Урад Польшчы прыняў праект зменаў у закон пра замежнікаў


Мігранты, якіх польскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю. 9 жніўня 2021 года.
Фота:strazgraniczna.pl

Кіраўніцтва краіны лічыць неабходным дапасаваць закон да актуальнай сітуацыі з мігрантамі, паведамляе сайт ураду.

Змяніць закон пра замежнікаў запрапанаваў міністр унутраных справаў Польшчы Мар’юш Каміньскі. Ён лічыць істотным гарантаваць унутраную бяспеку і грамадскі парадак у дзяржаве.

Што за змены

Цяпер, калі хтосьці заявіць пра намер атрымаць статус бежанца і трапіць у лагер, гэты запыт не будуць разглядаць у тым выпадку, калі мігрант нелегальна перасек мяжу або прыехаў з краіны, у якой яму не пагражала небяспека (напрыклад, з Беларусі, Расеі ці Украіны).

Калі іншаземца зловяць на незаконным перасячэнні мяжы, прыняцце рашэння аб яго вяртанні будзе засноўвацца не на Адміністрацыйным кодэксе. Паскоранае рашэнне будзе прымаць кампетэнтны начальнік памежнай службы. Яго можна будзе абскардзіць, але ўжо з-за мяжы, піша «The Warsaw».

Гэтыя правілы набудуць сілу не раней чым праз месяц – пасяджэнне Сейма запланавана на 15 верасня. Да гэтага часу памежнікі з падтрымкай салдат будуць спрабаваць не дапускаць нелегальнага перасячэння мяжы.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, за жнівень у Польшчу з Беларусі прыйшлі 1935 мігрантаў. 1175 асобаў адправілі назад, іншых затрымалі і змясцілі ў закрытыя цэнтры.

Колькасць мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Польшчу, павялічылася менавіта ў жніўні. Якраз у гэты час літоўскія, а пасля і латышскія памежнікі сталі адпраўляць іх назад у Беларусь, адкуль яны прыходзяць.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў