Эдуард Бабарыка: два гады ў палоне


Палітычны вязень Эдуард Бабарыка застаецца пад вартаю ўжо два гады. Яго затрымалі разам з бацькам Віктарам Бабарыкам 18 чэрвеня 2020 года. Разбіраемся, наколькі тое законна, і нагадваем гісторыю Эдуарда.

Хто такі Эдуард Бабарыка

Эдуарду 32 гады, апошнія два дні нараджэння ён сустрэў за кратамі, у СІЗА № 1.

Эдуард – сын Віктара Бабарыкі, беларускага палітыка, культурніцкага і грамадскага дзеяча, старшыні праўлення «Белгазпрамбанку» ў 2000–2020 гадах. Кіраваў перадвыбарчым штабам бацькі ў 2020 годзе.

Эдуард Бабарыка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Павел Крычко

Эдуард вучыўся ў менскай гімназіі № 1, займаўся ў музычнай школе ў класе гітары. Скончыў БДЭУ, дзе вывучаў эканоміку і кіраванне прадпрыемствамі, пасля заняўся бізнесам, кіраваў і развіваў краўдфандынгавыя платформы «Ulej» і «Mola Mola». Ягоныя сябры кажуць, што Эдуард – прыроджаны лідар, умее натхняць і весці за сабою, заўсёды імкнуўся рабіць штосьці карыснае для беларусаў і сваёй краіны. І сапраўды, дзякуючы праектам «Ulej» і «Mola Mola» ў Беларусі было зрэалізавана шмат сацыяльна значных і культурніцкіх праектаў ды ініцыятываў.

У 2017 годзе Эдуард страціў маму – яна загінула падчас дайвінгу на Мадэйры. Мае сястру Марыю.

Затрыманне і арышт

Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам па дарозе ў Цэнтрвыбаркам здаваць сабраныя подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. Адвакату за ўвесь дзень не ўдалося трапіць да Эдуарда – нібыта ў будынку ДФР праводзіліся вучэнні. Разам з тым на беларускім тэлебачанні ўжо паспелі абвесціць, што Эдуард і Віктар Бабарыкі даюць паказанні. На наступны ж дзень іх прызналі палітычнымі вязнямі.

Гучныя выкрывальніцкія «расследаванні» на падставе матэрыялаў, атрыманых ад сілавікоў, рэгулярна выходзілі на дзяржтэлебачанні цягам наступных чэрвеня і ліпеня. Але з таго часу ніякай новай інфармацыі ў крымінальных справах не агучвалася.

17 месяцаў Эдуард заставаўся ў СІЗА КДБ, пазней яго перавялі ў менскае СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Эдуарду выставілі наступныя абвінавачанні:

ч. 1 арт. 293 КК – «Арганізацыя масавых закалотаў»;

арт. 243 КК – «Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў»;

арт. 130 КК – «Распальванне варожасці ці варажнечы».

Яму можа пагражаць да 20 гадоў зняволення.

Салідарнасць

26 чэрвеня 2020 года Беларускі ПЭН-цэнтр апублікаваў адкрыты ліст ад беларускіх культурніцкіх арганізацыяў ды ініцыятываў з патрабаваннем вызваліць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. У лісце адзначалася, што «Віктар і Эдуард Бабарыкі стварылі сапраўдную экасістэму для існавання беларускай культуры». Сярод падпісантаў былі Беларускі ПЭН-цэнтр, ЗБС «Бацькаўшчына», ГКК «Будзьма беларусамі», Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», Міжнародны форум «Тэарт», «Арт-Сядзіба», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі калегіум, Еўрапейскі каледж «Liberal Arts» у Беларусі, шэраг выдавецтваў ды іншыя культурніцкія арганізацыі. Заяву таксама падтрымаў ПЭН Амерыкі і Саюз пісьменнікаў Нарвегіі.

Эдуард Бабарыка і Марыя Калеснікава падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Павел Крычко

1 ліпеня 2020-га на падтрыманне Віктара і Эдуарда Бабарыкаў апублікавалі адкрыты ліст ад прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Беларусі. Сярод падпісантаў былі Уладзімір Цэслер, Таццяна Бембель, Мікалай Пінігін, Аляксей Дудараў, Сяргей Грыневіч ды іншыя. Падпісанты заклікалі аднавіць працу краўдфандынгавых пляцовак «Mola Mola» і Ulej.by, кіраўніком якіх быў Эдуард, а яго самога, як і ягонага бацьку, вызваліць з-пад арышту праз тое, што «заслугі перад грамадствам і дзяржавай, станоўчая рэпутацыя Бабарыкаў вартыя таго, каб не абмяжоўваць іхнай волі».

У ліпені 2020-га амерыканскі актор Элайджа Ўуд, славуты сваёй роляй хобіта Фрода ў кінасусвеце «Уладара пярсцёнкаў», запісаў відэа салідарнасці з Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі. Вядома, што абодва Бабарыкі – фанаты «Уладара пярсцёнкаў».

7 верасня 2020-га сімвалічным хросным Эдуарда стаўся Карл-Гайнц Брунэр, дэпутат Бундэстагу, які з гэтай нагоды адзначыў: «Я сімвалічна стаўся хросным Эдуарда Бабарыкі, які з 18 чэрвеня застаецца ў СІЗА КДБ за падтрыманне выбарчай кампаніі свайго бацькі Віктара Бабарыкі.

Ягоны арышт ганебны. Агітацыя за дэмакратычныя выбары не ёсць злачынствам. Сваім рашэннем стаць «хросным бацькам» хачу паслаць сігнал: такія парушэнні немагчыма ігнараваць».

Два гады ў СІЗА

20 траўня 2022 года ў судзе Партызанскага раёну Менску суддзя Міхаіл Макарэвіч разгледзеў скаргу на чарговае падаўжэнне Эдуарду Бабарыку тэрміну ўтрымання пад вартаю. У вызваленні з-пад варты прадказальна адмовілі. Эдуард застаецца ў зняволенні без суда ўжо два гады. Ці законна гэта?

Праваабаронцы адзначаюць, што ўтрыманне пад вартаю мусіць ужывацца толькі ў выключных выпадках, бо ўмовы перабывання там адпавядаюць турэмнаму рэжыму – найбольш строгаму пакаранню. Менавіта таму адзін дзень утрымання чалавека ў СІЗА залічваецца за паўтара і нават за два дні адбывання пакарання ў папраўчай калоніі. Утрыманне чалавека пад вартаю мае быць выклікана неабходнасцю бесперашкодна збіраць доказы для расследавання: то бок чалавека ізалююць, каб ён не фальсіфікаваў доказаў, не ўплываў на сведак, не здзейсніў злачынства на волі і гэтак далей. Як толькі доказы сабраныя, чалавека павінны адпусціць на волю, замяніўшы меру стрымання ці цалкам скасаваўшы яе. Неапраўданае ўтрыманне чалавека ў СІЗА расцэньваецца праваабаронцамі як форма катаванняў.

Эдуард Бабарыка падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.
Фота: Павел Крычко

У выпадку з Эдуардам Бабарыкам максімальны тэрмін пад вартаю на стадыі следства не можа перавышаць 18 месяцаў, пасля чаго захада стрымання мусіць мяняцца. Аднак праваахоўныя органы зрабілі «элегантны» манеўр. Першапачаткова крымінальную справу вёў КДБ. Эдуард амаль паўтара года правёў у СІЗА КДБ, яму рэгулярна падаўжаўся тэрмін утрымання пад вартаю. Калі 18-месячны тэрмін утрымання падыходзіў да завяршэння, раптам «прачнуўся» Следчы камітэт, які прыйшоў да высновы, што Эдуард нібыта здзейсніў іншыя злачынствы паводле новых артыкулаў. Бабарыку-малодшага зноўку ўзялі пад варту і перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Тут ён тэарэтычна можа заставацца яшчэ 18 месяцаў цягам расследавання, якое вядзе ўжо Следчы камітэт у новай справе, без выстаўлення канчатковага абвінавачання і суда.

Сам Эдуард за кратамі трымаецца спакойна і ўпэўнена. Не траціць моцы духу, шмат чытае – кнігі і перыёдыку, займаецца фізічнымі практыкаваннямі, ёгай і вучыцца маляваць. Распавядае сукамернікам цікавыя факты з ядравай фізікі і з іншых навуковых галінаў. Лісты яму даходзяць пераважна толькі ад родных і блізкіх.

СП belsat.eu

Стужка навінаў