Распачаўся працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у ЗША


Беларуская лідарка прыляцела ў Вашынгтон 18 ліпеня, у аэрапорце яе сустрэла амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Працоўная праграма візіту распачнецца а 14-й гадзіне па мясцовым часе на Freedom Plaza з сустрэчы з беларускай дыяспарай.

«Для мяне вялікі гонар, што пасля майго прыбыцця ў Вашынгтон мяне сустрэла амбасадарка ЗША ў Беларусі. Амбасадарка Фішэр нястомна працавала, каб падтрымаць Беларусь. Я вельмі радая распачаць свой візіт у ЗША і я спадзяюся, што гэта дапаможа Беларусі на ейным шляху да дэмакратыі», – напісала Святлана Ціханоўская ў сябе ў твітары.

На панядзелак 19 ліпеня ў Ціханоўскай запланаваныя сустрэчы на высокім узроўні ў Дзярждэпартаменце, а на аўторак – у Белым доме.

Лідарка беларускай апазіцыі запрошаная на ўрачыстае адкрыццё двухпартыйнага беларускага кокусу ў Кангрэсе ЗША – групы амерыканскіх кангрэсмэнаў, якія будуць працаваць выключна па тэме Беларусі. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі ЗША аказвае такую падтрымку беларусам.

Святлана Ціханоўская сустрэнецца з сенатарамі-сябрамі Палаты прадстаўнікоў ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыяў, а таксама з Самантай Паўэр – кіраўнічкай USAID – амерыканскага агенцтва міжнароднай дапамогі.

Акрамя гэтага, Ціханоўская дасць інтэрв’ю вядучым сусветным медыям: CNN, MSNBC, Foreign Policy, National Interest, Voice of America і правядзе сустрэчу з рэдакцыяй Washington Post.

Праграма візіту Святланы Ціханоўскай у ЗША на другую палову тыдня будзе апублікаваная ў бліжэйшыя дні.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў