Спёка адступае. З панядзелка 19 ліпеня ў Беларусі стане прахалодней


Спякота, якую прынеслі цёплыя паветраныя масы з паўднёвых раёнаў Еўропы, зменіцца больш камфортным надвор’ем, дзякуючы прахалодным паветраным масам атлантычнага паходжання. Пра гэта паведаміў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамету Аляксандр Беганскі ў эфіры тэлеканалу СТВ.

Начальнік службы метэапрагнозаў патлумачыў, што тэмпературны фон у Беларусі на працягу апошніх палутара тыдняў быў значна вышэйшым за кліматычную норму – на 5-9 градусаў, бо з паўднёвай Еўропы ў Беларусь паступалі вельмі цёплыя паветраныя масы.

«Ужо ў панядзелак, 19 ліпеня, франтальны падзел выцісне спякотнае надвор’е на поўдзень цэнтральнай часткі еўрапейскай Расеі, – сказаў эксперт. – Ноччу на большай частцы краіны, удзень па паўднёвым усходзе Беларусі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе +14 – +20°C, а ўдзень – +23 – +27°C».

З сярэдзіны новага тыдня, паводле Аляксандра Беганскага, паветраныя плыні над Беларуссю зменяцца на паўночна-заходнія, і ў краіну пачнуць паступаць больш прахалодныя паветраныя масы атлантычнага паходжання. Тэмпературны фон наблізіцца да кліматычнай нормы. Ноччу чакаецца ад +10 да +17°C, удзень – +20 – +25°C.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў