З’язджаюць і ўласнікі, і жыхары. Вайна ва Украіне працягвае абвальваць рынак арэнды ў Беларусі


Палітычны крызіс, масавыя рэпрэсіі і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі выклікалі вялікі адток людзей з Беларусі. Гэта ў сваю чаргу абваліла рынак арэнды ў краіне. Пачатак жа вайны ў суседняй Украіне, да чаго прыклаў сваю руку рэжым Аляксандра Лукашэнкі, толькі пагоршыў сітуацыю. І праз амаль чатыры месяцы становішча на арэндным рынку працягвае пагаршацца.

Як сведчаць звесткі з сайту Realt.by, у лютым колькасць пошукавых запытаў «зняць кватэру ў Менску» ў параўнанні са студзенем скарацілася на 10%. У той жа час колькасць аб’яў у базе Realt працягвала расці. У цэлым за ўвесь месяц было размешчана 12700 абʼяў, што на 1,5% больш, чым у студзені. Найбольш вырасла колькасць свабодных 1-пакаёвых кватэр (4%), колькасць двушак і траячак практычна не змянілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Рост курсу долара ў сакавіку пацягнуў за сабой рост цікавасці да рынку здымнага жылля сталіцы: нехта з арандатараў шукаў больш бюджэтныя варыянты для сябе, нехта цікавіўся зменамі на рынку ўвогуле. Як вынік, паводле Google Trends, колькасць запытаў «зняць кватэру ў Менску» за месяц вырасла ў 1,6 разы, паказаўшы новы максімум за апошнія чатыры гады.

Але на тле рэлакацыі колькасць свабодных для засялення кватэр таксама павялічылася – на 16% за месяц, у тым ліку аднапакаёвых – адразу на 22%.

Упершыню з сярэдзіны 2020 года арэндныя стаўкі знізіліся прыкладна на 3% незалежна ад колькасці пакояў. Такога зніжэння коштаў не было ўжо два гады.

Далей – горш. У красавіку ў параўнанні з сакавіком у Менску рэзка скарацілася колькасць ахвочых зняць кватэру, але прапанова арэнднага жылля працягнула павялічвацца. Сакавіцкі ўсплёск пошукавай актыўнасці ў красавіку знізіўся амаль на траціну. А вось вольных для засялення кватэр стала больш яшчэ на 9%.

Аналітыка
За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Шукаем двухпакаёўку не ў цэнтры
2022.06.15 11:02

У траўні прапанова кватэраў у арэнду ў Менску працягвала расці, а попыт – падаць. Цалкам за ўвесь месяц у базе Realt.by было 16800 абʼяваў, што на 5% вышэй, чым у красавіку. Прычым колькасць абʼяў паступова павялічылася па ўсіх тыпах кватэр – ад «аднапакаёўак» да «траячак».

Тым часам колькасць пошукавых запытаў «зняць кватэру ў Менску» знізілася на 5% у параўнанні з красавіком. У параўнанні з траўнем 2021 года ўзровень попыту на арэнду кватэр скараціўся на 19%.

За апошнія 12 месяцаў цэны на арэнду 2- і 3-пакаёвых кватэр у Менску знізіліся на 4%, «аднапакаёвак» – на 5%.

На канец траўня арэнда аднапакаёвай кватэры ў Менску каштавала $ 259, двухпакаёвай – $ 320, трохпакаёвай – $ 402.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У 2022 годзе знізілася і даходнасць ад здачы кватэр у арэнду, якую ўпершыню з 2016-га абагнала даходнасць валютных дэпазітаў.

Кватэры сваякам ды сябрам

Варта адзначыць, што шмат хто з уласнікаў, выязджаючы не з уласнай волі з Беларусі, стараюцца па-ранейшаму здаваць свае кватэры блізкім сваякам ці сябрам. Адпаведна і кошты на арэнду істотна ніжэйшыя. Гэтак, распавядаюць чытачы «Белсату», у цэнтры Менску можна зняць трохпакаёўку нават за $ 100 плюс камуналка.

Праўда, часам сябры і сваякі таксама вымушаныя з’язджаць з Беларусі.

«Здаю кватэру ў Менску. Спачатку здымала сястра, але з’ехала ў Польшчу. Зараз здаю сябру. Кошт да 2020 і зараз – $ 250, кватэра двухпакаёвая», – кажа чытач Аляксандр.

Паводле яго, да вайны кошт арэнды кватэры незнаёмаму маглі б падняць і да $ 300, «але пасля пачатку вайны не падымалі б».

То ў рублях, то ў доларах

Моцныя хістанні на фінансавым рынку прымушаюць уласнікаў і арэндатараў шукаць новыя фарматы супрацы.

«Здымаем двухпакаёўку ў Менску. Калі долары немагчыма было набыць, дамовіліся на рублі па курсе 2,99 за долара (афіцыйны курс быў каля 3,4, калі не памыляюся). Зараз зноў у доларах, але са зніжкай у 6% ад першапачатковай дамовы», – кажа чытач Сяргей.

Паводле яго, уласнік кватэры на фінансавыя прапановы пагаджаўся без дэбатаў і гандляванняў, толькі падумаў пару дзён.

«Маніторым сітуацыю, больш танных прапаноў зараз небагата, няма сэнсу мяняць кватэру», – кажа Сяргей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Немагчыма фактычна перадаць грошы»

Услед за ўласнікамі кватэраў часта з’язджаюць з кватэраў і іх жыхары. Пра адзін з такіх выпадкаў распавядае Уладзімір, які здаў кватэру ў Менску сямейнай пары з ІТ:

«Яны мусілі плаціць у доларах і здымаць кватэру з сакавіка. Яны далі задатак, аформілі докі, заключылі дамову, перавезлі рэчы нават часткова. Мы нават стэліліся па скайпе, каб пагутарыць і даведацца, ці харошыя рабяты будуць і адэкватныя. Але так атрымалася, што ІТ-кампанія ўчыніла рэлакацыю, і нашыя жыльцы так ніводнага дню не пражылі ў нас, забралі рэчы і з’ехалі».

Новых жыхароў шукалі ўжо на новых умовах, перад тым зменшыўшы кошт у 1,5 разы і перавёўшы яго ў рублі, бо «ў такой сітуацыі немагчыма і непрыстойна браць больш і патрабаваць знаходзіць у людзей з заробкамі ў рублях долары». Нагодай для змяншэння коштаў арэнды стала таксама падвышаная камуналка для «дармаедаў», якія выехалі за мяжу.

І хоць спачатку планавалася, што арэнда кватэры стане «якой-ніякой фінансавай падтрымкай» для сям’і за мяжой. Але цяпер «немагчыма фактычна перадаць грошы сюды і проста здача кватэры сталася падтрымкай для бацькоў, што ў прынцыпу ўжо няблага».

Эміграцыя не спыніцца

Пры гэтым чакаць спынення масавай эміграцыі з Беларусі не варта. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў сацыёлаг Генадзь Коршунаў.

«Як не спынялася [эміграцыя. – Рэд. Belsat.eu] з пачатку 00-х. Гэта я кажу пра палітычную міграцыю, якая ішла ўвесь гэты час – пяцігадовымі хвалямі. Эканамічны чыннік будзе другасным», – мяркуе эксперт.

Вяртацца ж у Беларусь, адзначыў Генадзь Коршунаў, беларусы пачнуць масава толькі тады, «калі сыдзе Лукашэнка і зменіцца рэжым». Бо «цяпер артыкул можна знайсці на кожнага».

А значыць, і паляпшэння сітуацыі на арэндным рынку, відаць, таксама не прадбачыцца.

Hавiны
«Народ яшчэ не зразумеў, што здарылася». Эксперт спрагназаваў сітуацыю на беларускім рынку жытла
2022.03.08 17:53

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў