У Менск ідзе расейская «Группа ПИК»? На рынку жытла камфорт-класу можа з’явіцца новы гулец

Апошнія тыдні ў сеціве папаўзлі чуткі, што ў Менск сабралася заходзіць «Группа ПИК» – расейская кампанія, спецыялізаваная на будаўніцтве і рэалізацыі жытла камфорт-класу пераважна ў сегменце індустрыяльнага домабудаўніцтва. Цяпер будаўнічая галіна гадае: пусцяць сюды «Группу ПИК» – або не?

Што вядома пра кампанію?

«Группа ПИК» рэалізуе праекты комплекснай забудовы, большасць з якіх – у сегменце даступнага жытла. Працуе яна ў Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Екацярынбурзе, Цюмені, Калузе, Обнінску, Наварасійску, Яраслаўлі, Растове-на-Доне.

У склад кампаніі ўваходзяць праектнае бюро, сучасны вытворчы комплекс – 4 заводы жалезабетонных вырабаў: Алексінскі, Нара-Фамінскі, Калужскі завод ЖБК у Обнінску, завод даборнага жалезабетону «Волга-Форм» і 6 будаўніча-мантажных упраўленняў (БМУ). Плюс бетонамяшальныя вузлы, вытворчасці паўфабрыкатаў для ўсёй наменклатуры вырабаў, вытворчасці закладных дэталяў ды інш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будоўля ў Маскве.
Фота: Konstantin Kokoshkin / Russian Look / Forum

У 2021 годзе «Группа ПИК» вывела ў продаж 22 новыя праекты і 152 новыя гмахі, а таксама ўвяла ў эксплуатацыю больш за 3 млн м2 жытла.

Скандалы з кампаніяй таксама былі. Галоўны пачаўся ў 2018 годзе, у маскоўскім раёне Кунцава. Урад Масквы дазволіў «Группе ПИК» знесці 37 малапавярховых дамоў 1950–1960-х гадоў. Уласнікі жытла выступалі супраць, але іх ніхто не захацеў слухаць. Пратэстоўцаў разганяла міліцыя і атрады ПАП «Неомакс».

Улетку 2021 года канфлікт забудоўніка з мясцовымі жыхарамі зноў абвастрыўся. Працаўнікі кампаніі і невядомыя людзі ў масках учынялі ціск на астатніх уласнікаў, разбуралі дамы і камунікацыі, збівалі мясцовых жыхароў. Ноччу ў ліпені 2021 года былі абстраляныя вокны тых кватэраў, жыхары якіх адмовіліся добраахвотна пераязджаць у новабудоўлі «Группы ПИК». Звароты ў паліцыю не дапамаглі – там адмовіліся расследаваць здарэнне. Апошнія жыхары дамоў былі выселеныя з кватэраў прымусова, з дапамогай судовых прыставаў.

Дык прыйдзе да нас «Группа ПИК» ці не?

У Маскве і вобласці назіраецца рэзкае скарачэнне продажаў кватэраў у новабудоўлях. Гэта вымушае забудоўнікаў прапаноўваць пакупнікам вялікія зніжкі. Забудоўнікі непакояцца, што тэндэнцыя можа стаць масавай. Беларускі рынак не надта аб’ёмны, але можа стаць цікавым з гледзішча дыверсіфікацыі. Дыму без агню не бывае, відавочна, цікавасць ёсць, але пакуль на стадыі пачатку абмеркавання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будоўля ў Маскве.
Фота: Konstantin Kokoshkin / Russian Look / Forum

Асаблівасць Беларусі ў тым, што зямлёй у Менску і прадмесцях распараджаецца Лукашэнка. Без ягонага подпісу нікому не дадуць ні метру.

Да 2019 года існаваў спіс участкаў, вызначаных пад жылую забудову і рэалізацыю праз аўкцыён. Менавіта так куплялі землі, абцяжараныя зносам прыватнага сектару і прамзонамі, камерцыйныя дэвэлаперы сталіцы. Але аўкцыёнаў з 2019 года не праходзіла. Усе ўчасткі, перадаваныя пад забудову ў апошнія чатыры гады, перадаваліся пад інвестпраекты Лукашэнкам асабіста – без інфармавання грамадскасці. Так былі перададзеныя прыватнай кампаніі з абмежаванай адказнасцю «Riverside Development Holdings Limited» землі ў межах МКАД – пр. Пераможцаў – вул. Арлоўскай – Цнянскага вадасховішча. Пад узвядзенне аб’екту «Эксперыментальны шматфункцыйны комплекс «Паўночны бераг». У склад меліся ўвайсці жылыя дамы з сацаб’ектамі (больш за 6 млн м2), Нацыянальны выставачны цэнтр, будынкі Інстытуту штучнага інтэлекту, Менскага цэнтру міжнароднага гандлю. Рэалізаваць праект планавалі цягам 2021–2040 гадоў.

Дарэчы, гэтая пляцоўка, якую прыватная кампанія з арабскімі каранямі так і не пачала асвойваць, можа быць акурат цікавая «Группе ПИК».

Меркаванні
Чаму набыванне жылля больш не радуе
2022.08.13 14:00

Лукашэнка шмат казаў пра каштоўнасці сельскагаспадарчых земляў у самім Менску і ўздоўж кальцавой, але ўчасткі ў сталіцы размеркаваныя, а вось ля кальцавой – вольныя.  Іх таксама можна прапанаваць кампаніі, калі «Группа ПИК» заахвоціць Лукашэнку чымся цікавым наўзамен.

Яшчэ адзін варыянт заходу ў Беларусь «Группы ПИК» – праз франшызу.

У сакавіку 2019 года кампанія абвясціла запуск новага сэрвісу «ПИК-Франшиза» і пачала прымаць заяўкі. Першыя франшызы атрымалі забудоўнікі з Яраслаўлю і Чыты.

Таму ёсць імавернасць выхаду «Группы ПИК» на менскі рынак не ў якасці новага гульца, а праз беларускага пасярэдніка.

Што будзе з забудоўнікамі?

Камерцыйныя забудоўнікі ў цяжкім стане. Пакуль яны асвойваюць некалькі гадоў таму набытыя з аўкцыёнаў участкі і мусяць або збанкрутаваць, або спрабаваць неяк выжываць у чаканні пераменаў у рэгіёнах, дзе маржынальнасць значна ніжэйшая.

Некамфортна будзе і дзяржаўным забудоўнікам. Большая частка іх працы – будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў і жытла для льготных катэгорыяў, у якім можа быць закладзена не больш за 5 % прыбытку. Каб не вымываліся абаротныя сродкі, ім дазваляюць будаваць па некалькі дамоў за год на камерцыйнай аснове, без абмежавання прыбытку. І ім не патрэбныя канкурэнты.

Акрамя таго, прыход «Группы ПИК» ударыць па будоўлі «Менск-Свету», галоўным бенефіцыярам якой называюць таго, хто падарыў сербскім сябрам велізарны кавалак сталіцы. Зрэшты, усё жытло ў «Менск-Свеце» плануюць дабудаваць да 2028 года. А ўваход новага ўдзельніка на рынак можа расцягнуцца на некалькі гадоў. Так што застаецца толькі назіраць.

Дзяніс Бетонны / АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў