Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 18 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 18 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Кіеўская вобласць, Украіна. 7 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 33350 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках расейцы ў асноўным праводзілі наступальныя дзеянні на Славянскім, Бахмуцкім і Севераданецкім кірунках. Па-ранейшаму складаная сітуацыя ў самім Севераданецку, у якім працягваюцца вулічныя баі. Таксама расейцы спрабавалі штурмаваць прыгарад, каб палепшыць свае пазіцыі, але былі адкінутыя ўкраінскімі сіламі.

На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе войскі РФ не вялі наступальных дзеянняў, але актыўна ўжывалі артылерыю і сістэмы залпавага агню.

За межамі Усходняй зоны аперацыі расейцы ў асноўным умацоўвалі свае пазіцыі ды праводзілі ратацыю сярод асабовага складу. Адзначаецца, што на Харкаўскім напрамку расейцы трымалі абарону, каб не дапусціць прарыву ўкраінскіх сілаў да дзяржаўнай мяжы і ў тыл войскаў, якія дзейнічаюць на Славянскім напрамку.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 18 чэрвеня наведаў горад Мікалаеў. На месцы ён сустрэўся з кіраўніком абласной адміністрацыі Віталем Кімам ды з іншымі рэгіянальнымі чыноўнікамі. Зяленскаму, сярод іншага, паказалі разбураны ракетным ударам будынак аблдзяржадміністрацыі.

Былы кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы генерал Станіслаў Козей заявіў, што Краіны NATO мусілі б увесці над заходнімі вобласцямі Украіны рэжым закрытага неба. На думку эксперта, NATO павінна прыкрываць вайсковую тэхніку, перададзеную Захадам, у тым ліку на тэрыторыі Украіны, дзе яе спрабуюць знішчыць расейцы. У гэты ж час Станіслаў Козей не выключае нападзення на Украіну з боку Беларусі, каб адцягнуць украінскія войскі з Поўдня ці Усходу.

Hавiны
«Пуцін ірацыянальны». Польскі генерал заклікаў пачаць ставіць вайсковыя бар’еры Расеі
2022.06.18 15:19

Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў таксама мяркуе, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі рыхтуецца да вайны, хоць і працягвае адцягваць той час, калі трэба аддаваць загад на ўварванне. Паводле эксперта, «Лукашэнка падвышае градус напружання, і ўжо ігнараваць ды казаць, што гэта гульня, стоадсоткава немагчыма».

Hавiны
Украінскі вайсковы эксперт: Лукашэнка рэальна рыхтуецца да вайны
2022.06.18 14:26

У сваю чаргу дарадца офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч выказаў меркаванне, што ў выпадку сутыкненняў войскаў Беларусі і Украіны беларускія вайскоўцы разам з узбраеннем могуць перайсці на ўкраінскі бок. Што ў сваю чаргу будзе найбуйнейшым папаўненнем вайсковай тэхнікі ўкраінскіх узброеных сілаў».

Аде пакуль украінскі бок адчувае моцны недахоп у вайсковай тэхніцы. Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў паведаміў, што ленд-ліз яшчэ не распачаўся. Мяркуецца, што гэта адбудзецца ў ліпені-верасні. Разам з тым Данілаў заўважыў, што боепрыпасы савецкага ўзору, якія былі на ўзбраенні ўкраінскай арміі, ужо амаль вычарпаныя.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што Казахстан не будзе прызнаваць самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР». У МЗС «ЛНР» адказалі, што гэта ўсяго толькі пазіцыя Такаева, на якую ён мае права, «але хавацца ад светапарадку, які змяняецца, немагчыма».

Hавiны
Такаеў на сустрэчы з Пуціным заявіў, што Казахстан не прызнае суверэнітэту «ДНР» і «ЛНР»
2022.06.17 22:45

Віцька Кавалак belsat.eu

Стужка навінаў