Тысячы людзей, сем гадзінаў і тры кіламетры. Год таму беларусы здзівілі ўсіх пікетам салідарнасці


18 чэрвеня ў Беларусі адзначаецца не толькі сумная гадавіна затрымання экс-старшыні Белгазпрамбанку і прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, але і гадавіна першай вялікай акцыі салідарнасці падчас леташніх выбараў беларусаў, нязгодных з палітыкай Лукашэнкі.

Падобныя акцыі беларуская апазіцыя ладзіла не ўпершыню. Аналагічныя ланцугі ўжо ставіліся падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 і 2015 гадоў, антыінтэграцыйных пратэстаў 2019-га. Але такі размах ланцуг салідарнасці ў Беларусі набыў толькі падчас збору подпісаў на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Ніхто не чакаў такой масавасці

18 чэрвеня быў перадапошнім днём збору подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Раніцай стала вядома пра затрыманне лідара гонкі Віктара Бабарыкі. І на гэтым тле прэтэндэнты ад «старой» апазіцыі з Правацэнтрысцкай кааліцыі – сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч – заклікалі грамадзянаў прыходзіць на пікет да Белдзяржфілармоніі ў цэнтры Менску і выказаць салідарнасць з затрыманымі палітыкамі.

Фота + Відэа
Сем гадзінаў у ланцугу. У Менску прайшоў пікет салідарнасці з арыштаванымі палітыкамі
2020.06.18 18:51

Як распавяла ў каментары belsat.eu Вольга Кавалькова, гэты пікет быў калектыўным рашэннем лідараў Правацэнтрысцкай кааліцыі. Яго планавалася арганізаваць яшчэ раней, але з розных прычынаў гэта не атрымлівалася.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

«А ў гэты дзень таксама затрымалі Віктара Бабарыку. І было вырашана, па-першае, даць людзям легальную магчымасць сабрацца, а па-другое, выказаць салідарнасць з усімі затрыманымі лідарамі: Віктарам Бабарыкам, Паўлам Севярынцам, Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, якія ўжо на той момант былі ў турме», – распавяла палітык.

Паводле яе, арганізатары не чакалі вялікай масавасці. І самыя былі здзіўленыя той колькасці людзей, якія адклікнуліся на іх заклік.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

«Калі выставілі пікет і пачалі збіраць подпісы, прыйшло чалавек 200. І гэта ўжо таксама было натхняльна. Калі ж пайшоў дождж і людзі не сыходзілі з месца, для мяне асабіста гэта стала адным з дзён мінулага года, калі я зразумела, што падзеі ў Беларусі будуць па-іншаму развівацца. Што людзям сталі патрэбныя змены, што яны заступаюцца за лідараў, адзін за аднаго», – распавяла сустаршыня БХД.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

«Людзям канца і краю няма»

Акцыя пачалася а 18:00 ля Белдзяржфілармоніі, што на плошчы Якуба Коласа. Пабачыўшы, што людзі збіраюцца, да пікету пачалі далучацца новыя ўдзельнікі і цягам некалькі гадзін жывы ланцуг перакрочыў тры кіламетры, выйшаўшы нават за межы плошчы Незалежнасці.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

«Пікет быў абмежаваны ў часе. Мы яго планавалі недзе да дзевяці вечара. Я вырашылі прайсці па праспекце з мегафонам, каб сказаць, што пікет сканчаецца. І калі дайшла да плошчы Перамогі, то зразумела, што людзям канца і краю няма. Нягледзячы на тое, што пікет быў скончаны, людзі не баяліся і стаялі надалей. Я ішла па праспекце Незалежнасці з мегафонам і гэта было вельмі натхняльна. Думаю, што пікет згуляў вельмі вялікую ролю і ў адчуваннях людзей. І пасля гэта толькі ўзмацнялася», – распавяла Вольга Кавалькова.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Агулам людзі стаялі ўздоўж праспекту Незалежнасці каля сямі гадзінаў. У ім узялі ўдзел тысячы чалавек.

«Вырашылі збіваць пратэставы настрой»

На наступны дзень арганізатары паспрабавалі паўтарыць ланцуг, але а 19:00, адначасова з закрыццём ЦВК, пачаліся затрыманні. Але і тут беларусы, паводле Вольгі Кавалькова, праявілі сябе па-новаму:

«Быў цікавы момант, калі прыехаў аўтазак і пачалі затрымліваць. Людзі разышліся, а як толькі ён з’ехаў, яны зноў пачалі станавіцца ў ланцуг салідарнасці. Гэта паказала, што людзі гатовыя, нягледзячы на затрыманні, выказваць салідарнасць і падтрыманне. І тое, што яны гатовыя змагацца».

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Нягледзячы на затрыманні, акцыя зноў расцягнулася на гадзіны. Людзей затрымлівалі ў розных месцах Менску і ў розных гарадах Беларусі. Лік затрыманых перавысіў сотню. У Маладзечне пратэстоўцы нават спрабавалі адбіць затрыманых у сілавікоў.

Hавiны
Пікеты салідарнасці ў Беларусі: глушылі сувязь, затрымлівалі журналістаў, разганяў АМАП
2020.06.19 19:00

Прычыны таго, што 18 чэрвеня не было затрыманняў, Вольга Кавалькова бачыць у тым, што ўлады яшчэ хацелі рабіць выгляд, што ўсё адбываецца ў межах заканадаўства:

«Мы нічога не парушалі. Калі б яны маглі знайсці нейкі хітрык, магчыма, яны б ім скарысталіся. Але, відаць, яны таксама хацелі паглядзець, што будзе. Яны ж таксама не ведалі, не чакалі такой падтрымкі. І ўжо 19-га яны падумалі, што не – не трэба даваць ім разгуляцца, а то яны ўжо праз увесь Менск стануць і будуць стаяць. Таму і вырашылі збіваць пратэставы настрой».

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

«Адзін з самых крутых дзён мінулага года»

Пасля 19 чэрвеня ў выбарах наступіў перыяд цішыні. Наступныя масавыя пратэсты аднавіліся 14 ліпеня, калі было адмоўлена ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу.

Для Вольгі Кавальковай ейная прэзідэнцкая кампанія скончылася 30 чэрвеня, калі ЦВК адмовіўся рэгістраваць яе кандыдатам у прэзідэнты. Пасля рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, сустаршыня БХД стала ейнай даверанай асобай. Пасля выбараў яна ўвайшла ў Прэзідыум Каардынацыйнай рады, прыходзіла падтрымліваць страйкоўцаў на заводах. 24 жніўня яе затрымалі ля прахадной МТЗ. 4 верасня палітыка з Акрэсціна сілавікі вывезлі з Беларусі ў Польшчу, адкуль яна дагэтуль працягвае сваю палітычную дзейнасць.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Той жа дзень 18 чэрвеня 2020 года Вольга Кавалькова дагэтуль лічыць адным «з самых крутых дзён мінулага года ў сэнсе натхнення і салідарнасці беларусаў».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў