«Экстрэмісцкі» тэг, шматдзетныя бацькі ў калоніі, галадоўка Аўтуховіча. Рэпрэсіі 18 ліпеня


Ужо два гады ў Беларусі штодзень – палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» вядзе хроніку рэпрэсіяў. Вось што стала вядома за адзін толькі дзень 18 ліпеня.

Шматдзетныя сужэнцы Ігар і Юлія Лаптановічы.
Фота: сямейны архіў герояў

У Гарадзенскім абласным судзе агучылі прысуд актывістцы з Пружанаў Юліі Лаптановіч: 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 2650 рублёў паводле шасці крымінальных артыкулаў. Муж Юліі Ігар Лаптановіч – палітзняволены – цяпер таксама знаходзяцца за кратамі. У жніўня 2021 года іх асудзілі ў Берасці па «справе карагодаў» за падзеі 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі карагод у цэнтры гораду. Тады Ігара асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, а Юлію – да трох гадоў «хатняй хіміі». На волі іх чакаюць трое дзяцей.

Палітычнаму зняволенаму Віталію Жылінскаму ў Менскім гарадскім судзе прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыму за «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 КК РБ) і за «Распальванне варожасці» (ч.1 арт. 130 КК РБ), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Мужчына ў няволі з 13 студзеня.

Артыкулы
Зняволены Мікалай Аўтуховіч сем дзён трымае сухую галадоўку. Яго і Вольгу Маёраву кінулі ў карцар
2022.07.18 19:58

У судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва асудзілі на год «хіміі» (абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу) і штраф у 2900 рублёў Віталія Таргонскага, пішуць праваабаронцы «Mayday». Яго прызналі вінаватым у тым, што ён з прычынаў «палітычнай і ідэалагічнай варажнечы» пакінуў некалькі каментароў пад пастом «УКантакце» з навіной аб тым, што інспекцыя ў справах непаўналетніх праводзіць рэйды па вадаёмах.

Тры гады «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) прысудзілі ў Ленінскім судзе Менску менеджарцы ў міжнародных перавозках Анастасіі Санкоўскай, піша «Вясна». Яе прызналі вінаватай у «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Аналітыка
Спроба стэрылізаваць інфармацыю пра войскі на мяжы: што стала прычынаю «хапуна» ў Драгічыне і Іванаве
2022.07.18 20:03

Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд былому памочніку пракурора Яўгену Бабаку: яго асудзілі на чатыры гады калоніі паводле той жа ч.1 арт. 342 КК РБ, а таксама за «Распальванне варожасці» (ч.1 арт. 130 КК РБ). Бабак стаў вядомы пасля таго, як ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія пабілі байкераў ноччу 11 жніўня 2020 года, а калі праверка ні да чаго не прывяла, Бабак звольніўся з пракуратуры. У няволю ён трапіў у чэрвені 2021 года – спачатку пасадзілі на «содні», пасля распачалі крымінальную справу.

Гамельчука Аляксандра Айнутдзінава затрымалі за спробу незаконна перайсці мяжу з Украінай і за спробу далучыцца да палка Каліноўскага, каб ваяваць на баку Украіны, расказвае «Медыязона» са спасылкай на «пакаяннае відэа» з праўладных каналаў. «Кіберпартызаны» паведамілі выданню, што Айнутдзінаў у кастрычніку 2020 года адбыў 10 дзён арышту за «Несанкцыянаванае мерапрыемства» (тады – арт. 23.34 КаАП РБ). «Медыязона» згадвае, што нядаўна беларускі памежнік уцёк праз мяжу, бо хацеў ваяваць супраць Расеі, і з ім быў «аднадумца», лёс якога заставаўся невядомым.

Гамяльчук Аляксандр Айнутдзінаў, якога затрымалі нібыта за спробу нелегальна перайсці беларуска-ўкраінскую мяжу і далучыцца да палка Каліноўскага. Скрыншот: «пакаяннае відэа» з праўладных каналаў

Былога гітарыста панк-гурту «Dzieciuki» Андрэя Пудзіна арыштавалі на 15 дзён за «экстрэмізм», піша гарадзенскі канал «Право имеют». Пудзін апошнім часам жыў у Менску і некаторы час не граў у музычных гуртах.

Віцебскага ксяндза Андрэя Вашчука асудзілі на 15 дзён арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.34 КаАП РБ), перадае «Catholic News». Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Але ёсць і добрыя навіны. Са следчага ізалятару пасля 14 месяцаў няволі выпусцілі журналістку Tut.by Алену Талкачову. Ці знялі з яе абвінавачванні, невядома, але прынамсі яна ўдома.

Hавiны
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» гэштэг у Instagram
2022.07.18 13:53

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў