Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі


Галоўная выснова: у Грузіі трэба хадзіць на рынкі і гандлявацца, а на «загніваюшчым Захадзе» можа быць і даражэй, і танней, чым у Беларусі, пры істотна большых заробках.

Поўнамаштабны напад Расеі на Украіну выклікаў рост цэнаў па ўсім рэгіёне і нават пагражае свету харчовым крызісам. Цэны працягваюць рост і ў Беларусі, і ў іншых краінах.

Інфляцыя ў траўні-2022 да траўня-2021, паводле афіцыйных крыніцаў, такая: Беларусь – 17 %, Польшча – 14 %, Украіна – 18 %, Літва – 18,9 %, Грузія – 13,3 %.

Інфаграфіка
Схадзілі па крамах за дзень да вайны і сёння, купілі тое самае – на колькі больш заплацілі?
2022.06.02 19:20

Дык дзе цяпер танней схадзіць у краму? Мы палічылі.

Вынікі параўнання цэнаў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі, на 17 чэрвеня 2022 года. Выява: Белсат
Фота
Колькі каштуюць агуркі, ogórki, agurkai і კიტრი? Пахадзілі па рынках Менску, Варшавы, Вільні і Тбілісі
2022.06.08 12:41

Вось як лічылі.

  • Узялі паўсотні прадуктаў з разліку на аднаго чалавека на тыдзень, перад тым спытаўшы ў чытачоў у сацсетках, што б яны ўзялі ў краме сабе на тыдзень, калі б аказаліся перад пустой лядоўняй. Даруйце, што не ўзялі ражанку: гэта «экзатычны» прадукт у Грузіі і Польшчы, там папулярная іншая «малочка».
  • Прайшліся па онлайн-крамах у Беларусі, а таксама ў краінах, куды найчасцей эмігравалі з палітычных матываў беларусы: у Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі. Пры выбары лакацыі пазначалі цэнтр сталіцы. Ва ўсіх краінах акрамя Грузіі ўдалося знайсці онлайн-крамы гандлёвых сетак, якія лічацца недарагімі.
  • У Грузіі ж онлайн-гандаль не развіты – там давялося звярнуцца да сайта дастаўкі ежы, кур’еры якога заязджаюць у «офлайнавыя» крамы. І з грузінскімі цэнамі трэба памятаць: там больш, чым у іншых краінах, прынята хадзіць на рынкі і гандлявацца: можна купіць 1 кг яблыкаў за 2,5 лары ў краме, а можна, добра пагутарыўшы, атрымаць яго ж за паўтара лары на рынку.
  • Выбіралі або самы танны прадукт (без уліку акцыйных цэнаў), альбо папулярны недарагі прадукт міжнароднага брэнду (гарбата, кава, пітны ёгурт), які ёсць ва ўсіх краінах. Не гурманствавалі: макароны бралі самыя танныя, нават калі не ўпэўненыя, ці не зварацца яны ў кашу.
  • Колькасць і аб’ёмы прадуктаў выбіралі фактычна «пальцам у неба»: камусьці чатыры ёгурты на тыдзень не патрэбныя, а камусьці трох бутэлек піва хопіць на адзін дзень. Хтосьці зусім не спажывае мяса, камусьці не трэба столькі фруктаў. Некаторыя прадукты бралі з запасам: наўрад ці за тыдзень атрымаецца з’есці кілаграм солі ці выліць літр алею, але звычайна ў крамах меншыя аб’ёмы не купляюць.
  • Калі прадукты мелі розныя фасоўкі, пераводзілі цэны ў «беларускую» фасоўку (напрыклад, нейкі прадукт у Беларусі фасуюць па 430 г, а ва Украіне самы падобны па 510 г – дзелім украінскую цану на 510 і памнажаем на 430).
  • Перавялі ўсё ў долары ЗША як валюту, якая не ёсць нацыянальнай ні ў адной з гэтых краінаў, але пры тым яе ахвотна прадаюць і купляюць у абменніках. Узялі найлепшы курс, па якім банкі прадавалі долары на дзень аналізу.
Hавiны
Дзяржаўныя медыі палохаюць беларусаў жудаснымі ўмовамі жыцця ў Польшчы. Ці праўду кажуць?
2022.05.31 14:51

Вось вялікая табліца. У правай палове – цэны ў доларах. Зялёным колерам пазначаная найлепшая сярод пяці краінаў цана, чырвоным – найгоршая.

Вынікі параўнання цэнаў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі, на 17 чэрвеня 2022 года. Выява: Белсат

Што бачым:

  • Найлепшыя цэны на прадукты, як ні дзіва, у Польшчы. Следам Украіна (дзе цэны папсаваныя лагістычнымі праблемамі, выкліканымі вайной), затым Беларусь, Грузія (дзе трэба памятаць, што на рынках цэны будуць лепей, асабліва калі гандлявацца) і самая дарагая – Літва.
  • Калі пераводзіць цэны ў еўра, рэйтынг той самы: Польшча (61,53 еўра), Украіна (66,82 еўра), Беларусь (71,23 еўра), Грузія (75,87 еўра), Літва (92,15 еўра).

    Не ўсе прадукты раўнаважна таннейшыя ці даражэйшыя. Так, у Беларусі самыя танныя макароны, піва, чорны хлеб і іншае, але самыя дарагія яблыкі, бананы, бульба, морква, кава, марозіва, мінералка і іншае.
  • У Польшчы ж макароны самыя дарагія, хоць шмат што танней, чым у іншых прааналізаваных краінах. У Грузіі нават у краме, а не на рынку, самая танная гародніна. Нават у час вайны шмат што ва Украіне застаецца танней, чым у іншых краінах. А ў Літве раптоўна знайшоўся самы танны свіны фарш, хоць курынае філе там самае дарагое.
Аналітыка
За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Шукаем двухпакаёўку не ў цэнтры
2022.06.15 11:02

Што яшчэ трэба не забываць:

  • Розныя краіны па-рознаму змагаюцца з інфляцыяй: магчыма, у кагосьці такі падыход, які зараз дасць нізкія цэны, а пазней – рэзкі скачок (або наадварот – зараз рэзкі рост, затое потым стабільнасць).
  • Таксама розныя краіны па-рознаму ўмешваюцца ў курс нацыянальнай валюты за замежных (а Літва амаль ніяк не можа паўплываць на курс еўра), і занадта моцная нацыянальная валюта можа шкодзіць экспарту ўласных тавараў і паслугаў.
  • Сярэднія заробкі ў прааналізаваных краінах вельмі розныя. Афіцыйныя такія (да вынятку падаткаў і збораў): Беларусь – 559,67 долара (красавік-2022), Польшча – 1503,66 долара (красавік-2022), Украіна – 509,68 долара (стдзень-2022, навейшых звестак няма), Літва – 1904,62 долара (І квартал 2022 года), Грузія – 464,57 долара (І квартал 2022 года). Рэальныя заробкі могуць істотна адрознівацца ад афіцыйнай статыстыкі некаторых краінаў.
  • «Кошт пражывання» ў краіне таксама вызначаецца падаткамі і зборамі, цэнамі на жытло і камунальныя паслугі, на транспарт і тэлекамунікацыі, на медычныя паслугі і адукацыю… Напрыклад, у Польшчы можна атрымаць утрая вышэйшы заробак, чым у Беларусі, зэканоміць на ежы, але моцна прайграць на здыманні кватэры. А можа так пашанцаваць з жытлом і працай у Літве, што цэны на прадукты не будуць здавацца такімі ўжо высокімі.
Парады
Грузія, Турцыя, Літва ці Польшча? Дзе беларусам лячыцца за мяжою: краіны і кошты
2022.06.04 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў