Стрыжак пра канфлікт з «каліноўцамі»: для палка сабралі 40 тысяч еўра, яны адмовіліся


Кіраўнік фонду BYSOL дэталёва адказаў на прэтэнзіі полка Каліноўскага аб тым, што фонд «даў толькі 15 касак». Раней полк адмовіўся ад прапановы Стрыжака пайсці на «адкрытую і шчырую размову».

Андрэй Стрыжак, сузаснавальнік Фонду салідарнасці BYSOL. Вільня, Літва. 20 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Полк Каліноўскага (беларускія добраахвотнікі, якія ваююць у складзе Збройных сілаў Украіны) 15 ліпеня апублікаваў відэа з крытыкай фонду BYSOL, які збірае грошы на дапамогу рэпрэсаваным беларусам і беларусам на вайне ва Украіне. Полк заявіў, што BYSOL выкарыстоўвае фота ваяроў палка без дазволу, а палку даў толькі 15 касак, і яшчэ «Да нас звярнуўся шэраг беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў складзе іншых падраздзелаў, з інфармацыяй, што дапамогу, якую абяцаў BYSOL, яны не атрымлівалі».

Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак у адказ спаслаўся на справаздачу за першыя 100 дзён поўнамаштабнай вайны (яна абвяргае заяву палка: хоць той збіраў грошы пераважна на ўласны рахунак, BYSOL высылаў ім дапамогу ў межах іншых збораў) і запрасіў прадстаўнікоў палка на «адкрытую і шчырую размову». 18 ліпеня полк адмовіўся: «Полк не мае агульных справаў з фондам BYSOL, таму падставы для размовы па дадзенай тэме мы не бачым».

Пасля гэтага Стрыжак апублікаваў разгорнуты адказ палку Каліноўскага:

Стрыжак прызнаў памылку ў тым, што фонд выкарыстаў для ілюстрацыі аднаго са збораў фота з людзьмі, у якіх не спыталі дазволу на выкарыстанне фота. Здымак ужо замянілі.

Ён таксама нагадаў, што фонд адкрывае зборы на запыт тых, хто просіць аб зборах: «Калі ёсць запыт на набыццё машыны – купляем і дастаўляем машыну». З публічных збораў фонд не бярэ грошы для сябе, пакрывае свае выдаткі з іншых крыніцаў (прыватныя донары, падтрымка ад іншых фондаў і «чаявыя»).

Паводле Стрыжака, грошы са збору для беларускіх добраахвотнікаў размяркоўваюцца наступным чынам: 50 % на «дзве ключавыя структуры беларусаў на фронце – полк Каліноўскага і полк «Пагоня», другая палова – на ўсе астатнія групы і падраздзяленні».

«Асобна падкрэсліваю: мы прапаноўвалі кіраўніцтву палка Каліноўскага прыняць ад нас суму грошай, якую яны маглі б скарыстаць самастойна, аднак атрымалі адмову, – заяўляе Стрыжак. – На сёння гэта перададзеныя беларусамі 40 тысяч еўра. Гэтыя грошы зарэзерваваныя ў нас на рахунку і чакаюць толькі запыту ад палка. Асабістыя сімпатыі ці антыпатыі не маюць ніякай ролі, калі гаворка ідзе пра нашую агульную справу».

Стрыжак дадаў, што «эмоцыі, амбіцыі і праца спецслужбаў прыводзяць да распаду нашага адзінства» і да таго, што «дэмакратычныя сілы пачынаюць ваяваць адна супраць адной, а не супраць нашага агульнага ворага – дыктатуры». Ён заклікаў усіх падтрымліваць маральна і матэрыяльна тых, каго хочацца падтрымліваць, і даваць грошы добраахвотнікам праз фонд або наўпрост.

«Толькі не ўзмацняйце раскол у нашых шэрагах, – рэзюмаваў Стрыжак. – Срачы і скандалы шкодзяць усім».

Hавiны
Полк Каліноўскага абурыўся: BYSOL выкарыстоўвае фота ваяроў, а даў толькі 15 касак
2022.07.15 22:56

Гэта не першы канфлікт вакол палка Каліноўскага і грошай. Нядаўна Беларускі дом ва Украіне раскрытыкаваў BYSOL за збор грошай на групу авіявыведкі для беларускіх добраахвотнікаў палка «Пагоня», бо нібыта «СБУ, ГРУ, а таксама ЗСУ не ў курсе аб існаванні гэтага фармавання». Полк Каліноўскага тады заявіў, што «да гэтай сваркі ў лакальным чаце не мае адносінаў», хоць канал Беларускага дому ва Украіне звязвалі з байцом палка Радзівонам Батуліным.

У траўні адбыўся канфлікт вакол згаданага атраду Ліцвіна ў Адэсе. Тады полк Каліноўскага заявіў, што «ніякага атраду Ліцвіна няма», бо хтосьці «злоўжывае даверам дыяспары і проста складуе валанцёрскую дапамогу», «марадзёрствуе». Полк таксама заявіў, што «паглынуў» атрад імя Ліцвіна. Але прадстаўнікі атраду заяўлялі, што байцы палка Каліноўскага ўчынілі ім допыт, пабілі камандзіра атраду, здабылі доступ да Telegram-каналу атраду імя Ліцвіна і там «абвясцілі» роспуск.

Баец атраду імя Ліцвіна, які пазней загінуў у аўтакатастрофе, Дзмітрый Воўк казаў «Белсату»: ляжалі яшчэ не разабраныя рэчы, што планавалі выкарыстаць, калі беларусам нарэшце дазволяць уступіць у тэрытарыяльную абарону. Украінская паліцыя, адзначаў ён, не пабачыла «марадзёрства» ў дзеяннях атраду імя Ліцвіна. Матывам дзеяння «каліноўцаў» маглі быць асабістыя прэтэнзіі да аднаго з удзельнікаў, меркаваў Дзмітрый.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў