Другі рэйд з пачатку году. Вобшукі і затрыманні журналістаў БелаПАН


У работнікаў і ў офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН сёння раніцаю адбыліся ператрусы, паведамілі Naviny.by. У журналістаў вынялі тэхніку, бухгалтарку кампаніі ды былога дырэктара змясцілі ў ІЧУ, сайт кампаніі перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і за мяжою.

Сілавікі прыйшлі да галоўнай рэдактаркі БелаПАНу Ірыны Леўшынай, рэдактара інтэрнэт-газеты Naviny.by Аляксандра Зайцава, журналістаў Ірыны Турчынай і Захара Шчарбакова і бухгалтаркі кампаніі Кацярыны Боевай.

У галоўнай рэдактаркі БелаПАНу Ірыны Леўшынай правялі ператрус удома, пасля чаго яе павезлі на следчыя дзеянні ў офіс рэдакцыі. У выніку яе забралі на допыт ва Упраўленне Следчага камітэту па Менску, а пасля затрымалі на 72 гадзіны. Пасля допыту Леўшыну адвязуць на Акрэсціна. Пра гэта журналістам паведаміла яе дачка.

Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва Белапан.
Фота: Белсат

Намеснік галоўнага рэдактара БелаПАНу Аляксандр Зайцаў паведаміў, што ператрус у яго праводзілі сямёра супрацоўнікаў цягам гадзіны ў межах артыкулу 342 КК РБ («Арганізацыя ды рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу вядзе Следчы камітэт. У выніку ў Зайцава вынялі мабільны тэлефон, цвёрды дыск камп’ютара, стары таблет, рэдакцыйнае пасведчанне і некалькі візітовак. Аляксандра Зайцава не затрымалі, але ён падпісаў забавязанне пра яўку, ягонага статусу ў межах крымінальнай справы не патлумачылі.

У Ірыны Турчынай ператрус таксама чынілі ў межах артыкулу 342 КК РБ, у журналісткі вынятыя ўсе лічбавыя носьбіты (кампʼютар, мабільны тэлефон, флэшкі, дыктафон) і нататнік. Ірына паведамляе, што і яе дапытвалі ва УСК па Менску, аднак яна адмовілася даваць паказанні. Вядома, што яна праходзіць у статусе сведкі паводле крымінальнай справы, з яе ўзялі падпіску пра неразгалашэнне.

Журналіста БелаПАНу Захара Шчарбакова пасля ператрусу і допыту адпусцілі.

Офіс інфармацыйнай кампаніі БелаПАН пасля ператрусу.
Фота: АВ / Белсат

Муж бухгалтаркі кампаніі Кацярыны Боевай паведаміў, што жанчыну змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, яна праходзіць падазраванай у гэтай жа справе.

Пасля ператрусу і допыту ў ІЧУ змясцілі і былога дырэктара БелаПАНу Дзмітрыя Наважылава. Ён стаў выконваць абавязкі, а потым быў дырэктарам БелаПАНу пасля смерці заснавальніка агенцтва Алеся Ліпая ў жніўні 2018 года. У студзені 2021-га Наважылаў звольніўся з кампаніі на ўласнае жаданне.

Журналіст, палітычны аглядальнік і кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАНу Аляксандр Класкоўскі лічыць, што сённяшнія ператрусы ў кампаніі – працяг ціску на незалежныя медыі ў Беларусі:

«Пакуль не вядома, на якой фармальнай падставе сілавікі прыйшлі з ператрусамі да работнікаў і ў офіс БелаПАНу, аднак дэ-факта гаворка аб прадуманай палітыцы ўладаў супраць незалежных медыяў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка казаў 9 жніўня падчас так званай вялікай размовы. Ён выказаўся прыблізна так: «Мы іх зачышчалі, зачышчаем і будзем зачышчаць». Улады жывуць у сваім міфалагічным свеце, і ў гэтым свеце незалежная прэса – гэта частка гібрыднай вайны Захаду. Таму, на жаль, гэты разгром медыяў па-свойму заканамерны: улады, асабліва перад рэферэндумам, хочуць задушыць усялякую альтэрнатыву ў краіне, у тым ліку і альтэрнатыву медыйную».

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст, палітычны аглядальнік, кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН. Менск, Беларусь. 15 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Класкоўскі мяркуе, што, нягледзячы на рэпрэсіі супраць работнікаў інфармацыйнага агенцтва, БелаПАН працягне сваю дзейнасць:

«Пасля разгрому TUT.by, «Нашай нівы» ды іншых медыяў Беларусі, БелаПАН фактычна заставаўся адным з нямногіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі, якія легальна дзеялі ў краіне. І натуральна, што сілавікі нацэліліся на кампанію. Атака на БелаПАН была толькі справаю часу. Але я думаю, што, як і TUT.by ды «Наша ніва», БелаПАН будзе спрабаваць працаваць нават у такіх страшэнных умовах і працягваць сваю місію».

Дырэктар інформагенцыі БелаПАН Дзмітрый Наважылаў.
Фота: АВ / Белсат

Пасля сённяшніх ператрусаў сайт інфармацыйнага агенцтва БелаПАН перастаў адкрывацца з абодвух сваіх адрасоў – belapan.by і belapan.com – як у Беларусі, так і за мяжою.

У сувязі з ператрусамі і затрыманнямі ў БелаПАНе з афіцыйнаю заяваю выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«БАЖ звяртаецца да ўладаў з заклікам неадкладна вызваліць затрыманых працаўнікоў БелаПАНу і спыніць ціск на інфармацыйнае агенцтва, які ў 2018 годзе ў тым ліку прывёў да смерці заснавальніка і кіраўніка БелаПАНу Алеся Ліпая».

У студзені 2021 года ў БелаПАНе ўжо адбываліся ператрусы. Тады іх чынілі працаўнікі УБЭП ГУУС Менскага гарвыканкаму паводле справы медыйнага менеджара Андрэя Аляксандрава. У 2015–2018 гадах журналіст працаваў намеснікам дырэктара БелаПАНу. 12 студзеня яго затрымалі ў якасці падазраванага паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Як сцвярджалі ў МУС, журналіст з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў, грошы ён атрымліваў ад ініцыятывы «BY_help». 30 чэрвеня яму выставілі новае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 КК РБ «Здрада дзяржаве». Цяпер Андрэю Аляксандраву пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава палітычным вязнем.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў