ініцыятывы», сітуацыю вакол  Запарожскай АЭС і «ядравы шантаж з боку акупантаў», маштабны крадзеж Расеяй украінскага збожжа, пытанні абарончага ўзаемадзеяння.

На сустрэчы з Эрдаганам, як піша Нацыянальная грамадская тэлерадыёкампанія Украіны, Зяленскі заявіў, што перамовы з Расеяй магчымыя толькі тады, калі расейскія войскі пакінуць незаконна акупаваную тэрыторыю Украіны. Эрдаган, паводле яго, казаў, што экспарт украінскага збожжа дае «дыпламатычнае акно» для перамоваў пра спыненне вайны.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Я выказаў сваё меркаванне спадару прэзідэнту Турэччыны, што веры Расейскай Федэрацыі няма, – казаў Зяленскі. – Я мяркую, што ў гэтым «акне» – расейская зброя. Я вельмі здзіўлены, што яны гатовыя да нейкага міру. Людзі, якія кожны дзень забіваюць, гвалцяць, штодзённа крылатымі ракетамі б’юць па нашых цывільных гарадах і цывільнай інфраструктуры, не могуць жадаць міру. Таму спачатку, я думаю, яны павінны ачысціць нашы тэрыторыі, а потым… Потым будзе потым».

Паводле УНІАН, Гутэрыш у выніку заявіў, што працяг экспарту ўкраінскіх харчоў крытычна важны для стабілізацыі рынкаў; што ААН працуе над атрыманнем доступу ў СІЗА ў Аленаўцы і што кіраўніком місіі стане прадстаўнік Бразіліі; што ў сітуацыі з Запарожскай АЭС «мусіць перамагчы здаровы сэнс» і што ААН падтрымае наведванне АЭС інспектарамі МАгАтЭ.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Выведка Украіны тым часам заявіла, што Расея рыхтуе правакацыю або тэракт на Запарожскай АЭС 19 жніўня.

Акрамя таго, у прысутнасці Зяленскага і Эрдагана міністр інфраструктуры Украіны і міністр гандлю Турэччыны падпісалі мемарандум аб аднаўленні інфраструктуры Украіны, разбуранай у выніку вайны. Ва Украіну збіраюцца прыцягнуць турэцкія інвестыцыі, распрацаваць канкрэтныя праекты.

Hавiны
Украінцы сабралі грошы на «Байрактары», а купілі цэлы спадарожнік
2022.08.18 17:09

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў