«Вярнуцца дамоў…» Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адкрыўся ў Варшаве


Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» 18 чэрвеня завітаў у Варшаву. Гэта ўжо трэці горад, які ахапіла «Прадмова 2022». Гарадоў Беларусі сярод іх няма. Але гледачы могуць паўдзельнічаць у фэсце праз інтэрнэт. Сёлетнія імпрэзы адбываюцца ў чатырох гарадах трох краінаў – у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні.

«Прадмова» у Варшаве
Таццяна Нядбай выступае на адкрыцці фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Беларускі фэст мае часовае прыстанішча ў Варшаве, і сёння мы вымушаныя прымаць вас тут, нібыта ўдома. І адна з тэмаў сённяшняга фестывалю – гэта Дом, «доўгая дарога дадому».

І мы ўсе спрыяем таму, каб гэтая дарога трошачкі скарацілася, каб мы хутчэй маглі вярнуцца дамоў», – сказала на адкрыцці варшаўскай секцыі фэсту «Прадмова» кіраўніца беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай.

Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» ў Варшаве адкрылі Павел Баркоўскі і Лілія Іллюшына.

Паводле арганізатараў, варшаўская праграма «Прадмовы» складаецца з 30 імпрэзаў, што пройдуць цягам двух дзён – 18–19 чэрвеня. Арганізатары кажуць пра «інтэлектуальны марафон» для наведнікаў. Усе падзеі гэтага «марафону» адбудуцца ў Беларускім моладзевым хабе (plac Konstytucji 6 у Варшаве) на дзвюх пляцоўках.

«Прадмова» у Варшаве
На фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

У праграме – дыскусіі на актуальныя тэмы з інтэлектуаламі Беларусі і Польшчы, сярод якіх – Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Таццяна Заміроўская, Адам Міхнік, Славамір Серакоўскі, Саша Філіпенка, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

Што праўда, дакрануцца фізічна да некаторых спікераў не ўдасца. Прыкладам, беларуская набэліятка Святлана Алексіевіч будзе прысутнічаць у дыскусіях толькі онлайн. Пісьменніца Таццяна Заміроўская – таксама. Стрымы з імпрэзаў можна будзе глядзець онлайн на старонцы «Прадмовы» ў «Фэйсбуку» (пляцоўка А) і на youtube-канале фэсту (пляцоўка B).

«Прадмова» у Варшаве
Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Цікавінкаю варшаўскай праграмы стануць тэатральныя пляцоўкі, на якіх пройдуць у тым ліку і імпрэзы для дзяцей. Адбудуцца таксама прэзентацыі кніжак, майстар-класы і ўручэнне літаратурнай прэміі.

Важная завядзёнка: на фэсце працуе кніжны кірмаш.

5 кніжак, якія захацелася набыць на «Прадмове»:

  • Уладзімір Арлоў. «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань»;
  • Рыгор Барадулін. «У ката Мірона чорная карона» (для дзяцей);
  • Зоська Верас. «Я помню ўсё» (успаміны, лісты);
  • Станіслаў Лем. «Зорныя дзённікі»;
  • Франц Кафка. Выбраныя творы.

На жаль, перакладаў на беларускую мову славутай антыўтопіі Оруэла «1984» мы на кніжным кірмашы не заўважылі. Затое там можна набыць бел-чырвона-белыя сцягі (50 злотых) і майкі з Пагоняй.

На закрыццё – вялікі канцэрт

Першы дзень варшаўскай часткі фестывалю «Прадмова» скончыць «Ноч паэзіі» (Уладзімір Лобач, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Дзмітрый Строцаў, Анхела Эспіноса, Андрэй Хадановіч). А другі дзень завершыцца вялікім канцэртам. Арганізатары абяцаюць, што там зайграюць «Nizkiz», «Tyapin CREW», «Dzeciuki», Юры Стыльскі («Дай дарогу!»), «Botanic project», Аляксандр Памідораў, Дзяніс Тарасенка («Разбітае сэрца пацана»), «Rahis».

«Прадмова» у Варшаве
Беларуская ілюстратарка Кацярына Пікірэня выступае на адкрыцці фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Варшава, Польшча. 18 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Першы беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» адбыўся ў 2018 годзе ў культурніцкім інкубатары «ОК16» у Менску. Праграма сёлетняга фэсту была змененая пасля скандалу, звязаным з запрашэннем на «Прадмову» ўдзельнікаў з Расеі і адмовы ва ўдзеле ў сувязі з гэтым украінскіх і некаторых беларускіх інтэлектуалаў.

Hавiны
Першы пацалунак, Біблія і «ўваскрэсенне». Пяць цікавых фактаў пра Васіля Быкава і Украіну
2022.06.17 17:02

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў