«Дождь» вярнуўся: незалежны расейскі тэлеканал аднавіў вяшчанне пасля 4 месяцаў перапынку


Толькі цяпер ён не расейскі, а фармальна латвійскі: у Расеі за такія эфіры блакуюць і пагражаюць.

Незалежны расейскі тэлеканал «Дождь» вечарам 18 ліпеня запусціў першы эфір за больш як чатыры месяцы – пакуль толькі ў інтэрнэце. Тэлеканал спыняў вяшчанне 3 сакавіка: пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Расеі заблакавалі рэсурсы каналу, а некаторыя супрацоўнікі былі вымушаныя з’ехаць з Расеі праз пагрозы.

Як піша «Дождь» у Twitter, вяртанне да працы будзе паступовым: спачатку будуць выходзіць навіны і некалькі аўтарскіх перадач, потым кантэнту будзе станавіцца больш, а восенню запусцяцца новыя праекты. Рэдакцыя спадзяецца аднавіць сайт і мабільныя праграмы.

Цяпер канал стаў фармальна латвійскім: у Латвіі адкрылі новую кампанію (захаваўшы старую каманду), атрымалі еўрапейскую ліцэнзію на вяшчанне. Студыі на першым этапе будуць у Рызе, Амстэрдаме, Тбілісі і Парыжы. У Расеі ж канал яшчэ год таму назвалі «замежным агентам».

Hавiны
У Латвіі забароняць трансляцыю ўсіх расейскіх каналаў. Замест іх ліцэнзію выдадуць тэлеканалу «Дождь»
2022.06.06 16:53

«Мы цудоўна разумеем усе мінусы і праблемы, звязаныя з працай з-за мяжы, але спадзяемся справіцца з гэтым выклікам. Вельмі разлічваем на актыўную дапамогу нашых гледачоў у пошуку інфармацыі з месцаў падзеяў», – піша «Дождь».

Таксама тэлеканал адзначае, што чатыры з паловай месяцы, што канал не працаваў, трывала «крывавая, бессэнсоўная вайна, якую кіраўніцтва Расеі вядзе з Украінай», а «разам са знішчэннем украінскіх гарадоў вайна знішчае будучыню Расеі».

«Мы, як і дзясяткі мільёнаў расейцаў, жадаем, каб вайна скончылася, а Расея ад катастрофы і разбурэнні вярнулася на шлях развіцця», – дадае рэдакцыя каналу.

«Дождь» пачаў вяшчанне летам 2010 года – спачатку ён задумваўся як «тэлеканал для паспяховых людзей», але хутка перайшоў да палітычных навінаў. Яго не пусцілі ў асноўныя «агульнадаступныя» пакеты тэлеканалаў, у 2014 годзе ад яго адмовілася большасць спадарожнікавых і кабельных аператараў. Канал перайшоў на распаўсюд навінаў праз інтэрнэт паводле падпіскі, атрымаў фінансаванне Еўразвязу.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў