Амбасадарка Швецыі з’ехала з Беларусі, напісала мілы развітальны ліст


Крыстына Юганнэсан працавала ў Беларусі амаль пяць гадоў – піша, шчыра палюбіла краіну, а ўспаміны пра яе «будуць саграваць удома».

Амбасада Швецыі ў Беларусі 18 жніўня апублікавала ліст Крыстыны Юганнэсан, якая была Надзвычайнай і паўнамоцнай амбасадаркай Каралеўства Швецыя з 4 верасня 2017 года. Цяпер Юганнэсан вярнулася на надзіму – скончыўся тэрмін службы ў якасці амбасадаркі.

У лісце Юганнэсан расказвае, што наведала ўсе вобласці Беларусі, палюбіла беларускую прыроду і культуру, навучылася разумець беларускую мову, палюбіла Беларусь і будзе сумаваць па ёй. Яна згадала Дні Швецыі на плошчы Свабоды ў Менску і пераклады шведскіх казак на беларускую мову, якія публікавалі на Youtube-канале амбасады. Дзве казкі Юганнэсан зачытвала сама, пры тым з чысцюткім беларускім вымаўленнем.

Падчас працы Юганнэсан у амбасадзе Швецыі знайшлі прытулак Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі, якія ўцякалі ад палітычнага пераследу. Паўтара года яны пражылі ў амбасадзе, пакуль не здолелі ўцячы ў Латвію. Беларускія ўлады падазраюць амбасаду ў арганізацыі ўцёкаў.

Юганнэсан таксама ўдзельнічала ў акцыі за скасаванне смяротнага пакарання і дабрачынным распродажы, выступала за вызваленне палітвязняў.

Хто стане новым амбасадарам Швецыі, невядома. Не выключана, што Швецыя наогул не прызначыць новага амбасадара, бо для гэтага трэба ўручаць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку, то бок прызнаваць яго кіраўніком дзяржавы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў