Жонка затрыманага кіраўніка хору «Унія»: Я нават не магу ўявіць, за што затрымалі Паўла


Кацярына Герасімчук амаль содні не магла знайсці затрыманага мужа. У РУУС ёй казалі, што Паўла Гонца ў іх няма. Цэлы дзень жанчына дзяжурыла ля Акрэсціна, каб перадаць хаця б адзенне, бо Паўла затрымалі падчас рэпетыцыі ў гарнітуры для выступаў.

У пастарунку музыка правёў ноч, яго даставілі ў ІЧУ толькі 17 чэрвеня пасля абеду. Імаверна, суд адбудзецца 18 чэрвеня, пакуль адвакату нават не паведамілі, у чым вінавацяць Паўла.

«Я нават не магу ўявіць, за што яго затрымалі. У іх не можа быць нават нейкіх ускосных падставаў для гэтага. Мяркую, сёння мы пра гэта і не даведаемся, бо вось толькі цяпер яго і цэлы аўтобус затрыманых прывезлі з нейкага РУУС на Акрэсціна», – паведаміла Кацярына.

Паводле жонкі музыкі, спачатку нават было не зразумела, што Паўла затрымалі. Ішла звычайная рэпетыцыя ў філармоніі, калі на сцэне з’явіліся невядомыя людзі:

«У нас святло было прыглушанае, а яны па задніку ходзяць. Потым кіраўнік нашай аховы яго паклікаў, і яны некуды сышлі. Тады ў мяне нейкае адчуванне было: дзіўныя людзі. А потым у перапынку я запытала ахоўніка, хто гэта быў. Ён адказаў, што тыя людзі паказалі пасведчанні супрацоўнікаў МУС, але больш ён нічога не ведаў. Таму і мы не ведалі, куды Паўла адвезлі».

Нават у спісе затрыманых ад валанцёраў не было пазначанае месцазнаходжанне Гонцы.

«Я вось толькі цяпер яго пабачыла ў тым аўтобусе. Цяпер стаю і чакаю, калі іх там аформяць, каб можна было нешта перадаць», – падзялілася Кацярына. Паводле яе, у РУУС не дазволілі нічога перадаць. Як пазней аказалася, у ІЧУ таксама перадачу не прынялі: «Сказалі, што новапрыбылыя маюць содневы каранцін».

«Усё можна перажыць. Людзі і вайну перажывалі, і бомбы. Але такое бессэнсоўнае прыніжэнне – не разумею», – разважае Кацярына.

Жанчына адзначыла, што такія ўмовы Павел, у адрозненне ад яе, перажывае спакойна: «Я больш турбуюся, як там што. А ён стрыманы».

Гэта не першае затрыманне Паўла Гонцы. Яго судзілі ў лістападзе за ўдзел у масавых акцыях і пакаралі штрафам 30 базавых велічыняў (840 рублёў).

«Ён прабыў 4 содняў на Акрэсціна, а потым яго выпусцілі, але выпісалі штраф, бо ён захварэў на ковід. І я хварэла, таму наш адвакат апеляваў нашымі бальнічнымі і станам здароўя. Тады ўсё абышлося, а як будзе цяпер, нават не магу ўявіць, хаця мае думкі не каляровыя», – прызналася Кацярына.

Пасля таго здарэння сям’я не мела на думцы з’ехаць з краіны.

«Мы наагул хацелі б жыць тут, займацца творчасцю і працаваць. Павел жа захацеў быць кіраўніком мужчынскага хору «Унія», які заснаваў ягоны настаўнік Кірыл Насаеў. Бегчы мы не хацелі і цяпер не хочам. Тут жыццё маё і Пашава таксама. Нават калі нам прапаноўвалі пакінуць краіну, мы адмовіліся, бо ён ніякіх злачынстваў не рабіў. Ён шчыры звычайны чалавек. Можа, гэта камусьці і не падабаецца, але ён ніколі не парушае закону – са сваіх унутраных перакананняў і прынцыпаў», – падкрэсліла жонка Паўла.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў