Сяргей Ціханоўскі сустракае свае трэція народзіны за кратамі. Яму споўнілася 44 гады


Сёння, 18 жніўня, Сяргей Ціханоўскі адзначае сваё 44-годдзе за кратамі. Лідарка дэмакратычных сілаў і Сяргеева жонка Святлана Ціханоўская разам з дзецьмі павіншавала яго.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

«Дарагі Сяргей. Гэта трэці твой дзень нараджэння, калі мы не можам павіншаваць і абняць цябе асабіста. Але як бы хто ні стараўся, ім не адабраць у цябе нас – тваю сям’ю, не адабраць любоў Агніі і Карнея – ты ж бачыш іхныя малюнкі і лісты. Не адабраць у цябе і падтрыманне людзей, якія штодня ўжо больш за 800 дзён пішуць і пытаюцца, як ты. Беларусы ведаюць, што ты – герой, наш герой. І што мы мусім працягваць справу, распачатую табой. І два гады таму, і цяпер я раблю ўсё, што магу – у першую чаргу, каб вярнуць нам дом. А мой дом, Сяргей, – гэта ты», – напісала Святлана Ціханоўская.

Дзеці таксама даслалі свае віншаванні тату:

Малюнак, дасланы Сяргею Ціханоўскаму ягонымі дзецьмі.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram
Малюнкі, дасланыя Сяргею Ціханоўскаму ягонымі дзецьмі.
Фота: tsikhanouskaya/Telegram

Павіншаваць палітвязня можна лістом ці паштоўкай на адрас: ПК № 15, Слаўгарадская шаша, 183, 213105, п/а Вейна, г. Магілёў.

Артыкулы
Другі дзень народзінаў у СІЗА. Як Сяргей Ціханоўскі прыйшоў у палітыку і за што быў затрыманы
2021.08.18 16:18

Сяргей Ціханоўскі, вядомы дзякуючы свайму YouTube-каналу «Страна для жизни», хацеў балатавацца на прэзідэнцтва Беларусі, аднак не здолеў падаць дакументы для рэгістрацыі, бо яго затрымалі. Тады замест яго кандыдаткаю пайшла жонка Святлана Ціханоўская.

Сяргея зноў затрымалі 29 траўня 2020 года. З таго часу ён за кратамі. 14 снежня 2021 года блогера асудзілі на 18 гадоў пазбаўлення волі паводле чатырох артыкулаў: ч. 1 арт. 293 КК – «Арганізацыя масавых беспарадкаў», арт.342 – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», арт. 191 – «Стварэнне перашкодаў ажыццяўленню выбарчых правоў», арт. 130 – «Распальванне варожасці».

У жніўні стала вядома, што палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага перавялі на турэмны рэжым. Найбліжэйшым часам яго этапуюць з Магілёўскай калоніі № 15.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў