У Латвіі задумалі пазбавіць ВНЖ беларусаў і расейцаў. Праект МУС – з «гуманітарнымі» выключэннямі


Гэты праект пакуль не разглядалі іншыя міністэрствы. Яго могуць узгадніць на наступным тыдні і перадаць на разгляд ва ўрад і Сейм. Але могуць і адхіліць.

Мяжа Латвіі. Крыніца фота: bb.lv

Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі распрацавала папраўкі ў закон аб іміграцыі, якія могуць пазбавіць беларусаў і расейцаў права на працяг відаў на жыхарства і прымусіць латвійскіх працадаўцаў разарваць працоўныя пагадненні з грамадзянамі Беларусі і Расеі, піша «Delfi».

Праект накіравалі на ўзгадненне іншым міністэрствам, яго мусяць узгадніць або адхіліць на наступным тыдні, і калі ўзгодняць, то мусяць перадаць на разгляд ураду і Сейму (парламенту Латвіі).

Паводле звестак МУС Латвіі, у латвійскіх кампаніях на 1 ліпеня было 2180 працаўнікоў з Беларусі і Расеі з дзейнымі ВНЖ, 22 чалавекі атрымалі ВНЖ праз інвестыцыі ў капітал. На 1 жніўня 2099 грамадзянаў Беларусі і Расеі былі ў Латвіі на падставе візаў у сувязі з працай.

Цяперашні праект прадугледжвае:

  • спыненне выдачы паўторных відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расеі да 30 чэрвеня 2023 года;
  • спыненне выдачы доўгатэрміновых візаў да 30 чэрвеня 2023 года;
  • выключэнні ў спыненні выдачы візаў – выдаваць плануюць у сувязі з гуманітарнымі прычынамі, «дзяржаўнымі інтарэсамі», «непераадольнай сілай», міжнароднымі абавязкамі і выкананнем актаў Еўразвязу, міжнародным і грузавым перавознікам;
  • выключэнні ў спыненні выдачы ВНЖ для тых, хто цяпер у Латвіі з гуманітарных прычынаў або «ў інтарэсах латвійскай дзяржавы», а таксама для тых, хто мае «шчыльныя сямейныя сувязі» з грамадзянамі або «неграмадзянамі» Латвіі (у тым ліку для ўдоваў і ўдаўцоў, а таксама тых, хто мае супольных дзяцей);
  • выключэнні ў спыненні выдачы ВНЖ для тых, хто «застаецца ў Латвіі працяглы час», як то для былых грамадзянаў Латвіі і «неграмадзянаў» (былыя грамадзяне СССР, якія жывуць у Латвіі і не атрымалі латвійскага грамадзянства, такі статус цяпер маюць 182 тысячы жыхароў Латвіі);
  • у выпадках гэтых выключэнняў адносна ВНЖ – магчымасць атрымаць статус пастаяннага жыхара Еўразвязу (калі не атрымаецца здаць латышскую мову на ўзровень А2, статус могуць працягнуць толькі на адзін год).

Раней Сейм Латвіі 11 жніўня прыняў заяву ў сувязі з вайною ва Украіне, у якой заклікаў краіны Еўразвязу спыніць выдачу візаў грамадзянам Расеі і Беларусі, бо маштабнае ўварванне ва Украіну ажыццяўлялася «пры падтрыманні і ўдзеле беларускага рэжыму».

Інфаграфіка
Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі
2022.08.15 21:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў