Зняволены Мікалай Аўтуховіч сем дзён трымае сухую галадоўку. Яго і Вольгу Маёраву кінулі ў карцар


У будынку гарадзенскай турмы № 1 ужо два месяцы судзяць фігурантаў «справы Аўтуховіча» – і здзекі з іх не спыняюцца.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», зняволеных Мікалая Аўтуховіча і фігурантку «справы Аўтуховіча» Вольгу Маёраву змясцілі ў карцар за «парушэнне парадку», але дакладныя прычыны і тэрміны пакарання невядомыя.

Аўтуховіч працягвае трымаць сухую галадоўку – 18 ліпеня ідзе ўжо сёмы дзень галадавання. Паводле «Вясны», Мікалай «выглядае вельмі дрэнна».

14 ліпеня Маёраву выдалілі з судовага паседжання. Аўтуховіч і яшчэ адзін фігурант справы, Уладзімір Гундар, таксама прасілі выдаліць іх з залы, але суддзя ім адмовіў. Гундар трымаў галадоўку 11 дзён – ён пратэставаў супраць ігнаравання судом ягоных патрабаванняў і супраць таго, што яго перад судом прымусова распраналі да майткоў.

Hавiны
На судзе над Аўтуховічам распавялі, што Лукашэнку нібыта збіраліся забіць з дапамогай ракеты
2022.05.27 17:20

Мікалаю Аўтуховічу і яшчэ адзінаццаці фігурантам справы інкрымінуюць больш за дзесяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Шэсць з іх – асабліва цяжкія злачынствы. Сярод абвінавачанняў – «спрыянне тэрарыстычнай дзейнасці», «спроба захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «дзяржаўная здрада». Паводле версіі следства, так званая групоўка Аўтуховіча знішчала аўтамабілі і дамы міліцыянтаў, рыхтавала тэрарыстычную аперацыю дзеля захопу ўлады. На дзяржаўным тэлебачанні паказалі фільм «Тротил протеста» – распавялі пра цэлы арсенал зброі, нібыта знойдзены ў Аўтуховіча і паплечнікаў. Сам Мікалай Аўтуховіч раней ужо адбыў за кратамі 7 гадоў і 5 месяцаў – яго асудзілі за нібыта нявыплату падаткаў і парушэнне прадпрымальніцкай дзейнасці, пазней яшчэ прызналі вінаватым у незаконным захоўванні зброі.

Фігурантаў «справы Аўтуховіча» на судзе трымаюць у клетках-«стаканах» як асабліва небяспечных, пасля паседжанняў са зняволеных здзекуюцца.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў