Еўропа чакае «халодную зіму» без расейскага газу. Што адбываецца і ці ёсць выйсце?


Хоць Крамлю гэта нявыгадна, еўрапейцам варта закупіцца цёплымі шкарпэткамі: не факт, што дастатковыя аб’ёмы газу назапасяцца ці прыплывуць, калі Расея спыніць пастаўкі праз газаправоды. Падрабязна тлумачым, як так сталася.

У Еўразвязе непакояцца: Расея прыпыніла пастаўкі газу ў Нямеччыну газаправодам «Паўночная плынь 1». Фармальна гэта планавае штогадовае абслугоўванне на 10 дзён, але не ўсе вераць, што 21 ліпеня пастаўкі адновяцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Манометры і газавыя трубы на газавымяральнай украінскай станцыі.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

Сам «Газпром» намякае: бяспечная праца «Паўночнай плыні 1» звязаная з турбінай «Siemens Energy», што ў сваю чаргу была на абслугоўванні ў Канадзе, і менавіта праз адсутнасць гэтай турбіны «Газпром» раней скараціў на 40 % пастаўкі газу праз «Паўночную плынь». Турбіну спачатку не хацелі вяртаць пасля канадскіх санкцыяў супраць Расеі, потым пастанавілі зрабіць выключэнне з санкцыяў дзеля энергетычнай бяспекі Еўропы. Украіне гэта не спадабалася.

І нават калі турбіна вернецца і Расея адновіць пастаўкі, Еўропа застаецца ўразлівай да газавага шантажу Крамлю. Тая ж Нямеччына паабяцала спыніць куплю расейскага вугалю са жніўня, нафты – з 31 снежня, а ад газу адмовіцца не можа: залежнасць ад расейскага газу стваралася дзясяткамі гадоў.

Чаму нафту можна купіць без Расеі, а газ – не?

Калі доля расейскай нафты ў еўрапейскім перапрацоўванні складала толькі 20 %, а расейскага паліва – 10 % ад усяго спажывання, то расейскі газ займае 45 % газавага імпарту Еўразвязу і 40 % фактычных патрэбаў Еўразвязу.

Эканаміст Пётр Марозаў тлумачыць: нафта ў большай ступені, чым газ, экспартавалася не праз трубаправоды, а праз караблі. Танкер з нафтай можа ісці куды заўгодна і можа нават быць плывучым сховішчам нафты. Можна нават падмяшаць падсанкцыйную нафту да нерасейскай, атрымаць больш за 51 % непадсанкцыйнай нафты ў сумесі – і тады сумесь стане таксама непадсанкцыйнай (так рабіў Іран, а цяпер і Расея: у красавіку – траўні колькасць «часткова расейскай» нафты ў танкерах вырасла да гістарычных максімумаў).

З газам цяжэй: газаправод ідзе дакладна з пункту А ў пункт Б, мае абмежаваную максімальную нагрузку, трубы не «перанакіруеш», а пабудова новых газаправодаў можа трываць шмат гадоў. А расейскі газ паступаў у Еўропу пераважна праз газаправоды, што ідуць з Расеі праз Балтыйскае і Чорнае мора, Беларусь і Украіну ў еўрапейскую інфраструктуру газаправодаў, што сканчаецца аж у Партугаліі і даходзіць да Афрыкі.

Пры гэтым калі Расея перакрые адзін газаправод і пакіне дзейнымі іншыя, адна краіна-пакупнік можа і перапрадаць свой газ краіне, што недаатрымала газ (Нямеччына перанакіроўвае вуглевадароды Польшчы), але калі зменшацца агульныя аб’ёмы паставак – газу можа не хапіць «і сабе, і суседу».

Карта газаправодаў Еўропы. Тонкія шэрыя лініі – газаправоды. Таўсцейшыя чорныя – крыніцы паставак газу ў Еўразвяз. Чырвоныя – газаправоды, ад запуску якіх адмовіліся. Фіялетавыя пункты – тэрміналы рэгазіфікацыі звадкаванага газу. Светла-фіялетавыя плямы – месцы, дзе еўрапейскія краіны могуць здабываць уласны газ. Крыніца: AFP News Agency / Twitter

Альтэрнатыва газаправодам – звадкаваны газ (LNG), які можна вазіць на адмысловых караблях з крыяцыстэрнамі або адмысловымі наземнымі машынамі (гэта адбываецца не так часта). Каб рабіць звадкаваны газ са «звычайнага», патрэбны завод звадкавання газу, а такі будуецца не за дзень. І каб даваць звадкаваны газ спажыўцу, патрэбныя тэрміналы рэгазіфікацыі, якіх у Еўропе не так шмат і якія таксама будуюцца не хутка.

Расея праўда можа перакрыць газ?

Тэарэтычна – так. Але гэта праблема для абодвух: калі Крэмль надумае не пастаўляць газ у Еўразвяз, дык Еўразвязу трэба будзе шукаць новага прадаўца, а Расеі – новага пакупніка. Марозаў разважае так: калі Расея захоча перакрыць газ Еўразвязу, дык можа і перакрыць, але куды падзене свой газ?

«Так проста і хутка пераарыентаваць пастаўкі расейскага газу на іншыя напрамкі немагчыма: каб пастаўляць больш газу ў Кітай праз трубаправоды, трэба пабудаваць гэтыя трубаправоды, – тлумачыць Марозаў. – Калі яны збіраюцца адразу спыніць пастаўкі газу праз газаправоды ў Еўропу ў межах нейкага палітычнага кроку, яны сутыкнуцца з тым, што ім не будзе куды падзець свой газ».

Колькі газу Расея пастаўляла ў Еўропу праз розныя газаправоды: зверху ўніз – «Турэцкая плынь», праз Украіну і Беларусь (падсанкцыйны газаправод «Ямал – Еўропа»), «Паўночная плынь»

У Расеі абмежаваныя магчымасці вытворчасці і транспартавання звадкаванага газу, працягвае эканаміст. Калі Расея адмовіцца ад паставак газаправодамі ў Еўразвяз, ёй давядзецца кансерваваць нейкую частку радовішчаў газу (здабычу ўжо паціху скарачаюць).

«Газпром» таксама заяўляў пра пашырэнне газіфікацыі ў самой Расеі, асабліва паўночна-заходняга рэгіёну, куды падведзеныя магутнасці для «Паўночных плыняў» (газаправод «Паўночная плынь 1» цяпер якраз часова адключылі, а «Паўночную плынь 2» дабудавалі, але Еўропа адмовілася яе запускаць). Можна таксама працягваць ацяпляльны сезон у Расеі да самага лета. Але ёсць нейкі мінімальны аб’ём паставак, апусканне да якога Расея можа сабе дазволіць, але ніжэй за гэтую планку пачнуцца вялікія праблемы.

Сама Расея спажывае на год каля 516 bcm газу (bcm – мільярд кубаметраў). Да падзення паставак у Еўропу ў другой палове 2020 года Расея пастаўляла за мяжу каля 215 bcm на год, і больш як тры чвэрці таго ішло ў Еўропу. То значыць, каб кампенсаваць страту еўрапейскага рынку, трэба павялічыць на траціну спажыванне газу ў самой Расеі або аднекуль знайсці новыя рынкі – пры тым, што ў Кітай за 2021 год паставілі ўсяго 10 bcm, а ў самых аптымістычных планах Расеі экспарт у Кітай дасягне 48 bcm (яшчэ 50 bcm можа даць газаправод «Сіла Сібіры 2», які пакуль толькі праектуюць).

Хто найбольш залежыць ад расейскага газу?

Як ні дзіўна, гэта не Нямеччына, на якой цяпер сканцэнтраваная ўвага. Паводле звестак за 2020 год (свяжэйшых няма), Нямеччына – найбуйнейшы пакупнік (16 % ад агульнага экспарту газу з Расеі ідзе туды), але бярэ з Расеі толькі 58,9 % патрэбнага ёй газу. Балгарыя закупляе з Расеі 72,8 % патрэбнага ёй газу, Славаччына – 75,2 %, Славенія – 81 %, Чэхія – 86 %, Эстонія – 86,5 %, Фінляндыя – 92,4 %, Латвія – 100,1 %, а Вугоршчына бярэ з лішкам: 110,4 % ад патрэбнага ёй газу ідзе з Расеі.

Ад спынення паставак праз «Паўночную плынь» пацярпіць як Нямеччына (у якую прыходзіць гэтая труба), так і іншыя краіны Еўразвязу. Але найбольш уразлівыя тыя, хто не мае выхаду да мора: збудаваць інфраструктуру для прыёму звадкаванага газу з караблёў прасцей, чым газаправоды да новых прадаўцоў.

Офіс карпарацыі «Газпром» у Маскве.
Фота: Alexander Shcherbak / TASS / Forum

І адзін толькі звадкаваны газ пакуль не можа пакрыць патрэбаў Еўропы. Лічбы такія (у bcfd – мільярдах кубічных футаў на дзень). Расея ў 2021 годзе экспартавала каля 24,4 bcmd, з якіх 15 bcfd ішло ў Еўропу. Еўропа імпартавала летась 10,7 bcmd звадкаванага газу (з якіх са Злучаных Штатаў ішло 3,3 bcmd), ужо нарасціла аб’ёмы імпарту звадкаванага газу да 17,4 bcmd (з іх 7,5 bcmd з ЗША). Штаты могуць агулам экспартаваць 13,6 bcmd звадкаванага газу, налета гэты паказнік вырасце толькі да 14,2 bcmd.

Уразлівыя і бяднейшыя краіны: цэны на прыродны газ ужо шалёныя – у дзясятак разоў вышэйшыя за норму. Пастаўкі газу з Расеі былі танным варыянтам, а пастаўкі звадкаванага газу даражэйшыя за пастаўкі праз газаправоды ў еўрапейскіх маштабах.

Што рабіць?

Міжнароднае энергетычнае агенцтва прапаноўвала 10 пунктаў, сярод якіх павелічэнне выкарыстання сонечнай энергіі і энергіі ветру (гэта знізіць патрэбу ў расейскім газе ўсяго на 6 bcm на год), атамнай і біяэнергіі (яшчэ 13 bcm на год), зніжэнне тэмпературы ў жытле на 1 °С пры абагрэве (10 bcm на год), замена газавых катлоў на цеплавыя помпы (2 bcm на год) і паляпшэнне энергаэфектыўнасці будынкаў і заводаў (2 bcm на год). Еўразвяз пры тым імпартаваў у 2021 годзе 155 bcm расейскага газу.

Калі Расея не адновіць паставак газу праз «Паўночную плынь» (або калі Еўропа збіраецца адмовіцца ад расейскага газу праз непрадказальнасць Крамля і вайну ва Украіне), давядзецца або шукаць новых прадаўцоў звадкаванага газу, або павялічваць уласную здабычу газу, або скарачаць уласнае спажыванне газу, або ўсё гэта разам.

Чаяндзінскае нафтагазавае радовішча, адно з найбуйнейшых на ўсходзе Расеі, сыравінная база для нафтаправоду «Сіла Сібіры», месціцца ў рэспубліцы Саха.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

Змяншэнне абагрэву дамоў, паводле падлікаў для Нямеччыны, дасць большы эфект, чым працяг ужывання вугальных і атамных электрастанцыяў, што збіраліся закрываць, але ўсё гэта разам можа перабіць нізкая тэмпература ўзімку і патрэба ў большым абагрэве, таму ў найбліжэйшай перспектыве галоўная надзея – на звадкаваны газ. Новая інфраструктура пад звадкаваны газ ужо будуецца, але новыя тэрміналы ў Нямеччыне і Грэцыі з’явяцца добра калі налета.

І павелічэнне здабычы газу ў Еўропе, і павелічэнне выкарыстання вугалю або атамнай энергіі можа сутыкнуцца з пратэстамі з экалагічных прычынаў (а здабыча газу ў Нідэрландах – з пратэстамі праз разбурэнне жытла ад падземных штуршкоў), а скарачэнне спажывання газу можа прывесці да скарачэння вытворчасці (што пагражае падзеннем эканомікі і ростам беспрацоўя) і да меншага ацяплення жытла зімой. Рост цэнаў на энергарэсурсы (а ён ужо б’е рэкорды) пацягне за сабой рост цэнаў на ўсё, што вырабляецца з ужываннем энергіі.

Еўрапарламент пастанавіў, што да 1 лістапада трэба запоўніць газавыя сховішчы мінімум на 80 %, каб не змерзнуць зімой у выпадку спынення расейскіх паставак газу. Для шэрагу краінаў гэта будзе няпростай задачай.

Цяпер краіны Еўразвязу шукаюць розныя шляхі эканоміі энергіі. І пакуль Нямеччына прыглушае вулічныя ліхтары і закрывае басейны, каб ашчаджаць энергію, грэкі запрашаюць немцаў да сябе на зіму – адпачыць у цеплыні.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў