Ужо паўтысячы ў спісе палітвязняў. Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ пяць чалавек


На дзень 18 чэрвеня ў спісе палітычных вязняў – 501 асоба. Аднак спіс абнаўляецца ці не штодзень: праваабаронцы працягваюць разглядаць крымінальныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень», а тысячы асуджаных на арышт паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў у спіс нават не ўносяць, хоць іхны пераслед таксама лічаць незаконным.

Аляксандр Аграйцовіч.
Фота: асабісты архіў героя

18 чэрвеня праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў чарговую заяву супольнасці праваабаронцаў аб прызнанні палітычнымі вязнямі яшчэ пяцёх чалавек. У спіс увайшлі:

  • Герман Быхаў – пад вартай у СІЗА паводле абвінавачвання ў распальванні варажнечы ў дачыненні іншай сацыяльнай групы – супрацоўнікаў МУС (арт. 130 КК РБ);
  • Сяргей Бобашаў – асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ);
  • Аляксандр Аграйцовіч – асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за паклёп (арт. 188 КК РБ);
  • Дзмітрый Бабок – асуджаны на адзін год пазбаўлення волі за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК РБ);
  • Юрый Бірук – асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі за абразу прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).

Праваабаронцы лічаць іхны пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, заклікаюць неадкладна вызваліць іх ды іншых палітычных вязняў, спыніць палітычныя рэпрэсіі, а таксама зрабіць захады ў дэкрыміналізацыі гэтак званых дыфамацыйных парушэнняў – абразы дзяржавы, дзяржаўнай сімволікі, службовых асобаў (артыкулы 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 КК РБ).

АА belsat.eu

Стужка навінаў