Беларуская эканоміка ўпала крыху больш, чым чакаў міністр: мінус 4,2 % ВУП за паўгоддзе


Белстат апублікаваў першыя вынікі эканамічнага развіцця за студзень – чэрвень 2022 года. Амаль усе паказнікі ў мінусе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабіль БелАЗ на тэрыторыі заводу. Жодзіна, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Аб’ём валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў цяперашніх цэнах склаў у першым паўгоддзі 2022 года 87,4 млрд беларускіх рублёў – гэта на 4,2 % менш, чым было ў першым паўгоддзі 2021 года, паведамляе Белстат. Гэта значыць, сумарны кошт усіх вырабленых у Беларусі тавараў і паслугаў скараціўся на гэтыя самыя 4,2 %.

Прамысловай прадукцыі за першае паўгоддзе 2022 года вырабілі на 5,2 % менш, чым годам раней – на 81,3 млрд рублёў у цяперашніх цэнах. Мінус у апрацоўчай прамысловасці яшчэ большы – 6 %. Прадукцыі вясковай гаспадаркі выгадавалі і вырасцілі на 3 % менш, на 9 млрд. рублёў.

Крыху лепшай сітуацыя выглядае ў раздробным гандлі – таварабарот склаў 32 млрд рублёў, што менш за мінулы год толькі на 0,4 %. Але ў гуртавым гандлі таксама падзенне – мінус 14,6 % (65,6 млрд рублёў). У плюсе пакуль што грамадскае харчаванне – тавараабарот у першым паўгоддзі там склаў 1,9 млрд рублёў і гэта на 1,7 % больш, чым у першым паўгоддзі мінулага года.

Грузаабарот упаў яшчэ мацней – на 21,9 % (46,4 млрд тона-кіламетраў). Пасажыраабарот склаў 9533,1 млн пасажыра-кіламетраў, што на 1,2 % больш, чым у адпаведным перыядзе 2021 года. Паслугамі пасажырскага транспарту скарысталіся 753,1 млн асобаў. Гэта таксама менш, чым у студзені – чэрвені 2021 года – на 3,6 %.

Наконт замежнага гандлю таварамі ёсць пакуль толькі звесткі за першыя пяць месяцаў 2022 года, за гэты час замежны тавараабарот скараціўся на 6,5 % (28,2 млрд долараў), экспарт – на 4,4 % (14 млрд долараў), імпарт – на 8,5 % (14,3 млрд долараў).

Міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў тыдзень таму казаў, што ВУП мае ўпасці на 4 %, паводле падлікаў Мінэканомікі. Але ён запэўніваў: «эканоміка працуе ўстойліва і збалансавана». І хоць падзенне выкліканае «структурнымі зменамі, у першую чаргу, у замежным гандлі», але «замежны гандаль таварамі і паслугамі збалансаваны» (Чарвякоў звяртаў увагу на тое, што экспарт большы за імпарт на 1,7 млрд долараў, гэта рэкорд з 2012 года).

Hавiны
Ідэальны шторм. Як змянілася Беларусь і беларусы з пачатку вайны
2022.06.30 18:14

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў