Кулэба: Украіна разарве дыпламатычныя стасункі з Беларуссю, калі беларускія войскі пяройдуць мяжу


Пакуль беларусаў ва Украіне дыскрымінуюць за тое, што «з Беларусі лятуць ракеты», украінскія ўлады захоўваюць дыпламатычныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі, які дапускае выкарыстанне сваёй тэрыторыі для ваеннай агрэсіі насуперак уласнай Канстытуцыі.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.
Фота: Андрій Дубчак / Радіо Свобода

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба ў інтэрв’ю «Forbes» адказаў на пытанні адносна стасункаў з афіцыйным Менскам.

Адно пытанне было сфармуляванае так: «Беларусы даюць сваю тэрыторыю расейцам для абстрэлаў Украіны. У той жа час у нас з імі дыпламатычныя адносіны. Як гэта складваецца?»

«Беларусь — хаўруснік злачынства агрэсіі, гэтага ніхто не ставіць пад сумнеў, – адказаў Кулэба. – Мы разарвалі дыпламатычныя адносіны з Расейскай Федэрацыяй адразу пасля пачатку поўнамаштабнай атакі.

Таксама яны будуць разарваныя з Беларуссю, калі Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пяройдуць мяжу Украіны».

Яшчэ адно пытанне да Кулэбы тычылася навінаў пра магчымасць транзіту ўкраінскага збожжа праз Беларусь у балтыйскія парты – бо ўкраінскія парты заблакавала Расея. Кулэба патлумачыў, што гэты варыянт разглядаўся як «шлях апошняй надзеі», бо «ва Украіну з Беларусі лятуць ракеты».

«Нікому не хацелася мець ніякіх справаў з Менскам, які ёсць хаўруснікам агрэсіі, у якіх заўгодна гандлёвых пытаннях, – тлумачыў Кулэба. – Але вельмі добра папрацавалі лагісты і прыватныя інвестары (па сутнасці, трэйдары) над пашырэннем магчымасцяў наземных шляхоў праз краіны Еўразвязу. Ёсць прагрэс у перамовах адносна марскога шляху, таму варыянт пільнага беларускага маршруту ўжо не стаіць на парадку дня».

Hавiны
Украінскі журналіст: Кіеву трэба наладжваць стасункі з Ціханоўскай
2022.07.06 10:18

Беларускія сілавікі запэўнівалі Украіну, што нападу з боку Беларусі не будзе, за дзень да нападу – і Украіна напраўду лічыла, што нападу з боку Беларусі не будзе, хоць Аляксандр Лукашэнка выступаў за нанясенне ракетных «і не толькі» ўдараў па Украіне.

Канстытуцыя Беларусі на момант пачатку нападу з беларускіх земляў замацоўвала нейтралітэт як мэту, а ўжо 27 лютага ўлады правялі рэферэндум, пасля якога з Канстытуцыі прыбралі пункт аб нейтралітэце, але наўпрост прапісалі: «Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаваў». Аднак ваенная агрэсія з беларускай тэрыторыі не спынілася нават тады, калі стала забароненая наўпрост у Канстытуцыі.

Пасля пачатку вайны Украіна фармальна не разарвала дыпламатычных стасункаў, але амаль цалкам спыніла гандаль. Калі дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у красавіку выказваў здагадкі адносна таго, чаму афіцыйны Кіеў не запрашае з візітам Святлану Ціханоўскую, ён адзначаў: з Беларуссю «ёсць і пэўныя эканамічныя сувязі дагэтуль».

Hавiны
Ціханоўская расказала, чаму дагэтуль не прыехала ў Кіеў
2022.07.15 19:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў