Хто такі Кныровіч? Гісторыя бізнесоўца і крытыка Лукашэнкі, які быў за кратамі 4,5 года


Увечары 17 жніўня стала вядома пра вызваленне бізнесоўца Аляксандра Крыновіча, якому ў 2018-м прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прыгадваем, чым вядомы Кныровіч і за што яго асудзілі.

Бізнесовец Аляксандр Крыновіч.
Фота: Аляксандр Крыновіч / Facebook

Чым вядомы

Аляксандр Кныровіч – 47-гадовы мянчук, бізнесовец, стаў дырэктарам кампаніі свайго бацькі «Сармат» ужо ў 25 гадоў. Сузаснавальнік групы кампаніяў «Сармат» (вырабляла будаўнічыя сумесі і валодала менскім барам «Bristle», да зняволення Кныровіча мела абарот 58 мільёнаў долараў, давала працу 650 асобам), а таксама супольнасці «бізнес-анёлаў» і венчурных інвестараў «Бавін». Праз апошнюю ён, як казаў, выпадкова стаў медыяперсонай: спачатку раздаваў каментары пра свой бізнес, потым агулам пра эканоміку, а ўрэшце стаў заўважным калумністам некалькіх выданняў і проста вядомым блогерам.

Размова
«За рэформы расплачваюцца папулярнасцю»: Кныровіч пра рэформы ў часы крызісу
2016.11.11 00:20

У 2015 годзе Міністэрства інфармацыі пастанавіла заблакаваць сайт Kyky.org за некалькі матэрыялаў Кныровіча, у якіх пабачылі патэнцыйную «шкоду нацыянальным інтарэсам», а таксама «зняважлівыя выказванні адносна дзяржаўнага свята», Дня Перамогі (пра гэта быў і тэкст рэдактара Паўла Свярдлова, на які таксама абурылася ведамства). Матэрыялы пазней прыбралі з сайту, «Kyky» разблакавалі.

У тэкстах, на якія абурыўся Мінінфарм, Кныровіч крытыкаваў наступнае:

  • «адрэтушаванае» святкаванне Дня Перамогі, без згадак пра крывавыя жахі вайны, сталінскія рэпрэсіі і ўдзел у вайне з нацызмам іншых краінаў апроч СССР;
  • «закансерваванасць» жыцця ў Беларусі ў стане БССР, зацыкленасць уладаў на савецкай спадчыне, дзяржаўны кантроль творчасці і навукі, пагрозы турмою чыноўнікам;
  • хрысціянскую царкву як «абсалютнае зло», якое выхоўвае ў чалавеку «пачуццё доўгу і віны», рэлігію наагул як «непатрэбную падпорку» з філасофскага гледзішча.
Бізнесовец Аляксандр Крыновіч.
Фота: Fox Hunt / Facebook

«Можа, усё ж патрэбная рэвалюцыя?» – пытаў ён у адным з гэтых тэкстаў, але выступаў супраць рэвалюцыйных зменаў, якія не заўсёды прыводзяць да ўлады лепшых людзей, ды параўноўваў беларускія рэаліі з няшчасным шлюбам, у якім сужэнцы ненавідзяць адно аднога, але не разводзяцца, бо шкадуюць дзяцей.

У іншых тэкстах (якія Міністэрства інфармацыі не абурылі) Кныровіч крытыкаваў сістэму Лукашэнкі агулам і асобныя пастановы ўладаў, неэфектыўны дзяржаўны бізнес і напады дзяржавы на прыватны бізнес. Але таксама крытыкаваў прыватны бізнес, Святлану Алексіевіч і супрацьпастаўленне бел-чырвона-белага і чырвона-зялёнага сцягоў.

Аб’ектыў
Бізнесовец Кныровіч: $ 20 млн долараў. Прыкладна столькі каштуе новая рэзідэнцыя Лукашэнкі ў Шаршунах
2017.01.18 22:01

За што асудзілі

Кныровіча затрымалі ў студзені 2017 года. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка фактычна загадаў пасадзіць бізнесоўца. Але судзіць Кныровіча пачалі толькі ў красавіку 2018-га. У следчым ізалятары ён правёў 17 месяцаў.

Аб’ектыў
«Проста адкупіцца немагчыма». Хто хоча пасадзіць Кныровіча?
2018.04.17 22:39

Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і даванні хабару. Паводле следства, ён казаў сваім падначаленым ухіляцца ад падаткаў і даваць хабар чыноўнікам, а таксама стварыў нібыта злачынную кампанію ў Расеі, праз якую завышаліся выдаткі пры пасярэдніцтве ў экспарце ды імпарце абсталявання. Шкоду ацанілі на 3,4 мільёна рублёў.

Кныровіч часткова прызнаў віну. Казаў, што адносна падаткаў магла быць памылка на 60 тысячаў рублёў, але намеру ўхіляцца ад сплаты не меў. Што да хабару, ён прызнаў суму 14 тысячаў рублёў, якую назваў «узнагароджаннем», каб пазбавіцца ад запазычанасці дэбітораў.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у залі суда.
Фота: TUT.BY

«Не хочаш даваць хабар – нічога не прадавай нашаму дзяржаўнаму сектару. У Беларусі адкаты за дзяржаўныя замовы – не эпізод, а сама сістэма функцыянавання нашай дзяржавы, у аснове якой ляжаць непразрыстасць і штучныя абмежаванні», – тлумачыў тады заснавальнік TUT.by Юрый Зісер.

Суддзя Фрунзенскага раёну Менску Юлія Крэпская прызнала Кныровіча вінаватым і ва ўхіленні ад падаткаў, і ў даванні хабару, асудзіла на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыю маёмасці і забарону займаць кіроўныя пасады на пяць гадоў.

Аб’ектыў
«Дзяржава дысцыплінуе бізнесменаў»: Аляксандр Кныровіч атрымаў 6 гадоў калоніі
2018.07.04 21:48

Агулам у «справе Кныровіча» затрымлівалі 11 чалавек, трох ягоных супрацоўнікаў асудзілі на тэрміны ад трох да чатырох гадоў калоніі.

Чаму выйшаў раней

У кастрычніку 2018 года Менскі гарадскі суд разглядзеў апеляцыю Кныровіча і скараціў тэрмін да 5 гадоў. Тады дзень пад вартаю залічвалі за адзін дзень зняволення. На момант вызвалення ён прабыў у няволі 4,5 года.

Ягоная сяброўка патлумачыла ў Facebook: тэрмін зняволення пералічылі адпаведна новым нормам Крымінальнага кодэксу, згодна з якімі, адзін дзень у следчым ізалятары залічваюць за паўтара года ў няволі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў