Другі дзень народзінаў у СІЗА. Як Сяргей Ціханоўскі прыйшоў у палітыку і за што быў затрыманы


Сёння, 18 жніўня, Сяргей Ціханоўскі адзначае сваё 43-годдзе за кратамі. Блогер, які распавядаў аб праблемах беларусаў і пастанавіў скласці канкурэнцыю Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2020-га, больш за год застаецца ў СІЗА. Згадваем, як аўтар Youtube-каналу прайшоў гэты шлях.

Сяргей Ціханоўскі.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Блогер народнага каналу пайшоў у прэзідэнты

Першапачаткова Сяргей Ціханоўскі стаў вядомы як аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», які ён стварыў у 2019 годзе. Ціханоўскі ездзіў па краіне і распавядаў аб праблемах звычайных беларусаў, што прыцягвала да яго гледачоў і прыхільнікаў.

Пазней ён заснаваў аднайменны палітычны рух і выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцтва: 7 траўня 2020 года на канале блогера выйшла відэа пра тое, што ён збіраецца браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

Але Ціханоўскаму не далі зарэгістраваць уласнай ініцыятыўнай групы, пасадзіўшы яго на чарговыя 15 содняў за «несанкцыянаванае мерапрыемства» падчас падачы дакументаў. У кандыдаты пайшла ягоная жонка – Святлана Ціханоўская. Ён жа зрабіўся ейнаю даверанай асобай і кіраўніком штабу.

Каля пікетаў для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую выстройваліся велічэзныя чэргі. Сяргей Ціханоўскі заўсёды прысутнічаў на іх, людзі прыходзілі падтрымаць і сфатаграфавацца з блогерам.

Правакацыя і затрыманне Ціханоўскага

На адным з такіх пікетаў у Горадні 29 траўня ў выніку правакацыі Сяргея Ціханоўскага затрымалі. Пры гэтым сам ён у канфлікце не браў удзелу, а, наадварот, спрабаваў сысці ад правакатаркі. На пікеце каля Ціханоўскага з’явіліся жанчыны, якія правакавалі блогера і ўдзельнікаў акцыі. Да Сяргея падбеглі два міліцыянты і паспрабавала яго затрымаць, але людзі перашкодзілі. Раптам побач упаў міліцыянт.

Ціханоўскі тлумачыў, што мітынгоўцы нічога не рабілі, і пачаў сыходзіць з плошчы са словамі: «Адбываецца нейкая правакацыя». Але праз момант з’явіліся амапаўцы, яны затрымалі блогера. На гэтым стрым Ціханоўскага абарваўся.

Увечары каля УУС Гарадзенскага аблвыканкаму сабраліся прыблізна 100 прыхільнікаў блогера. Апроч Сяргея Ціханоўскага, былі затрыманыя яшчэ 9 чалавек.

Прыхільнікі Ціханоўскага каля міліцыі ў Горадні.
Фота: Белсат

Пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага інтэрнаўты высветлілі, што правакатарка – гэта Алена Кузьміна. У сеціве знайшлі фота з тэлефонным нумарам Алены: жанчына была занятая ў секс-паслугах, а раней двойчы трапляла ў калонію праз наркотыкі.

Пазней «Белсат» размаўляў са знаёмымі жанчыны, якія распавялі, што тая магла пайсці на правакацыю дзеля грошай.

Hавiны
Добрая ў сяброўстве і ў секс-бізнесе. Што вядома пра гарадзенскую «правакатарку» Алену К.
2020.06.15 18:18

Абвінавачанне і знойдзеныя грошы

Праз некалькі дзён, 3 чэрвеня, на лецішчы Ціханоўскіх каля Гомля адбыўся ператрус. У выніку міліцыянты нібыта знайшлі за канапаю 900 тысяч долараў, але сам Ціханоўскі сцвярджаў, што гэтыя грошы не ягоныя, ён нічога не ведае пра іх паходжанне. Пазней з гэтай сумы прымусілі яшчэ сплаціць падатак – амаль 258 тысячаў рублёў.

Пасля той правакацыі супраць Ціханоўскага распачыналі справу за «гвалт над міліцыянтам», праз што нібыта і было затрыманне, але за гэта цяпер не збіраюцца судзіць нікога з затрыманых у той дзень.

Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачанне паводле іншых, адразу чатырох крымінальных артыкулаў: «Арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК РБ), «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), «Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў» (ч. 2 арт. 191 КК РБ) і «Распальванне варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК РБ).

Пакуль Сяргей Ціханоўскі быў у СІЗА, ягоная жонка Святлана Ціханоўская брала ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах і сталася сімвалам беларускіх апазіцыйных сілаў, разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікаю Цапкалай.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава. Жлобін, 26 ліпеня.
Фота: Белсат

Упершыню за 4 месяцы Сяргей Ціханоўскі змог патэлефанаваць сваёй жонцы пасля сустрэчы з Лукашэнкам 10 кастрычніка.

Тады ў СІЗА Камітэту дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з арыштаванымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады і аб’яднанага штабу апазіцыі. Сустрэча працягвалася амаль пяць гадзінаў.

У размове бралі ўдзел мінімум 12 асобаў, у тым ліку экс-кандыдат на прэзідэнцтва краіны Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард.

Hавiны
Сяргей Ціханоўскі распавёў у лісце падрабязнасці сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА
2021.01.12 17:20

Суд над Ціханоўскім

Судзіць Ціханоўскага пачалі толькі праз год з моманту ягонага затрымання – 24 чэрвеня 2021 года. Суд праходзіць у закрытым рэжыме ў Гомельскім СІЗА.

Вядома, што ў справе – ад 110 да 140 тамоў.

Суд у справе супраць Ціханоўскага ў СІЗА. Гомель, Беларусь. 24 чэрвеня 2021 года.
Фота: Людміла Гладкая / СБ – Беларусь сегодня

Разам з Ціханоўскім судзяць адразу пяцёх палітычных вязняў: Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова. Фігурантаў «справы Ціханоўскага» вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас рыхтавання і правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Арцём Сакаў, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і адзін з відэааператараў Youtube-каналу «Страна для жизни», быў затрыманы разам з Сяргеем Ціханоўскім 29 траўня. Дзмітрыя Папова – мадэратара сацсетак «Страна для жизни» – затрымалі 4 чэрвеня 2020 года.

На паседжанні суда не пускаюць нават сваякоў абвінавачаных з мэтаю «гарантавання бяспекі ўдзельнікаў працэсу і абароны таямніцы, якая ахоўваецца законам». Але на першае паседжанне пусцілі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ.

Жонка затрыманага палітыка Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч, паведаміла, што суд можа зацягнуцца да лістапада.

У «справе Ціханоўскага» асудзілі і іншых палітычных вязняў

Так, 2 чэрвеня 2021 года Кастрычніцкі суд Горадні агучыў вырак тром паплечнікам блогера Сяргея Ціханоўскага. Суддзя Вольга Бекушава пакарала 35-гадовага інжынера Дзмітрыя Фурманава двума гадамі калоніі агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку – трыма з паловаю гадамі, Уладзіміра Кнігу – чатырма гадамі.

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў.
Фота: spring96.org

Іх затрымалі 29 траўня 2020 года разам з Сяргеем Ціханоўскім падчас пікету і абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Разнічэнку і Кнігу абвінавацілі дадаткова ў гвалтоўных дзеяннях супраць міліцыянтаў (арт. 364 КК). Пацярпелымі ў справе праходзілі чатыры міліцыянты, два з якіх агулам патрабавалі 10 тысячаў рублёў за маральную шкоду.

Гісторыі
Бацька палітычнага вязня Дзмітрыя Фурманава: «Мы ганарымся, што ў нас такі сын»
2021.02.21 13:07

Яшчэ аднаму палітвязню, Аляксандру Арановічу, удзельніку каманды «Страна для жизни» і кіроўцу брэндаванага аўтадому, прысудзілі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Арановіча затрымалі 29 траўня мінулага года разам з Сяргеем Ціханоўскім.

Аляксандр Арановіч у Кастрычніцкім судзе Магілёва, 8 траўня 2020 года.
Фота: RFE/RL

Яго абвінавачвалі паводле трох артыкулаў: арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак у Горадні 29 траўня (ч. 1 арт. 342 КК), рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах – за захоўванне на гарышчы дому ў бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі, удзел у закалотах і непадпарадкаванне міліцыянтам (ч. 2 арт. 13, арт. 293 ч. 2 КК).

Артыкулы
Рэжысёр новага фільму «Белсату» пра Ціханоўскіх: Жаданне акунуцца ў падзеі 2020 года перамагло страх
2021.06.05 09:00

У жніўні 2020 года па ўсёй Беларусі з «Краінаю для жыцця» супрацоўнічалі каля дзесяці тысяч актывістаў.

Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі супраць каманды Ціханоўскага, ягоная справа працягваецца ў замежжы, няхай і ў змененым фармаце. У канцы кастрычніка мінулага года на ініцыятыву Сяргея Ціханоўскага ў Вільні з’явіўся фонд «Краіна для жыцця».

Гісторыі
Кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз: Цешуся, што справа Сяргея Ціханоўскага жыве
2021.05.29 10:44

АД belsat.eu

Стужка навінаў