Закрыццё сайту ці крымінальная справа. Частка рэдакцыі магілёўскага парталу 6tv.by пакінула Беларусь


Рэдактара сайту 6tv.by Зміцера Салаўёва супрацоўнікі ГУБАЗіКу паставілі перад выбарам: альбо ён спыняе працу рэсурсу, альбо на яго будзе заведзеная справа паводле арт.342 КК РБ («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Зміцер Салаўёў.
Фота: baj.by

14 ліпеня ў рэдакцыі 6tv.by прайшоў ператрус. Сілавікі забралі тэхніку, а галоўнага рэдактара Зміцера Салаўёва выклікалі ў 11-е ўпраўленне ГУБАЗіК МУС РБ. Там Салаўёву прапанавалі адключыць сайт, паведамляе магілёўскі тэлеграм-канал MAYDAY. У выпадку адмовы паабяцалі завесці крымінальную справу паводле арт.342, а частцы супрацоўнікаў прыгразілі крымінальным пераследам за «распальванне сацыяльнай варожасці» – так супрацоўнікі МУС успрынялі відэапраграмы сайту пра міліцыю.

Частка відэкантэнту сайту была выдаленая, у прыватнасці, сумесны праект 6tv.by і праваабарончага цэнтру «Вясна» «Павестка-шоу», у якім удзельнічалі праваабаронцы «Магілёўскай вясны». Недасяжныя цяпер некаторыя эфіры журналіста Аляксандра Буракова. Таксама сілавікі цікавіліся ў Зміцера Салаўёва пра праваабаронцу і журналіста Сашу Райкона.

Пасля гэтых пагрозаў частка рэдакцыі магілёўскага парталу пакінула Беларусь, у тым ліку – галоўны рэдактар, частка засталася працаваць на радзіме. Спыняць сваю працу рэдакцыя не збіраецца.

Паводле Беларускай Асацыяцыі журналістаў, за апошнія 10 дзён у рэдакцыях і кватэрах беларускіх журналістаў прайшлі 63 ператрусы, усяго з пачатку году – 107.

З’ехалі карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Раман Васюковіч і палітычны аналітык Валер Карбалевіч, які супрацоўнічаў з «Радыё Свабода».

У пятніцу, 16 ліпеня, прайшлі ператрусы ў 18 журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам».

Затрыманыя і застаюцца за кратамі восем супрацоўнікаў медыяў:

  • Ягор Марціновіч,галоўны рэдактар «Нашай Нівы»
  • Андрэй Скурко, кіраўнік аддзелаў рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы»
  • Андрэй Дынько, галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя»
  • Ігар Ілляш, журналіст «Белсату»
  • Алег Груздзіловіч, журналіст «Радыё Свабода»
  • Інэса Студзінская, былая журналістка «Радыё Свабода»
  • Алесь Дашчынскі, журналіст «Радыё Свабода»
  • Ганна Галёта, журналістка «Белсату».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў