Расейскі незалежны тэлеканал «Дождь» адновіць сваю працу з 18 ліпеня


Вяртанне тэлеканалу «Дождь» у эфір будзе паступовым: спачатку будуць выходзіць выпускі навін і некалькіх аўтарскіх праграм, затым кантэнту будзе станавіцца больш, паведамляецца ў тэлеграм-канале тэлеканалу.

Раней у інтэрв’ю расейскаму выданню «Холод» гендырэктар «Дождя» Наталля Сіндзеева заявіла, што да канца лета тэлеканал будзе працаваць некалькі гадзін у дзень, а з верасня адновіцца яго паўнацэннае вяшчанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вядоўцы тэлеканалу «Дождь» Ілля Шапелін і Марыя Барзунова падчас святочнага канцэрту на восьмыя народзіны каналу.
Фота: Телеканал Дождь / Facebook

Тэлеканал «Дождь» змушана зачыніўся неўзабаве пасля пачатку вайны. З 1 сакавіка сайт канала пачаў блакаваць Раскамнагляд, а 3 сакавіка рэдакцыя абвясціла аб прыпыненні працы з-за немагчымасці абараніць сваіх журналістаў і гасцей ад новага крымінальнага артыкула аб «фейках» пра расейскую армію.

З-за прынятых у Расеі рэпрэсіўных законаў каманда была вымушана з’ехаць і зараз працуе з-за межаў краіны. У Латвіі тэлеканал адкрыў новую кампанію і атрымаў еўрапейскую ліцэнзію на вяшчанне. На першым этапе студыі будуць размяшчацца ў Рызе, Амстэрдаме, Тбілісі і Парыжы.

«Сёння грамадзяне Расеі як ніколі павінны мець доступ да незалежнай інфармацыі. І таму нам асабліва важна вярнуцца ў эфір. Мы, як і дзясяткі мільёнаў расейцаў, хочам, каб вайна скончылася, а Расея ад катастрофы і разбурэння вярнулася на шлях развіцця», – сказана ў звароце рэдакцыі.

Тэлеканал пачне працаваць у адкрытым доступе на YouTube і ў кабельных сетках, а таксама праз сацыяльныя сеткі.

Гісторыі
Колькі журналістаў выехала з Беларусі? Размаўляем з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім
2022.07.18 13:55

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў